Знайсці
19.06.2022 / 16:31

«Мы мусім прызнаць: Расія — фашысцкая краіна»

Для Пуціна «фашыст» або «нацыст» — гэта любы, хто выступае супраць яго ці ягонага плана па знішчэнні Украіны. Украінцы — «нацысты», бо не хочуць быць рускімі. Між тым любы, хто на машыне часу перанёсся б з 1930-х у сучасную Расію, адназначна ўспрыняў бы рэжым Пуціна як фашысцкі. Знак Z, прапаганда, вайна робяць гэта відавочным. Вайна супраць Украіны стала не толькі вяртаннем да знешняй экспансіі, але і вяртаннем да класічных фашысцкай мовы і практык. Іншыя народы існуюць для таго, каб іх каланізавалі. Расія мае асаблівае прызначэнне. Існаванне Украіны — гэта міжнародная змова. Адзіны адказ — вайна. Раней мы публікавалі ўрыўкі з эсэ прафесара гісторыі Ельскага ўніверсітэта Цімаці Снайдэра, цяпер публікуем яго цалкам — бо яно вельмі важнае для разумення сітуацыі.

Фота: Associated Press

Фашызм ніколі не быў пераможаны як ідэя.

Культ ірацыянальнасці і гвалту не мог быць пераможаны як аргумент: пакуль нацысцкая Германія здавалася моцнай, еўрапейцы і іншыя паддаваліся спакусе. Толькі на палях Другой сусветнай фашызм быў пераможаны. Цяпер ён вярнуўся — і гэтым разам краінай, якая вядзе фашысцкую вайну на знішчэнне іншых, ёсць Расія. Калі Расія пераможа, то фашысты ва ўсім свеце ўсцешацца.

Мы памыляемся, калі абмяжоўваем нашы страхі перад фашызмам вобразамі Гітлера і Халакосту. Фашызм нарадзіўся ў Італіі, быў папулярным у Румыніі, дзе фашысты былі праваслаўнымі і марылі пра ачышчальны гвалт, і меў прыхільнікаў на еўрапейскім і амерыканскім кантынентах. Ва ўсёй сваёй разнастайнасці ён быў звязаным з перамогай волі над розумам.

Праз гэта немагчыма даць адназначнае азначэнне. Людзі разыходзяцца ў меркаваннях, часта зацята спрачаюцца, пра тое, што ж такое фашызм. Але сённяшняя Расія адпавядае большасці крытэрыяў, якімі звычайна карыстаюцца навукоўцы. У ёй ёсць культ лідара, Уладзіміра Пуціна. У ёй ёсць культ памерлых, заснаваны вакол Вялікай Айчыннай вайны. У ёй ёсць міф пра залаты век імперскай велічы, які трэба аднавіць з дапамогай гаючага гвалту — знішчальнай вайны супраць Украіны.

Украіна не ўпершыню стала аб’ектам фашысцкай вайны. Заваяванне гэтай краіны было адной з галоўных мэтаў Гітлера.

Ён лічыў, што Савецкі саюз быў «жыдоўскай» дзяржавай: і планаваў замяніць савецкую ўладу сваёй уласнай і захапіць урадлівыя землі Украіны. Савецкі саюз вынішчыць голад, а Германія стане імперыяй. Ён летуцеў, што гэта будзе лёгка, бо меркаваў, што Савецкі саюз быў утвораны штучна, а ўкраінцы — каланіяльны народ.

Страшэннае падабенства з вайной спадара Пуціна. Крэмль акрэслівае Украіну як штучную дзяржаву, чый яўрэйскі прэзідэнт даказвае, што яна не можа быць сапраўднай. Пасля знішчэння невялікай часткі элітаў, па меркаванні Крамля, нованароджаныя масы з радасцю прымуць расійскае панаванне. Сёння менавіта Расія адразае свет ад украінскага збожжа, што нясе пагрозу голаду на сусветным поўдні.

Шмат хто не адважваецца лічыць Расію фашысцкай дзяржавай, бо сталінскі Савецкі Саюз называў сябе антыфашысцкім. Але гэтае азначэнне не дапамагло зразумець, што такое фашызм — і сёння яно больш, чым проста блытае.

З дапамогай амерыканскіх, брытанскіх і іншых саюзнікаў Савецкі Саюз перамог нацысцкую Германію ў 1945-м. Але супрацьстаянне фашызму з боку СССР было непаслядоўным.

Да таго, як Гітлер займеў уладу ў 1933 годзе, Савецкі саюз ставіўся да фашыстаў як да чарговых капіталістычных ворагаў. Камуністычныя партыі Еўропы мусілі ставіцца да ўсіх іншых партыяў як да ворагаў. І гэта палітыка паспрыяла ўзыходу Гітлера: нямецкія камуністы і сацыялісты не маглі супрацоўнічаць, хоць мелі перавагу над нацыстамі. Пасля гэтага правалу Сталін скарэктаваў сваю палітыку, запатрабаваўшы ад еўрапейскіх камуністаў стварэння кааліцыяў для блакавання фашыстаў.

Тэлеграмы ад Сталіна да кіраўнікоў нацысцкай Германіі. Фота: газета «Праўда»

Гэта цягнулася нядоўга. У 1939 годзе Савецкі саюз стаў хаўруснікам нацысцкай Германіі і гэтыя дзве дзяржавы разам уварваліся ў Польшчу. Нацысцкія прамовы друкаваліся ў савецкіх газетах, а нацысцкія афіцэры захапляліся масавымі дэпартацыямі ў СССР. Але сёння рускія не кажуць пра гэта, бо гэта забаронена законам. Вялікая Айчынная з’яўляецца часткай гістарычнага міфа Пуціна пра рускую чысціню і згубленую веліч — толькі Расія мусіць быць ахвярай і пераможцам у гэтай вайне. Ключавы факт — што Сталін пачаў Другую сусветную, паяднаўшыся з Гітлерам — мусіць быць невыказаным і недапушчальным.

Гнуткасць Сталіна ў дачыненні да фашызму — гэта ключ да разумення сённяшняй Расіі. Пры Сталіне фашызм быў спачатку нейтральным, пасля дрэнным, пасля добрым, а пасля нападу Германіі на СССР — зноўку стаў дрэнным. Але ніхто не патлумачыў, што гэта значыць.

Гэта была скрыня, у якую можна пакласці ўсё, што хочаш. Падчас вайны фашыстамі сталі амерыканцы і англічане. І «антыфашызм» не перашкодзіў Сталіну выбраць мэтай адной з хваляў рэпрэсіяў яўрэяў, а ягоным пераемнікам зблытаць Ізраіль і нацысцкую Германію.

Савецкі «антыфашызм», іншымі словамі, быў палітыкай «сваіх і чужых». Гэта не адказ на фашызм. Бо фашысцкай палітыка пачынаецца, як казаў нацысцкі дзеяч Карл Шміт, з азначэння ворага. І паколькі савецкі антыфашызм толькі азначаў ворага, ён адкрыў фашызму чорны ход, праз які ён мог вярнуцца ў Расію.

У Расіі ХХІ стагоддзя «антыфашызм» пераўтварыўся ў права Пуціна вырашаць, хто ёсць ворагам нацыі. Сапраўдныя рускія фашысты, як Дугін і Праханаў, атрымалі трыбуну ў сродках масавай інфармацыі. А сам Пуцін абапіраўся на працы фашыста Івана Ільіна, які працаваў у міжваенны перыяд.

Фота: Associated Press

Для лідара РФ «фашыст» або «нацыст» — гэта той, хто выступіў супраць яго ці ягонага плана па знішчэнні Украіны. Украінцы — «нацысты», бо не хочуць быць рускімі і супраціўляюцца.

Калі б нехта здолеў паехаць у сучасную Расію з 30-х гадоў, то без цяжкасцяў азначыў бы рэжым Пуціна як фашысцкі. Знак Z, дэманстрацыі, прапаганда, вайна як ачышчальны акт гвалту і масавыя пахаванні вакол украінскіх гарадоў робяць гэта відавочным.

Вайна супраць Украіны — гэта не толькі вяртанне на традыцыйнае фашысцкае поле бою, але і вяртанне да традыцыйнай фашысцкай мовы і практыкаў. Іншыя народы існуюць для таго, каб іх каланізавалі. Расія невінаватая праз сваё старажытнае мінулае. Існаванне Украіны — гэта міжнародная змова. Адзіны адказ — вайна.

Пуцін кажа пра фашыстаў як пра ворагаў, таму нам можа быць цяжка зразумець, што ён фашыст. Але ў вайне Расіі супраць Украіны «фашыст» значыць проста «вораг, якога мы не лічым за чалавека» — той, каго рускія могуць забіць.

Мова нянавісці, накіраваная на ўкраінцаў, робіць іхняе забойства яшчэ лягчэйшым — як тое было ў Бучы, Марыупалі ці ўва ўсіх іншых акупаваных частках Украіны. Масавыя пахаванні — гэта не нейкая ваенная выпадковасць, але заканамернае следства фашысцкай вайны на знішчэнне.

Фашысты, якія называюць іншых «фашыстамі», — гэта фашызм, даведзены да крайнасці, культ дурасці. Гэта канчатковая кропка, дзе мова нянавісці пераварочвае рэчаіснасць, а прапаганда становіцца чыстай выдумкай. Гэта вяршыня панавання волі над розумам. Называць іншых фашыстамі і быць фашыстам — вось асноўная практыка пуцінізму. Джэйсан Стэнлі, амерыканскі філосаф, называе гэта «падрыўной прапагандай». Я называю гэта «шызафашызмам».

Украінцы маюць самую вытанчаную фармулёўку. Яны называюць гэта «рашызм».

Мы разумеем фашызм лепш, чым у 30-я гады. Цяпер мы ведаем, да чаго ён прывёў. Мы мусім прызнаць фашызм, бо тады мы ведаем, з чым маем справу. Але прызнаць яго — не значыць скасаваць яго. Фашызм — гэта не дыскусійная пазіцыя, а культ волі, з якога нараджаецца выдумка. Гэта таямніца чалавека, які ацаляе свет гвалтам, і прапаганда падтрымае яе да канца. Яго можна знішчыць толькі дэманстрацыяй слабасці лідара.

Фашысцкі правадыр мусіць быць пераможаны, а гэты значыць усе антыфашысты мусяць зрабіць усё, каб яго перамагчы. Толькі тады міфы абрынуцца.

Фота: Associated Press

Як і ў 30-я, дэмакратыя саступае па ўсім свеце, а фашысты ваююць са сваімі суседзямі. Калі Расія пераможа ва Украіне — гэта будзе не проста вынішчэнне дэмакратыі сілай, хоць гэта ўжо дрэнна. Гэта дэмаралізуе дэмакратаў ува ўсім свеце. Яшчэ да вайны сябры Расіі — Марін Ле Пэн, Віктар Орбан, Такер Карлсон — былі ворагамі дэмакратыі.

Перамогі фашыстаў на полі бою зацвердзілі б, што сіла стварае права, што розум — для тых, хто прайграў, а дэмакратыя мусіць быць знішчаная.

Калі б Украіна праграла, гэта быў бы змрочны час для дэмакратаў усяго свету. Калі Україна прайграе, нас чакаюць дзесяцігоддзі цемры.

Цімаці Снайдэр — прафесар гісторыі Ельскага ўніверсітэта і навуковы супрацоўнік Інстытыта гуманітарных навук у Вене. Аўтар шматлікіх кніг, сярод якіх: «Крывавыя землі: Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным» і «Пра тыранію: дваццаць урокаў дваццатага стагоддзя».

Чытайце таксама:

Што кіраўнік ЦРУ ведае пра Пуціна? Шмат — хоць бы тое, што ён не ўмее прайграваць

Расійскі мільярдэр: Пуцін павінен стаць імператарам

Дакументы сведчаць, што сотні, калі не тысячы расійскіх вайскоўцаў адмовіліся ваяваць ва Украіне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30