Знайсці
05.06.2022 / 13:18РусŁacБел

Жонка Бураўкіна: Генадзь бы цяпер не маўчаў

Адна з гарачых тэм цяпер — віна або невінаватасць беларусаў перад украінцамі. Пра гэта актыўна выказваюцца ўкраінцы, пра гэта гавораць самі беларусы. А што б сказаў адзін з патрыярхаў беларускай літаратуры, паэт Генадзь Бураўкін, які пайшоў ад нас восем год таму, і сябрамі якога былі не толькі беларускія, але і расійскія і ўкраінскія пісьменнікі.

Больш за тое, яго жонкай стала ўкраінка. У Юліі Якаўлеўны «Беларусы і рынак» спыталі: а што б рабіў цяпер Бураўкін?

Пры канцы мая было ўжо восем год, як няма паэта і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Генадзь Мікалаевіч, добра вядомы адданасцю беларускай ідэі, шанаваў не толькі сваё, але і чужое. Так, у ліку яго сяброў былі ўкраінскія паэты Барыс Алейнік, Расціслаў Братунь, Іван Драч, Уладзімір Каламіец, Раман Лубкіўскі, Андрэй Малышка, Юрый Мушкецік, Дзмітро Паўлычка, Пятро Перабейніс.

Многія з гэтых знаёмстваў бяруць пачатак у далёкіх 60-х, калі маладыя паэты без рэгалій і званняў толькі пачыналі знаёміцца і перакладаць адзін аднаго. Да прыкладу, Барыс Алейнік — той самы, што потым стане Героем Украіны і лаўрэатам многіх дзяржаўных і замежных прэмій, пісаў у прадмове да першай украінскай кнігі Бураўкіна «Варта вірності»: «…найбліжэйшы майму сэрцу — Генадзь Бураўкін. І не толькі таму, што з ім раней — амаль ужо два дзясяткі гадоў назад — пазнаёміўся. Ён мне блізкі і спосабам светаўспрымання, і тэматычна, і стылістычна, і стыхіяй верша, і ўсёй арганікай неардынарнай адметнасці».

«Братові моєму…»

Яшчэ адно слаўнае імя — Раман Лубкіўскі, з якім Бураўкіна таксама звязвала даўняе сяброўства. Прыехаўшы аднойчы ў Брэст, Лубкіўскі тут жа паведаміў: «Дорогий Генадзь, перші слова, які ми почули в Бресті по телевізору, — це були слова, сказані твоею рідною мовою». А на адзін з юбілеяў Бураўкіна даслаў тэлеграму: «Счастлив, что твой день рождения совпадает с праздником чествования великого Каменяра, под солнцем которого мы живём и братаемся» (гаворка пра класіка ўкраінскай літаратуры Івана Франко, якога пасля напісання верша «Каменярі» пачалі называць гэтак сама).

І гэта не было чымсьці незвычайным — павага і любоў гэтага літаратурнага пакалення не толькі да свайго, але і да суседскага, пра што сведчаць шматлікія аўтографы на кнігах, у якіх дагэтуль гучаць рэхам шчырыя прызнанні.

«Вірність побратимства»

Нельга не ўспомніць і Дзмітра Паўлычку. Генадзь Бураўкін пісаў у артыкуле да 75-гадовага юбілею гэтага бадай што самага знакамітага сучаснага ўкраінскага паэта: «Я памятаю яго маладым — усмешлівага, з разумнымі, уважлівымі вачамі, надзвычай тэмпераментнага і абаяльнага, улюбёнца дзяўчат і душу сяброўскіх застолляў… Памятаю, як была ўражаная мая маці, калі я сказаў ёй, што верш яе любімай «народнай» песні «Два кольори», якую яна спявае заўсёды па-ўкраінску, напісаў мой добры сябра Дзмітро Паўлычка. «Сынок, ды што ты кажаш? — гукнула яна. — Гэта ж так праўдзіва ўсё і прыгожа! Як за ўсіх нас сказаў…»

Зрэшты, такое паважлівае стаўленне да славутага паэта было, вядома, не толькі ў Бураўкіна і ягонай маці — гэтак жа ўспрымалі яго і першыя асобы Украіны. Генадзь Мікалаевіч пераказаў мне аднойчы аповед Дзмітра Паўлычкі пра тое, як украінскі прэзідэнт Леанід Кучма ўзнагародзіў яго зоркай Героя.

Гэта было якраз на 75-гадовы юбілей. Прэзідэнт, запрасіўшы паэта ў рэзідэнцыю, паведаміў, што падпісаў указ аб прысваенні яму звання Героя Украіны. «Ты, маўляў, будзеш здзіўлены, але я не такі дурны, як вы ўсе ўяўляеце, — прыкладна так казаў кіраўнік Украіны. — Я ведаю, што ты ў апазіцыі. Але ты быў і будзеш, а Кучма быў прэзідэнтам, потым — не будзе. Быў Краўчук прэзідэнтам — быў Паўлычка. Быў Кучма — быў Паўлычка. Будзе нехта іншы пасля Кучмы — Паўлычка ўсё роўна будзе. Калі будзе прэзідэнт горшы за Кучму, тады той час, калі я быў прэзідэнтам, будуць згадваць па-добраму. Будзе лепшы — аплююць тыя часы, калі Кучма быў прэзідэнтам. Але хто-небудзь, можа, потым прыгадае, што быў такі ўказ аб узнагароджанні Паўлычкі, пад якім будзе стаяць прозвішча Кучмы. І тады скажуць: «А не такі ўжо дурны быў гэты Кучма!»

«Магутная зямля»

І нават у маі 2014 года, у сваю апошнюю вясну, Генадзь Мікалаевіч па-ранейшаму цікавіўся, чым жыве братняя краіна, бо якраз тады разгортваліся драматычныя крымскія падзеі. Нават паміраючы, ён усё адно думкамі быў там. І калі ў госці завіталі паэты Уладзімір Някляеў і Міхась Скобла, якія толькі што вярнуліся з Кіева, Бураўкін найперш пытаўся пра «нэньку Украіну» і пра далёкіх украінскіх сяброў. У адказ Скобла распавёў пра Шаўчэнкаўскае свята паэзіі:

— Столькі там было народу — здавалася, уся Украіна з’ехалася на 200-годдзе Шаўчэнкі. Мора сцягоў, і блакітна-жоўтых, і чорна-чырвоных. Украіна дыхае такою свабодаю! Ніхто яе не пераможа…

— Дай бог, дай бог… — паўтарыў Бураўкін.

А Някляеў з захапленнем гаварыў, якая вялікая і прыгожая ўкраінская зямля:

— Гэтыя бясконцыя стэпы з пагоркамі…

— Цвіце? — пытаўся Бураўкін.

— Буяе! Зеляніна такая…

— Сакавітая, — падказваў Бураўкін.

— Сакавітая. Прыгожа вельмі і моцна. Моцная зямля.

— Магутная-магутная, — ахвотна згаджаўся Генадзь Мікалаевіч.

«Украінскі зяць»

Аднак з чаго пачаліся бураўкінскія любоў і захапленне ўкраінскай паэзіяй? Можа, яно хаваецца ў тым ліку ў сардэчнай прыхільнасці да чаркаскай дзяўчыны Юліі Жадан, якая і стала жонкай паэта?

Паходжаннем яна з Украіны і ў дзяцінстве жыла ў бабулі Васілісы Аляксееўны ва Умані. У Беларусь сям’я пераехала пасля вайны. Тады Юлія Якаўлеўна ўпершыню і пачула беларускую мову.

А пазнаёміліся яны падчас вучобы ва ўніверсітэце. Бураўкін, адразу звярнуўшы ўвагу на прыгажуню з русаю касой, прысвячаў ёй вершы.

Яе прыгажосцю захапляліся не толькі беларускія паэты, але і ўкраінскія, якія жартам называлі яе «гуманісткай» (з-за Умані, дзе яна нарадзілася), а Бураўкіна — украінскім зяцем. Таму сведчаннем, напрыклад, аўтографы знакамітага паэта Івана Драча: «Дорогому Генадзю Буравкіну, славному білоруському поетові, українському зятю (з привітом Юлі!). З любов’ю. Іван Драч. 14.12.2005. Київ».

Праўда, яшчэ доўга потым, амаль палову жыцця, яна сніла родную Умань і бабулін дом. Калі ж гэтай зімой распачалася так званая расійская ваенная «спецаперацыя», яна штодня зранку да ночы глядзела ўкраінскія навіны. Глядзела і плакала. І зноў, як у дзяцінстве, стала размаўляць па-ўкраінску.

— Гэта шок і адчай, і боль за Украіну, і боль за Беларусь, — гаворыць Юлія Якаўлеўна кожнага разу, калі тэлефаную ёй, і на пытанне, што зрабіў бы ў гэтыя дні Бураўкін, адказвае: »Адно ведаю дакладна: Генадзь не стаў бы маўчаць. І таму, што любіў Украіну, і таму, што жывыя некаторыя з яго ўкраінскіх сяброў. Але найперш таму, што вайна — тая яшчэ, мінулая сусветная, пастаянна жыла ў яго памяці. Яна не толькі прайшла праз ягоную творчасць — яна была ў ягоным лёсе. Генадзь з уласнага досведу ведаў, які гэта жах і боль — вайна».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера