У расійскім палоне знаходзяцца больш за 2500 абаронцаў «Азоўсталі»
У расійскім палоне знаходзяцца больш за 2500 абаронцаў марыупальскай «Азоўсталі». Такую лічбу назваў 6 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас размовы з журналістамі.
«Што тычыцца палонных, то там больш за 2,5 тысячы. Дакладней складана сказаць. Гэта не тая колькасць людзей, якая выходзіла з «Азоўсталі», калі мы займаліся, наш бок, гэтым працэсам…
Ваша пытанне было — там ці больш людзей з «Азоўсталі», вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў палоне ў іх (чым 2 — 2,5 тыс. чалавек). Я лічу, што больш», — адзначыў Зяленскі, адказваючы на пытанне журналіста.
Па яго словах, вызваленнем байцоў займаецца разведка Міністэрства абароны.
У «ДНР» і расійскіх СМІ неаднаразова заяўлялі, што над абаронцамі «Азоўсталі» адбудзецца трыбунал. Але прэзідэнт Украіны заявіў, што не ўспрымае сур'ёзна словы расіян і баевікоў так званай «ДНР» пра далейшы лёс палонных і лічыць гэта толькі піярам.
Зяленскі мяркуе, што акупантам нявыгадна катаваць байцоў з «Азоўсталі», бо тыя сталі «публічнымі палоннымі».





