Знайсці
07.06.2022 / 19:36РусŁacБел

Малдова адмовілася выдаць Беларусі затрыманага ў ёй украінскага дэпутата

Генпракуратура Малдовы адмовілася экстрадаваць у Беларусь дэпутата Вярхоўнай рады Украіны Яўгена Якавенку, якога затрымалі на малдаўскай мяжы 5 чэрвеня. Пра гэта 7 чэрвеня паведаміла прэс-служба пракуратуры Малдовы, піша Радыё Свабода.

«Прычыны адмовы ў экстрадыцыі абумоўленыя статусам гэтай асобы як члена Вярхоўнай рады Украіны, які перамог на выбарах у 2019 годзе ў Данецкім рэгіёне, у кантэксце геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне», — адзначылі ў пракуратуры.

Малдаўская пракуратура падазрае, што калі Якавенку экстрадуюць у Беларусь, працэс супраць яго не будзе справядлівым. Таму яна распарадзілася адпусціць украінскага дэпутата.

Якавенка знаходзіцца ў міжнародным вышуку на запыт Беларусі. У Беларусі ўкраінскага дэпутата падазраюць у хабарніцтве і карупцыі.

У 2001 годзе Яўген Якавенка заснаваў гандлёва-прамысловую кампанію «Алькон». Вядома, што кампанія Якавенкі была пасярэдніцай у пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі, паліва, металаў і ўгнаенняў, а таксама займалася гандлем грузавым аўтамабільным транспартам. Па сутнасці, ягоная дзейнасць магла быць звязаная і з прасоўваннем беларускай прадукцыі на ўкраінскім рынку.

Сярод рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон Беларусі, абнародаваных на адпаведных сайтах, імя Яўгена Якавенкі і назва ягонай кампаніі не згадваюцца. Але з відаў дзейнасці кампаніі, якую бізнэсмен пасля выбрання ў парламент перапісаў на жонку Таццяну, вынікае, што ў сферу ягоных інтарэсаў маглі трапіць беларускія нафтапрадукты, угнаенні і грузавыя аўтамабілі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера