ЗША могуць дазволіць дзвюм кампаніям пастаўляць венесуэльскую нафту ў Еўропу
Штаты могуць даць дазвол італьянскай Eni SpA і іспанскай Repsol SA на пастаўку нафты з Венесуэлы ў Еўропу, піша Reuters. Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў ліпені і дапаможа кампенсаваць расійскую нафту.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША даў дазвол на аднаўленне паставак нафты з Венесуэлы дзвюм кампаніям. Аб'ёмы, меркавана, будуць невялікія і практычна не паўплываюць на глабальныя цэны на нафту.
Энергетычныя кампаніі, у якіх ёсць сумесныя прадпрыемствы з венесуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніяй PDVSA, могуць залічыць пастаўкі сырой нафты ў кошт неаплачаных даўгоў і пратэрмінаваных дывідэндаў.
Ключавой умовай, са слоў аднаго з суразмоўцаў Reuters, было тое, што атрыманая нафта «павінна паступаць у Еўропу, яе нельга перапрадаць у іншым месцы».
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна спадзяецца, што венесуэльская нафта дапаможа Еўропе знізіць залежнасць ад Расіі і перанакіраваць частку венесуэльскіх грузаў з Кітая. Угаварыць Мадура аднавіць палітычныя перамовы з апазіцыяй Венесуэлы — яшчэ адна мэта.





