Знайсці
06.06.2022 / 16:31РусŁacБел

У красавіку ВУП Беларусі ўпаў на 6%. Эканаміст спрагназавала, калі эфект санкцый стане максімальным

Прагнозы аб тым, што Расію, а следам і Беларусь, неўзабаве чакае тэхнічны дэфолт, сталі з'яўляцца яшчэ на пачатку сакавіка. Не раз прагназавалі абвал курсу валюты, аднак гэтага так і не адбылося. Чаму так і ці значыць гэта, што санкцыі не маюць рэальнага эфекту? 

Тэхнічны дэфолт не адбыўся, дзякуючы ЗША і мільярдам экспартнай выручкі за газ і нафту

На думку эканамічнага дырэктара BEROC Кацярыны Барнуковай, тэхнічны дэфолт у РФ не адбыўся ў першую чаргу па прычыне таго, што ЗША вырашылі да яго не даводзіць.

«Яны дазволілі правесці апошнюю выплату ў далярах з заблакаваных рахункаў, не спыніўшы дзеянне ліцэнзіі, якая дазваляе выкарыстоўваць заблакаваныя рэзервы для выплат дзяржаўнай запазычанасці. У гэтым і заключаецца асноўная прычына», — лічыць Барнукова.

У той жа час эканамістка звяртае ўвагу на іншы важны фактар, які дапамагае Расіі пазбягаць дэфолту.

«Там дагэтуль застаюцца непадсанкцыйнымі асноўныя экспартныя пазіцыі ў выглядзе нафты і газу.

РФ працягвае атрымліваць мільярды экспартнай выручкі, таму пра нейкі дэфолт, які не быў бы тэхнічным (як у выпадку з блакаваннем рахункаў), казаць пакуль што дакладна не даводзіцца.

Тым не менш гэта зусім не азначае, што з эканомікай РФ усё будзе добра. Вялікі ўплыў на яе аказваюць санкцыі і сыход замежных кампаній.

Эфект санкцый найбольш ярка заўважны ў аўтамабільнай прамысловасці, якая па выніках красавіка ўпала амаль на 80%.

У сучасным свеце любая сур'ёзная прамысловасць завязаная на імпартных камплектуючых, якія не заўсёды магчыма чымсьці замяніць. Акрамя таго, разам з замежнымі кампаніямі сыходзяць і тэхналогіі, і тады ўзнікае наступная праблема, калі мы не можам нічога самі вырабіць, нават калі б у нас былі для гэтага ўсе неабходныя дэталі», — адзначае экспертка.

«Хутка і добра замяшчаць імпартныя тавары і тэхналогіі атрымліваецца толькі па тэлевізары»

Дакладна ацаніць эфект ад многіх санкцый вельмі складана.

«Трэба разумець, што ў высокатэхналагічнай вытворчасці можа быць сітуацыя, калі тавар, які перасталі пастаўляць праз санкцыі, можа складаць усяго некалькі працэнтаў ад кошту прадукту. Але гэта не значыць, што галіна страціць толькі гэтыя пару працэнтаў. Бо можа здарыцца так, што з-за гэтага элемента спыніцца практычна ўся вытворчасць, як мы бачым па аўтамабілебудаванні, — кажа Кацярына. —

Камплектуючыя да аўтамабіляў — гэта не саломка для соку або ўпакоўка для малака. Паколькі сок, як мы бачым, могуць прадаваць без трубачкі, а малако разліваць у тару ад ёгурта або ў тару без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. Праз нейкі час можна наладзіць вытворчасць такіх рэчаў альбо знайсці ім замену. З высокатэхналагічнай вытворчасцю так не атрымаецца. Таму ўсе гэтыя наступствы страшныя для эканомікі, бо хутка і добра замяшчаць імпартныя тавары і тэхналогіі атрымліваецца толькі па тэлевізары».

Самы цяжкі перыяд яшчэ наперадзе

Кажучы пра эфект санкцый, Кацярына Барнукова звяртае ўвагу на тое, што большасць з іх не пачынаюць аказваць уплыў імгненна. Па гэтай прычыне атрымліваецца, што нейкі час эканоміка можа працаваць па інерцыі, а вытворчасць трымаецца на наяўных складскіх запасах.

«Гэта пацвярджаюць і словы афіцыйных асоб. Тая ж Эльвіра Набіуліна (кіраўніца Цэнтрабанка РФ) казала, што пакуль усё больш-менш добра, але бліжэй да верасня Расію накрые па поўнай праграме і пачнецца тое, што яна назвала «структурнай трансфармацыяй». Падобныя заявы пацвярджаюць той факт, што самы цяжкі перыяд яшчэ наперадзе. Расія трымаецца на нейкіх запасах, таму правал па ВУП пачаўся толькі ў красавіку, а не ў сакавіку, але далей будзе толькі горш», — прагназуе эканамістка.

У той жа час у Беларусі ўсе гэтыя працэсы развіваюцца больш імкліва, чым у РФ, паколькі асноўныя пазіцыі беларускага экспарту, у адрозненне ад расійскага, трапілі пад санкцыі, якія павольна, але ўжо пачынаюць дзейнічаць. Як вынік,

Беларусь атрымала мінус 6% ВУП у красавіку.

«Людзі прывыклі асацыяваць курс валюты са стабільнасцю»

Не варта ўводзіць сябе ў зман тым, што калі курс нацыянальнай валюты стабілізаваўся, то ў эканоміцы краіны ўсё добра. Стабільнасць курсу Барнукова тлумачыць у першую чаргу тым, што ў Расіі моцна ўпаў імпарт, а экспарт — не.

«Курс фармуецца патокамі валюты ў краіну і з краіны. Асноўныя патокі — гэта гандлёвыя. Экспарт РФ амаль не ўпаў, а імпарт скараціўся на 80—90%. І для эканомікі гэта проста катастрофа. Частка імпарту — гэта не проста спажывецкія тавары, але і прамежкавыя тавары, якія потым выкарыстоўваюць у вытворчасці. І калі іх перастаюць увозіць, то вытворчасці рана ці позна спыняцца. Але ў такой сітуацыі рубель будзе ўмацоўвацца, бо няма імпарту, на які траціцца валюта.

Дзякуючы гэтаму, ствараецца лжывае ўражанне дабрабыту, паколькі людзі прывыклі асацыяваць курс валюты са стабільнасцю эканомікі».

Гаворачы пра курс беларускага рубля, Кацярына адзначае, што ён пайшоў прычэпам з расійскім, бо ў Беларусі сітуацыя з імпартам і экспартам сур'ёзна адрознівацца ад расійскай.

«У нас няма такога сур'ёзнага падзення імпарту, але ёсць падзенне экспарту, якое яшчэ пагоршыцца пасля таго, як пачне дзейнічаць шосты пакет санкцый. У выніку экспарт скароціцца яшчэ больш сур'ёзна, пасля чаго беларускі рубель будзе вымушаны адвязацца ад расійскага, прынамсі, калі ў нас таксама не пойдзе скарачэнне імпарту. Але пакуль мы бачым, што ў нас у асноўным падае імпарт з Расіі — звязана гэта з тым, што нам проста не трэба столькі нафты для перапрацоўкі, бо няма рынкаў збыту.

Гледзячы на бягучы расклад спраў, можна казаць пра тое, што ўсе негатыўныя наступствы Беларусь пачне адчуваць на сабе недзе з сярэдзіны лета, а Расія — з восені. У выпадку, калі ў дачыненні да РФ будуць прынятыя пастановы аб эмбарга нафты, то гэта ўсё роўна працэс паступовы, і пік наступстваў будзе дасягнуты дзесьці напрыканцы года».

Страта Украіны — вельмі балючая для нашай эканомікі

Акцэнтуючы ўвагу на адрозненнях сітуацыі ў Беларусі і Расіі, экспертка адзначае, што на эканоміку нашай краіны ўплываюць адразу тры фактары. Апроч санкцый, гэта страта ўкраінскага рынку, які складаў 14% беларускага экспарту ў 2021 годзе, а таксама звужэнне расійскага рынку, які сам моцна церпіць ад санкцый.

«Можна казаць пра тое, што па выніку беларуская эканоміка можа страціць нават больш, чым расійская, паколькі наша краіна была цесна звязаная з Украінай, якая была нашым эканамічным партнёрам нумар два. У выніку мы атрымліваем, што наш другі па аб'ёме партнёр цалкам страчаны, а першы збяднеў. Гэта тыя негатыўныя фактары, з якімі не сутыкнецца Расія, паколькі Украіна не была для яе такім значным рынкам».

Адзінай надзеяй для нашай эканомікі Кацярына называе глабальныя змены па пытаннях санкцый. Але пакуль такі сцэнарый уяўляецца малаімаверным — праз пазіцыю Украіны і Захаду.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Тайвань забараніў пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі ў Расію і Беларусь

Загружанасць «Нафтана» складае 64%, ёсць праблемы з лагістыкай

Украінскі дылер МАЗ мяняе беларускія шасі на заходнія

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера