Знайсці
08.06.2022 / 20:12РусŁacБел

«Нахабна гандлююць майкамі з «Ў». Прарасійская актывістка з Гродна пераключылася з апазіцыі на даносы на чыноўнікаў і бізнэс

Прарасійская актывістка з Гродна Вольга Бондарава, з падачы якой у мінулым месяцы ў абласным цэнтры зачынілі мастацкую галерэю, працягвае змагацца з людзьмі іншых поглядаў і любымі праявамі беларускасці. Адмяніла выступы гарадскога асілка, накінулася на мэра за недастатковасць рэпрэсій…

Фота: скрыншот з ютуб-канала Вольгі Бондаравай

Бондарава — актывістка «Інфаспецназа» і незарэгістраванага руху «Антывандал». Ёй 39 гадоў, раней яна прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці — за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.

Чарговай ахвярай дзейнасці прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў з выразна прарасійскай пазіцыяй, да якіх у тым ліку адносіцца канал спадарыні Бондаравай, стаў гродзенскі асілак Аляксандр Кодзіс. Планавалася, што ў апошні дзень Фестывалю нацыянальных культур асілак на вачах у гледачоў будзе цягнуць гружаныя пажарныя аўтамабілі агульнай вагой 60 тон. Падобныя выступленні Аляксандр Кодзіс раней ужо ладзіў на гарадскіх святах.

Аляксандр цягне тралейбус у 2018 годзе на Дзень Гродна. Фота: hrodna.life / Руслан Кулевіч

«3-га чэрвеня Аляксандру паведамілі, што выступ адмяняецца «па тэхнічных прычынах». Пра гэта Аляксандр распавёў у сваіх пастах у Instagram, якія пазней выдаліў», — паведамляе тэлеграм-канал «Права маюць». 

У той самы дзень лукашысцкія каналы прысвяцілі гродзенскаму волату два допісы запар. У першым яны не толькі «абгрунтоўвалі», чаму Кодзіс не мае права выступаць на дзяржаўных мерапрыемствах, але і абразілі беларускую сімволіку і прапанавалі чытачам пачаць цкаваць чалавека ў сацсетках, далучыўшы спасылкі на яго акаўнты ў Instagram і VK.

У наступным допісе прапагандысты выклалі два скрыншоты з Instagram. Заўважна, што адзін з двух скрыншотаў, які яны выдавалі публікацыю ў сацсетках Кодзіса, належыць зусім іншаму чалавеку. Ды і зроблены ён быў, мусіць, яшчэ ў 2020 годзе, а не цяпер. 

Ноччу 4 чэрвеня ў канале Бондаравай з’явіўся новы допіс, дзе актывістка сцвярджала, што Аляксандр Кодзіс зняты з усіх мерапрыемстваў у Гродне. Праілюстраваны допіс таксама старым скрыншотам гісторыі з акаўнта, які належыць іншаму чалавеку. 

Для Бондаравай гэта далёка не першы выпадак, калі яна мэтанакіравана паскудзіць людзям, якія маюць іншыя погляды. У выніку яе даносаў некаторыя яе апаненты апынуліся за кратамі. Як у выпадку з Русланам Хіхолам, якому ў красавіку 2021 года прысудзілі 1,5 года калоніі. 

Вольга Бондарава. Фота: eurоradio.fm 

У спісе «дасягненняў» актывісткі ёсць і данос на святара, пасля якога яго прыбралі з пасады настаяцеля праваслаўнага прыхода.

«Насильственное навязывание мовы»

Адзін з ролікаў на сваім ютуб-канале, Вольга прысвяціла тэме «насильственного навязывания» беларускай мовы ў дзіцячых садках. Яе абурыла, што там вучаць беларускім словам «дабранач», «добры дзень», «дзякуй».

«Вот пришёл ребёнок моего знакомого из сада и говорит за столом «дзякуй!». Тот «за ниточку» потянул и выяснилось, что этому в саду учат. Я понимаю выражение «благодарю» — «благо дарю». Или «спасибо» — «спаси, Бог». Но что такое «дзякуй»? Это что, переделка польского Dziękuję?» — задаецца пытаннем прарасійская актывістка.

Нядаўна ў канале Бондаравай з’явіўся допіс, дзе яна абураецца наяўнасцю на платных паркоўках інфармацыйных стэндаў на беларускай мове. Такі падыход актывістка называе нічым іншым, як ушчамленнем правоў рускамоўных грамадзян у Беларусі. 

Днямі «іфаспецназаўка» наведала Мінск і вуліцу Зыбіцкую, дзе зняла кароткае відэа, прысвечанае бару Kalinouski. Прачытаўшы інфармацыю пра тое, што бар не працуе па тэхнічных прычынах, Бондарава прамовіла: маўляў, мы ведаем гэтыя тэхнічныя прычыны і чакаем звестак аб прымусовай ліквідацыі. Беларускага нацыянальнага героя яна называе «дохлым польскім тэрарыстам».

Вольгу Бондараву раздражняе ўсё беларускамоўнае ці з нацыянальным сэнсам. 

У першы дзень Фестывалю нацыянальных культур яна звярнула ўвагу на тое што ў адной з палатак прадаюць майку з прынтом у выглядзе літары «Ў».

«Бчбесы нахабна гандлююць майкамі з намёкам на змагарства проста насупраць моладзевага цэнтра. У нашым гіперліберальным горадзе такое, напэўна, дапушчальна. А то яшчэ, не дай бог, затрымаць змагароў, Гой прымусіць сілавікоў у іх публічна прасіць прабачэння… Не, не вынеслі тут навукі з падзей 2020 года ад слова зусім. Ва ўсё трэба тыкаць носам, як абгаджанае кацяня», — напісала яна пост з прэтэнзій да мэра Гродна. 

«Польскі душок сярод гродзенскай улады»

Гэта далека не першы выпадак, калі пад раздачу ад Бондаравай, трапляюць мясцовыя ўлады і арганізацыі. Яшчэ ў ліпені 2021 года жанчына заявіла пра выхад з праўладнага саюза блогераў, спаслаўшыся на тое, што там няма дэмакратыі. 

Пэўны час Бондарава супрацоўнічала з абласной арганізацыяй «Белай Русі», але гэтае супрацоўніцтва незаладзілася. Мяркуючы па ўсім, чыноўнікі на месцах бачылі, што Бондарава з яе радыкальна антыбеларускімі і антыпольскімі настроямі выклікае непрыманне ў насельніцтва. 

Цікава, што ў сакавіку 2022 года мясцовыя ўлады не далі Бондаравай згоду на правядзенне «аўтапрабегу ў падтрымку дзеянняў сілавых структур Беларусі і Расіі». Тады ў Інстаграме блогеркі загучала, што «прычынай адмовы з'яўляецца польскі душок сярод гродзенскай улады».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: У Гродне пасля звароту прарасійскай актывісткі закрылі мастацкую галерэю «400 квадратаў»

Азаронак патрабуе зачыніць мінскі бар «Каліноўскі» — нібыта праз нацыянальны канфлікт. Расказваем

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера