Знайсці
03.06.2022 / 17:13

У офісе Ціханоўскай новая прадстаўніца па прававых пытаннях. Што пра яе вядома?

З гэтага тыдня ў офісе Ціханоўскай новая прадстаўніца па прававых пытаннях. Ёй стала адвакатка Святлана Бабінцава. Даведаліся больш пра яе і тыя задачы, якімі яна будзе займацца. У размове з «Нашай Нівай» Святлана закранула таксама пытанне аўдыту офіса.

Фота: асабісты архіў

Юрыст-гаспадарнік, мела сваю кампанію, з 2020-га працавала па палітычных справах

Святлана мае вышэйшую эканамічную і юрыдычную адукацыю. Пачынала як юрыст-гаспадарнік у 2000 годзе, трымала сваю кампанію, якая аказвала юрыдычныя паслугі. Была таксама ў грамадскім аб’яднанні юрыстаў-гаспадарнікаў.

«Мы ў 2008 годзе выказвалі сваё меркаванне наконт новага закона аб адвакатуры. Ён абмяркоўваўся некалькі год. Плюсы былі ў тым законе, бо з’явіліся адвакацкія бюро, магчымасць адвакатам працаваць індывідуальна ў адвакацкім кабінеце, але ў той жа час з 2013 года прадстаўляць інтарэсы кліентаў у судах маглі толькі адвакаты, а не юрысты-ліцэнзіяты, як гэта адбывалася раней», — расказвае Святлана.

Тады яна і перайшла ў адвакаты ў спрошчаным парадку.

Пасля выбараў 2020-га Святлана абараняла людзей у тым ліку па палітычных справах. Адным з яе падабаронных быў блогер Уладзімір Цыгановіч, які праходзіў па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і Ігарам Лосікам. Цыгановічу далі 15 год калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Святлана пакуль мае ліцэнзію, але выйшла з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў па ўласнай ініцыятыве, у сувязі з асабістымі абставінамі, звязанымі з неабходнасцю лячэння.

Да офіса далучылася ў тым ліку праз крытыку яго дзеянняў

Каб далучыцца да офіса Ціханоўскай у яе было некалькі прычын.

«Ведаеце, я ніколі не адчувала ілюзій і разумела, што тое, што пачало адбывацца ў 2020 годзе, узнікла не на пустым месцы. Заўсёды была катэгорыя спраў, па якіх працэнт паспяховых вынікаў у адвакатаў вельмі невысокі. Гэта, як правіла, справы з удзелам дзяржаўных прадпрыемстваў, падатковых органаў, Упраўлення справамі прэзідэнта.

Хаця ў мяне нават у гэтай катэгорыі былі прыклады, якія можна лічыць паспяховымі. Напрыклад, міравое пагадненне з канцэрнам «Белнафтахім». «Белнафтахім» — гэта ўзровень міністэрства. У юрыстаў канцэрна ніколі не было даверанасці, у якой ім бы дазвалялі заключаць міравое пагадненне, але пад канкрэтны суд, дзе я прадстаўляла інтарэсы кліента ў працоўнай спрэчцы, яго выдалі», — згадвае Святлана Бабінцава.

«Я доўга заставалася ў гэтай прафесіі, бо ў любым выпадку гэта была інтэлектуальная дуэль. Калі ў цябе няпростыя справы, ты прыкладаеш максімум высілкаў, і так развіваешся. Так, часам гэта была інтэлектуальная дуэль не з праціўнікам, а з судом, але пакуль такая сітуацыя захоўвалася, мне было працаваць нават цікава, — дзеліцца развагамі суразмоўца. —

Але апошнія два гады можна апісаць карцінкай, калі ты сядаеш гуляць у шахматы, а праціўнік пачынае біць цябе дошкай. Таму ў такой абстаноўцы дастаткова хутка выгараеш. Бо аддаеш сябе справе, рыхтуеш доказы, у цябе хадайніцтва складзенае па ўсіх законах жанру, на трох старонках, а табе адмаўляюць яго задаволіць з адным аргументам «яно неабгрунтаванае».

Другой прычынай далучыцца стала тая крытыка офіса Ціханоўскай, якую адвакат чула — пра тое, што дзеянні, якія грамадзянская супольнасць чакала ад свайго лідара, не былі зробленыя. 

«У мяне крыху падыход іншы — я заўсёды кліентам казала: нічога не змяняецца, калі нічога не змяняць. І калі ёсць нейкія пытанні і жаданне перамен, то трэба не іншым прад’яўляць прэтэнзіі, а спытаць сябе: а я што зрабіў? Калі ты лічыш, што ты можаш і ўмееш нешта змяняць у сваёй прафесіі, хочаш, каб суды сталі незалежнымі, адвакаты маглі ганарыцца сваёй прафесіяй, а не быць дарагімі паштальёнамі, ты павінен найперш зрабіць штосьці сам.

У любога могуць быць памылкі — крытыка дазваляе паглядзець на сябе збоку. Але мая пазіцыя: калі ты чагосьці хочаш дамагчыся, не абвінавачваць, што за цябе гэта не зрабілі іншыя», — разважае Святлана.

Чым у першую чаргу будзе займацца новая прадстаўніца па прававых пытаннях?

Адна з задач — гэта юрыдычная падтрымка ініцыятыў, а таксама беларусаў, якія ў сувязі з падзеямі апошніх двух гадоў былі вымушаныя пакінуць радзіму. 

«У сувязі з вайной ва Украіне беларусы за мяжой цяпер сутыкаюцца з праблемамі ў атрыманні віз, відаў на жыхарства, дазволу на працу, з адкрыццём рахункаў. Гэта тыя праблемы, у рашэнні якіх павінны прымаць удзел не толькі палітыкі на высокім узроўні, але і юрысты Офіса сумесна з юрыстамі краін, у якіх беларусы цяпер апынуліся. Трэба распрацоўваць канкрэтныя варыянты, як абараніць ад санкцый тых, хто ад рэжыму пацярпеў. Цяпер такая работа вядзецца ў Чэхіі, напрыклад», — кажа Бабінцава.

Акрамя таго ідзе праца над Актам рэабілітацыі — гэта дакумент аб аднаўленні правоў незаконна асуджаных па палітычных матывах. Ён будзе адным з дакументаў, для падрыхтоўкі і абмеркавання якіх плануецца стварыць экспертна-прававую раду.

«Гэта павінен быць не толькі дэкларатыўны дакумент (канцэпт яго ўжо існуе), павінны быць прапрацаваныя і падзаконныя акты, і тыя змены ў заканадаўства, якія трэба ўнесці, каб пасля таго, як акт набудзе моц, не трэба было дадаткова вынаходзіць механізм. Тут неабходныя спецыялісты з вельмі рознай кампетэнцыяй, — кажа Святлана. —

У такіх стратэгічна важных для грамадства дакументах не можа і не павінна быць улічанае меркаванне толькі юрыстаў Офіса, для гэтага і патрэбная рада — для таго, каб у дыскусіі прыйсці да таго варыянту, які будзе вырашаць пытанні ўсіх зацікаўленых грамадскіх груп».

Сярод задач Святланы — дапамагаць беларусам унутры краіны і адказваць на пытанні, які яны задаюць праз чат-бот. Цяпер часцей туды прыходзяць такія прававыя пытанні, як выдача і прадаўжэнне віз за мяжой і вайсковы абавязак — беларусы цікавяцца, якія могуць быць наступствы адмовы ад удзелу ў мабілізацыі.

«Аказваць дапамогу беларусам унутры краіны можна, але казаць пра гэтыя спосабы публічна — гэта ставіць у рызыкоўнае становішча тых, хто яе атрымлівае, — адзначае прадстаўніца офіса. — Мы шмат каму стараемся дапамагаць, і я гаворку вяду не столькі пра грошы».

«Аўдыт патрэбны, але, калі офіс сам яго аплаціць, хіба гэта зніме ўсе пытанні?»

У размове Святлана закранула таксама прэтэнзіі наконт грошай, якія гучаць у адрас Офіса.

«Мне і самой да майго прыходу было незразумела, дзе грошы і чаму не праводзіцца аўдыт. Цяпер я ведаю, як на самай справе ўсё ўладкавана. Ну, па-першае, Офіс як некамерцыйная арганізацыя падае ўсю неабходную справаздачнасць ва ўпаўнаважаныя органы Літвы, 

— дзеліцца адвакат. — Другое — тая фінансавая дапамога, якая даецца еўрапейскімі арганізацыямі, накіроўваецца наўпрост у ініцыятывы, якія падтрымліваюць незалежныя СМІ, адукацыю студэнтаў, сем'і палітвязняў. І задача Офіса і мая, як я яе бачу, — не толькі ў тым, каб прыцягваць такую дапамогу, але і тлумачыць, як і дзе яе могуць атрымаць канкрэтныя людзі і ініцыятывы. 

Фота: штаб Ціханоўскай

Што ж тычыцца фінансавага аўдыту, я разумею, што ўсіх цікавяць не столькі справаздачы па выкананні падатковага заканадаўства, колькі тое, наколькі мэтава выкарыстоўваюцца атрыманыя сродкі. У маёй практыцы была не толькі праца з бізнэсам, але і з міжнароднымі арганізацыямі, якія аказваюць фінансавую дапамогу прадпрыемствам у галіне ўзнаўляльнай энергетыкі. І я выдатна разумею, як рыхтуюцца праграмы такога аўдыту.

Але ж асноўная мэта — правесці незалежны аўдыт? Калі офіс сам распрацуе праграму аўдыту і аплаціць такі аўдыт, хіба гэта здыме ўсе пытанні? Так што, як юрыст і як чалавек, які лічыць што дзейнасць офіса павінна быць празрыстай, я мяркую што такі аўдыт патрэбны. Таму мы запрашаем да працы па гэтым пытанні тых, хто гатовы стаць прадстаўніком беларускага грамадства і ад імя грамадства стаць заказчыкам такой праверкі».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31