Знайсці
07.06.2022 / 15:45РусŁacБел

Беларус, якога абвінавацілі ў забойствах у Бучы, расказаў, што было пасля

У красавіку тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» апублікаваў некалькі відэа з аддзяленняў службы дастаўкі СДЭК у Мазыры, на якіх відаць, як расійскія вайскоўцы адпраўляюць велізарныя пасылкі ў Расію. На відэа трапіў і 35-гадовы Сяргей Калацэй — ён адпраўляў ва Ульянаўск крышку багажніка (на кадрах ён быў у цывільнай вопратцы). Неўзабаве пасля гэтага Генпракуратура Украіны абвінаваціла Калацэя ў забойстве мірных жыхароў Бучы — і назвала камандзірам падраздзялення Расгвардыі з Ульянаўскай вобласці. Сам Калацэй адхіляе ўсе абвінавачанні і кажа, што ніяк не звязаны з ваеннымі або сілавымі структурамі. За месяц Генпракуратура Украіны так і не прывяла канкрэтных доказаў яго віны — пры гэтым у ведамстве падкрэслілі, што «ёсць падставы лічыць, што ён забіў чацвярых чалавек і катаваў як мінімум аднаго чалавека». Сяргей Калацэй распавёў «Медузе» пра тое, як за гэты месяц змянілася яго жыццё.

Сяргей Калацэй разам з расійскімі салдатамі падчас адсылкі пасылкі ў пункце службы дастаўкі ў Мазыры

«Я ўсё жыццё пражыў у горадзе Мазыр. З 2011 года працую інжынерам па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Я ніколі не меў ніякага дачынення да сілавых структур ні ў Беларусі, ні тым больш у Расіі. Я нават ніколі не служыў у войску — паколькі быў непрыгодны з-за спартыўнай траўмы, якую атрымаў на занятках адзінаборствамі вельмі даўно. Пры праходжанні медыцынскай камісіі ў ваенкамаце мяне камісавалі з-за разрыву меніскаў.

Але даведку аб непрыгоднасці мне не далі, бо кожныя паўгода трэба праходзіць паўторную камісію: калі недзеяздольнасць пацвярджаецца або траўма турбуе, то адтэрміноўка працягваецца. У ваенным білеце ў мяне напісана «не служыў».

У Расіі я быў, але даўно — ездзіў туды на спаборніцтвы па рукапашным боі. Ва Украіне апошні раз быў у 2019 годзе — адпачываў разам з сям'ёй у Жалезным Порце (сяло на беразе Чорнага мора ў Херсонскай вобласці) і Адэсе. Да гэтага мы шмат разоў ездзілі ў Кіеў — гулялі, адпачывалі. Горад заўсёды пакідаў добрыя ўражанні. Нам з Мазыра да Кіева бліжэй, чым да Мінска.

У памяшканні СДЭК у Мазыры я апынуўся 2 красавіка. У мяне быў выхадны, я паехаў адправіць пакупніку з Ульянаўска бітую крышку багажніка ад свайго аўтамабіля, якую яшчэ ў сакавіку выставіў на продаж.

У аддзяленні СДЭК было шмат расійскіх салдат, якія адпраўлялі мноства рэчаў. Усе яны былі запакаваныя — я не разглядаў, што там унутры. Мне хацелася як мага хутчэй адправіць сваю крышку багажніка і з'ехаць, бо я спяшаўся. Прысутнасць [расійскіх] вайскоўцаў [у СДЭК] мяне не збянтэжыла — іх шмат у нашым горадзе ўжо цягам некалькіх месяцаў.

Пра тое, што мяне абвінавацілі ў забойствах і катаваннях у Бучы, я даведаўся 2 мая ад сваіх сяброў. Яны скінулі мне відэаролік з украінскім журналістам Дзмітрыем Рапленчуком — у ім ён абвінаваціў мяне ў тым, чаго я не здзяйсняў. Затым сябры скінулі мне спасылку на тэлеграм-канал Генпракуратуры Украіны, дзе было апублікаванае маё фота і заява аб маёй датычнасці да забойстваў чатырох жыхароў Бучы. Генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў сваім Фэйсбуку назвала маё імя, заявіла, што я камандзір падраздзялення Нацгвардыі РФ і абвінаваціла ў забойстве мірных жыхароў.

Калі шчыра, я быў у шоку. Я не разумеў, чаму яны зрабілі такую заяву! Я не магу нават выказаць здагадку, адкуль Генпракуратура ўзяла гэтыя звесткі.

Мне і маёй жонцы сталі сыпацца сотні паведамленняў у сацыяльных сетках ад незнаёмых мне людзей — з пагрозамі расправы. На працягу двух тыдняў штодня прыходзілі дзясяткі паведамленняў. Тэлефанавалі са схаваных нумароў. Хтосьці ўзламаў маю старонку ва «УКантакце», усе мае фоты разышліся па сеціве разам з фотаздымкамі з аддзялення СДЭК. Фота суправаджалі каментарыі, што я — нейкі камандзір Расгвардыі. Але ўсё гэта — выдумка. Я не ведаю, чаму мяне прынялі за расійскага вайскоўца.

Ніхто з прадстаўнікоў сілавых структур Украіны [дагэтуль] не звязваўся са мной.

На вялікі жаль, я не валодаю ніякай інфармацыяй пра ход расследавання [супраць мяне]. Я датэлефанаваўся па адным з нумароў Бучанскай пракуратуры. Слухаўку зняла дзяўчына — я прадставіўся і спытаў, з кім можна пагутарыць наконт выстаўленых супраць мяне падазрэнняў. Таксама я паведаміў ёй, што ў мяне ёсць доказы маёй недатычнасці да таго, што адбылося — і што я ўвесь гэты час [вайны] знаходзіўся ў Мазыры, у Беларусі.

Дзяўчына сказала, што трэба выслаць пацверджанні маёй недатычнасці на электронную пошту, указаную на афіцыйным сайце ўкраінскай Генпракуратуры. Я не змог адправіць пацверджанні, паколькі сайт выдаваў памылку. Больш у мяне не атрымалася даведацца ніякай інфармацыі.

Тады я сам звярнуўся ў беларускую пракуратуру з заявай аб паклёпе на мой адрас і тых, хто пагражаў маёй сям'і. Мне паведамілі, што заведзеная крымінальная справа [наконт абвінавачанняў з боку Генпракуратуры Украіны]. Цяпер праводзіцца праверка — і, наколькі мне вядома, пацвярджаецца мая недатычнасць да якіх-небудзь злачынстваў ва Украіне.

Я спадзяваюся, што праваахоўныя органы Украіны звяжуцца з органамі Беларусі, каб атрымаць неабходную інфармацыю. Спадзяваюся на разважлівасць і прафесіяналізм прадстаўнікоў праваахоўных органаў Украіны. На тое, што яны больш дэталёва вывучаць усе факты і знімуць свае падазрэнні.

Складана апісаць, што давялося перажыць маім родным. Псіхалагічна цяжка, калі ідзе такі прэсінг. Немагчыма зразумець, чаго чакаць, як будуць далей развівацца падзеі і як дзейнічаць у такой сітуацыі. Не кожны дзень мяне абвінавачваюць у ваенным злачынстве. Натуральна, з майго атачэння ніхто не паверыў у гэтыя абвінавачванні: калегі і сябры ўсяляк мяне падтрымліваюць. Людзі на вуліцы часам пазнаюць, падыходзяць, цікавяцца, як справы, і выказваюць падтрымку.

Маё асабістае стаўленне да вайны — жудаснае. Я заўсёды быў супраць любой вайны, якой бы яна ні была. Бо гіне шмат людзей — дзеці, жанчыны, старыя. Руйнуюцца гарады і дамы, якія гадамі будавалі. Я супраць!»

Чытайце таксама:

Першы абвінавачаны ў забойствах у Бучы беларус? Можа быць памылка: гэты чалавек двойчы судзімы

Сяргей Калацэй, абвінавачаны ў злачынствах у Бучы, патлумачыў сітуацыю ў Instagram

«Доказаў дастаткова». Украінская пракуратура пра датычнасць жыхара Мазыра да забойстваў у Бучы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера