Знайсці
05.06.2022 / 22:58

Гэты ўкраінец забіў у свае вароты. І пакінуў Украіну без чэмпіянату свету

Увечары 5 чэрвеня футбольная зборная Украіны змагалася з Уэльсам за выхад на чэмпіянат свету. Гэта быў фінальны матч адбору — і Украіна яго прайграла. Адзіны і пераможны для валійцаў гол заляцеў у браму на 34 хвіліне матча ад галавы ўкраінскага капітана Андрэя Ярмоленкі. Расказваем пра гульца, які выпадкова стаў на шляху сваёй зборнай на чэмпіянат свету.

Андрэй Ярмоленка падчас матча з Уэльсам 5 чэрвеня 2022 года. Фота: АР

«Хлопчык са 130-га кіламетра»

Будучая легенда ўкраінскай зборнай, Ярмоленка нарадзіўся не ва Украіне, а ў Расіі. Яго бацькі, ураджэнцы сяла Смалянка ў Чарнігаўскай вобласці, з’ехалі працаваць у Ленінград, дзе і нарадзіўся Андрэй. Там ён правёў ранняе дзяцінства, пасля чаго сям’я вярнулася ў Чарнігаў, дзе Андрэй і рабіў пачатковыя крокі ў футболе.

Першым моладзевым клубам Ярмоленкі стала чарнігаўская каманда «Юнацтва», на дарослым жа ўзроўні ён распачынаў з іншага чарнігаўскага клуба — «Дзясны».

А потым было кіеўскае «Дынама» і дзіўная мянушка «хлопчык са 130-га кіламетра» — бо ад Чарнігава да Кіева прыкладна такая адлегласць. Ярмоленка не адразу здолеў выступаць у асноўным складзе «Дынама» і першыя два гады гуляў за другую каманду, але ў выніку затрымаўся ў клубе на 11 гадоў і замацаваў за сабой сваё месца на полі.

Гуляў у Германіі і Брытаніі

Летам 2017 года таленавіты ўкраінец падпісаў кантракт з дортмундскай «Барусіяй». Нягледзячы на траўмы, Ярмоленка ўдала паказаў сябе ў нямецкай Бундэслізе — па версіі буйнога нямецкага выдання Bild, украінскі футбаліст стаў лепшым навічком Бундэслігі.

Ужо праз сезон Ярмоленку выкупіў англійскі «Вест Хэм Юнайтэд». Там ва ўкраінца не ўсё атрымалася: нядаўна стала вядома, што клуб не будзе падаўжаць з гульцом кантракт, які сканчваецца ў канцы гэтага месяца. Усё бачна па статыстыцы — у апошнім сезоне Ярмоленка прысутнічаў на полі ў палове матчаў і забіў за ўвесь сезон толькі аднойчы.

Андрэй Ярмоленка пасля матча з Уэльсам 5 чэрвеня 2022 года. Фота: АР

Зусім іншая гісторыя — зборная Украіны, дзе Ярмоленка — капітан і сапраўдны лідар. У яго актыве 45 галоў за нацыянальную каманду, больш за ўсю яе гісторыю было толькі ў Андрэя Шаўчэнкі — 48. Ярмоленка таксама толькі чацвёрты гулец у гісторыі ўкраінскай нацыяналкі, які адыграў за яе больш за 100 матчаў (108), з камандай ён удзельнічаў у трох чэмпіянатах Еўропы (у 2012, 2016 і 2020 гадах).

Не застаўся абыякавым да вайны

Падзеі на Радзіме ніколі не былі для Ярмоленкі пустым словам. У першыя дні вайны Андрэй быў вымушаны ўзяць адпачынак у камандзе і заняцца сямейнымі справамі, бо яго жонка і дзеці апынуліся ў Кіеве пад бамбардзіроўкамі.

Калі футбаліст прыехаў у той час на трэніроўку, ён не мог нават размаўляць ад слёз. Трэнер адпусціў яго з указаннем зрабіць усё, каб родныя ўкраінца апынуліся ў бяспецы.

Адразу пасля пачатку вайны Ярмоленка звязаўся з мэрам роднага горада і спытаў пра патрэбы ваенных, у якіх спрабуе ім дапамагчы. Капітан зборнай таксама не аднойчы выстаўляў розныя прадметы на дабрачынныя аўкцыёны, грошы з якіх ідуць на карысць Украіне. Сярод такіх прадметаў, напрыклад, была футболка з подпісам Ярмоленкі, у якой ён выйшаў на гульню са зборнай Шатландыі 1 чэрвеня, і ўзнагарода лепшаму гульцу матча, якую атрымаў тады гулец «Вест Хэма».

Цікава, што гэта далёка не першы такі крок з боку Ярмоленкі. Яшчэ восенню 2014 года гулец выстаўляў на аўкцыён клубную футболку кіўескага «Дынама», каб дапамагчы сабраць грошы на ўкраінскую армію, якая тады змагалася на Данбасе ў АТА.

Звяртаўся да расійскіх футбалістаў

У пачатку сакавіка ўкраінец запісаў ролік, у якім звярнуўся да гульцоў расійскай зборнай па футболе. У відэа капітан украінскай каманды асудзіў маўчанне расійскіх калег: «У нас у краіне забіваюць людзей, нашых жонак, маці і дзяцей, але вы нічога не каментуеце. Скажыце, калі ласка, што вам будзе, калі вы ўсе аб'яднаецеся і проста пакажаце людзям, што на самой справе адбываецца ў нас у краіне?»

Ярмоленка прызнаваўся, што забіваць галы яго натхняюць украінцы: «Я бачу, як людзі змагаюцца. Я сказаў сабе: выходзь, колькі ёсць сіл. І змагайся, як змагаецца твой народ. Забей гол, каб паказаць усім, якія мы моцныя. Што б з намі ні здаралася, наш дух нічога не можа зламаць».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Андрэй Шаўчэнка: Сённяшні матч у Шатландыі — надзея Украіны

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31