Знайсці
03.06.2022 / 09:30РусŁacБел

Гісторыя сямейнай кнігі, якую падчас вайны гамяльчанка закапала ў гародзе

Кніга Жуля Верна «Дзеці капітана Гранта» 1906 года выдання перажыла рэвалюцыю, сталінскія рэпрэсіі і ІІ Сусветную вайну. Цяпер кніга, як і больш чым стагоддзе таму, працягвае «жыць» у гомельскай сям’і, паведамляе «Штодзень».

«Не ведаю, чаму мая бабуля, якая на момант вайны была падлеткам, закапала яе на гародзе. Відаць, штосьці было дарагое ёй. Ды і людзі, якія перажылі вайну, не хваліліся, што «можам паўтарыць». З іх кляшчамі немагчыма было слова выцягнуць. Не хацелі гаварыць на гэтую тэму», — згадвае гамяльчанка Наталля. Бабулі Наталлі, Любові Розавай, было 15 гадоў, калі пачалася вайна.

«Падчас вайны асабістыя рэчы закапвалі проста ў гародзе. Золата, брыльянтаў не было. Вось закапвалі фотаздымкі, швейную машынку. І чамусьці кнігу Жуля Верна». Прабабуля Наталлі — 1905 года нараджэння, бабуля — 1924 года. Кніга Жуля Верна «Дзеці капітана Гранта» 1906 года выдання выйшла ў Санкт-Пецярбургу як бясплатны дадатак да часопіса «Прырода і людзі».

Любоў Розава ў юнацтве. Фота: архіў гераіні матэрыялу

Часопіс «Прырода і людзі» — ілюстраванае выданне, якое выдавалася ў Расійскай імперыі з 1889 па 1918 год выдавецтвам Пятра Сойкіна. Часопіс быў вельмі папулярным сярод розных слаёў насельніцтва. У ім друкаваліся навіны пра адкрыцці, раней невядомыя віды жывёл, інжынерныя навінкі, а таксама нарысы па хіміі, фізіцы, батаніцы, навукова-фантастычныя раманы і гістарычныя аповесці. То бок штосьці накшталт сучасных часопісаў «Geo» і «Arche» ў адным. Дарэчы, апошнім рэдактарам часопіса «Прырода і людзі» быў выхадзец з земляў былога ВКЛ Якаў Перэльман (нарадзіўся ў Беластоку ў 1882 годзе).

Дарэвалюцыйнае выданне вядомага рамана Жуля Верна, пра якое ідзе гаворка ў матэрыяле

«Месца, дзе закапвалі рэчы падчас вайны, запаміналі па розных прыкметах: дрэвах, дамах. Але ж дамоў не засталося практычна ў Гомелі пасля вайны, толькі адзін дом Камуны выстаяў, а астатнія разбамбілі». Наталля згадвае, што яе бабуля, якая закапала кнігу «Дзеці капітана Гранта», ледзь не загінула падчас вайны. «Яна была вельмі падобная на яўрэйку. І патрапіла ў гомельскае гета. Прабабулі трэба было прывесці двух ці трох сведак, якія б засведчылі, што яна не яўрэйка. Аднак ніхто не хацеў ісці. Прабабуля знайшла абсалютна чужых людзей, якіх абсалютна не ведала. Яны падышлі і пацвердзілі, што бабуля не яўрэйка. І потым бабуля ўсё вайну хавалася», — распавядае гераіня матэрыялу.

Прабабуля гераіні матэрыялу Ганна Падабедава

Кніга Жуля Верна «Дзеці капітана Гранта» перажыла вайну, закапаная ў зямлі. Некаторыя яе старонкі папсаваліся. «Я не ведаю, куды паклалі тую кнігу і фотаздымкі перад тым, як закапаць. Неяк у дзяцінстве на падумала спытаць такія дэталі, — гаворыць гамяльчанка Наталля. — Мой прадзед, наколькі я ведаю, быў рэпрэсаваны. Аднак гэтая тэма была заўжды закрытая ў сям’і. Падаецца, спачатку яны жылі ў Маскве. А пасля таго, як прадзеда рэпрэсавалі, прыехалі ў Гомель».

Наўрад ці мы ўжо даведаемся, чаму сям’я, перажыўшы рэпрэсіі і пасля пераязджаючы ў Гомель, вырашыла ўзяць кнігу Жуля Верна з сабой. Гэтак жа ўжо не даведаемся, чаму Любоў Розава ў 15 год перад небяспекай змяшчэння ў гета закапала менавіта гэтую кнігу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера