Знайсці
07.06.2022 / 14:46РусŁacБел

Беларусам прапанавалі сабраць мільён подпісаў за ўступленне ў Еўрасаюз. Хто і навошта стварыў петыцыю?

Кампанію па зборы подпісаў запусціла сааўтарка канала «Рудабельская паказуха».

Вольга Павук. Фота: «Еўрапейскі выбар»

Стваральніцай петыцыі стала Вольга Павук, актывістка родам з Гомельскай вобласці.

«Ідэя прыйшла на Форуме Каліноўскага. Была размова пра тое, што цяпер яшчэ можна зрабіць для Беларусі. Унутры краіны мала магчымасцяў, а з-за мяжы не так добра атрымліваецца ўплываць. Там прысутнічалі еўрапарламентарыі, літоўскія палітыкі, мы разам абмяркоўвалі, што рабіць з нашым геапалітычным вызначэннем. І спыніліся на такой ініцыятыве. 

Цяпер многія з апазіцыйнай супольнасці, якая была настроеная супраць Лукашэнкі, з’ехалі, як правіла, на Захад. Калі мы хочам абараніць нашы правы, то шукаем такія магчымасці ў Еўропе. Калі хочам выратаваць краіну, то нам трэба шчыльна ўзаемадзейнічаць з Еўрасаюзам», — лічыць яна. 

На пытанне, чаму такая петыцыя з’явілася цяпер, Вольга кажа, што з гэтым беларусы вельмі спазніліся. Трэба было пачынаць два гады таму, а паскорылася ўсё з-за пачатку вайны.

Сэнс петыцыі — паказаць свету, што беларусы супраць вайны, акупацыі Крамлём. Такая ініцыятыва — першы крок да самавызначэння, лічыць Вольга Павук.

«Мы сталі дзейнічаць «знізу», бо «зверху» немагчыма. Лічба пакажа, колькі нас насамрэч. Які сэнс мы ў гэтым бачым? Канечне, не той, што нас адразу возьмуць у Еўрасаюз.

Гэта крок, пасля якога свет зразумее, што беларусы не хаўруснікі Крамля. Гэта той самы марш, як у 2020-м, толькі ісці нікуды не трэба. Проста націснуць кнопку і паказаць, што нас шмат», — тлумачыць яна ідэю.

Фота: «Еўрапейскі выбар»

«Беларусаў цяпер прадстаўляе Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, дыяспары. Здаецца, што толькі яны ў нас ёсць.

Безумоўна, некаторыя людзі пра нашу ініцыятыву будуць думаць, што гэта нейкая канкурэнцыя ў апазіцыі. Не. Па-першае, маё асабістае стаўленне да палітычнага жыцця ў тым, што ініцыятыва павінна быць розная, а мэта адна. Калі мы ідзём рознымі шляхамі, то можам прыцягнуць людзей, якія раней не прымалі ўдзел у нейкіх актыўнасцях. Па-другое, кожны беларус мае права на ініцыятыву», — каментуе яна. 

У аргкамітэце ініцыятывы 10 чалавек: Вольга Шпарага (Офіс па адукацыі для новай Беларусі), Алесь Чайчыц (Рада БНР), Вадзім Саранчукоў (БНФ), Вольга Павук («Еўрапейскі выбар») і іншыя. 

Падтрымалі ідэю офіс Святланы Ціханоўскай, партыя «Народная грамада», БНФ, Уладзімір Някляеў, Рада БНР, Алеся Руднік і іншыя. 

Фота: «Еўрапейскі выбар»

«Калі мы не зможам зрабіць гэты вельмі просты крок, то я баюся, што не атрымаецца нічога. Больш складаныя рэчы будуць немагчымыя», — тлумачыць Вольга сваю пазіцыю. 

Подпісы пад петыцыяй — аргумент беларусаў, каб працягваць дыялог з Еўропай.

«І Польшча, і Літва, і Латвія хочуць мець адэкватнага суседа, іх інтарэс вельмі натуральны, — кажа Вольга. — Яны добра памятаюць, што было з імі пасля выхаду з Савецкага саюза, таму хочуць ад сэрца дапамагаць беларусам».

Ці не збіраецца сама Вольга ў палітыку?

Фота: «Еўрапейскі выбар»

«Калі пажаніліся з Андрэем Павуком, мы сталі жыць у Акцябрскім раёне. Пачалі разварочваць бытавыя тэмы. Напрыклад, наконт пляцовак, бальніц, размаўлялі з чыноўнікамі. З 2016 па 2018 год я была ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, потым перайшла ў «Гавары праўду». Мне падабалася, што яны шмат камунікуюць з людзьмі. Можна сказаць, што ў палітыцы я даўно, думала, што ў 2020-м скончу гэты шлях, буду гадаваць дзяцей, але не атрымалася. 

Я разумею, што сітуацыя для Беларусі не паляпшаецца, і гэта мая асабістая апошняя спроба паказаць, што беларусы не змірыліся з гэтай сітуацыяй», — падсумоўвае Вольга Павук.

Чытайце таксама:

«Тут бай Медыя» хочуць прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй

Частка байцоў палка «Пагоня» падпісала кантракты з Сіламі спецыяльных аперацый Украіны

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера