Знайсці
10.06.2022 / 13:42РусŁacБел

Куды паехаць на выхадных? Топ-6 цікавостак у ваколіцах Гродна

Паказваем, куды можна завітаць у ваколіцах былога каралеўскага горада, калі збіраецеся туды на выхадныя. 

Фота: hata.by

Аўгустоўскі канал (Гродзенскі раён)

Каардынаты GPS: 53.863386, 23.63319

Фота: hata.by

Пачаць паездку можна з Аўгустоўскага канала — знакамітага аб’екта, які дзеляць паміж сабой Польшча і Беларусь. Мэта канала — аб’яднаць Віслу і Нёман, і гэта адзін з найвялікшых суднаходных каналаў у свеце, славутасць, у склад якой увайшлі 11 рэк і 7 азёр, а таксама некалькі шлюзаў і мастоў.

Канал і яго ваколіцы добра падыходзяць не толькі для воднага, але і для пешага турызму, тым больш што беларуская частка канала (21 кіламетр са 101) цалкам адноўленая. На месцы старой карчмы ёсць музей, дзе можна ўбачыць старыя фотаздымкі і бытавыя прадметы, якія належалі людзям, якія некалі жылі ў ваколіцах.

Узнясенскі касцёл (Гродзенскі раён, Сапоцкін)

Каардынаты GPS: 53.830022, 23.645521

Фота: vedaj.by

Недалёка ад Аўгустоўскага канала ёсць мястэчка Сапоцкін, дзе хапае сваіх цікавостак. Самая маштабная з іх — касцёл Узнясення Дзевы Марыі.

Пабудавалі яго ў канцы 18 стагоддзя. Амаль праз стагоддзе, у 1867 годзе, касцёл перадалі праваслаўнаму Праабражэнскаму жаночаму манастыру, і тады храм значна перабудавалі: знеслі дзве вялікія вежы, што некалі ўпрыгожвалі галоўны фасад. Пасля Першай сусветнай храм зноў перадалі католікам, але ж пазней ён перажыў яшчэ два пажары, пасля якіх быў адноўлены.

Калі будзеце ў Сапоцкіне, наведайце таксама старажытныя яўрэйскія могілкі, якія некаторыя гісторыкі адносяць ажно да 13 стагоддзя, і каталіцкія могілкі, каб пабачыць каплічкі ў стылі неаготыкі.

Найстарэйшы ў Беларусі чыгуначны вакзал (Гродзенскі раён, вёска Парэчча)

Каардынаты GPS: 53.885832, 24.134707

Фота: wikimapia.org

У маленькай беларускай вёсачцы можна знайсці чыгуначны вакзал, які больш нагадвае палац. Шыкоўны будынак у Парэччы ўзвялі на пачатку 20 стагоддзя, і менавіта ўчастак Парэчча — Гродна стаў першай чыгуначнай лініяй у Беларусі.

У савецкія ж часы каларытны вакзал аблюбавалі кінематаграфісты. Раней у вёску амаль кожны год прыязджалі здымачныя групы як з «Беларусьфільма», так і з Літоўскай кінастудыі.

Знайдзіце час, каб убачыць у Парэччы яшчэ і мясцовыя храмы. Каталіцкі касцёл Дзевы Марыі і праваслаўная царква Казанскай іконы Божай маці — абедзве гэтыя святыні пабудаваныя з дрэва на пачатку 20 стагоддзя і добра адрэстаўраваныя.

Палац Друцкіх-Любецкіх (Шчучын)

Каардынаты GPS: 53.60684, 24.73915

Фота: marshruting.com

Гэты комплекс канца 19 стагоддзя лічаць візітнай карткай Шчучына. Палац Друцкіх-Любецкіх — двухпавярховы будынак у стылі класіцызму, пабудаваны па праекце віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага. 

Ён у нечым падобны да палаца Малы Трыанон на тэрыторыі таго самага Версаля.

Палац адноўлены, таму ўнутры ёсць на што паглядзець. Але ж цяпер у пабудове знаходзіцца мясцовы палац творчасці дзяцей і моладзі, і толькі некалькі пакояў самога палаца аддадзеныя маленькаму музею.

Троіцкі касцёл (Гродзенскі раён, вёска Індура)

Каардынаты GPS: 53.458698, 23.887456

Фота: ekskursii.by

Першы каталіцкі храм у Індуры пабудавалі яшчэ ў 1522 годзе, але ён быў драўляны. Каменны ж касцёл з'явіўся тут на пачатку 19 стагоддзя і быў адкрыты нават у савецкія часы, калі ў ім служылі святары-езуіты.

У гэтым прыгожым светлым храме ёсць свая цудатворная ікона — абраз Маці Божай Індурскай. Унутры вы ўбачыце таксама тры драўляныя алтары ў стылі позняга класіцызму, старажытны барочны арган і маштабныя фрэскі 1900 года стварэння на біблейскія сюжэты.

Індура вядомая сваімі велікоднымі вербамі: тут святочныя «букеты» ствараюць выключна з белай вярбы і ўпрыгожваюць травамі, калоссем і сухацветам.

Капліца святога Роха (Гродзенскі раён, вёска Грандзічы)

Каардынаты GPS: 53.72, 23.813611111

Фота: msj.by

Пры канцы падарожжа можна зазірнуць у гэты прыгожы маленькі храм 1906 года пабудовы. Капліца выкананая ў неагатычным стылі на месцы ранейшага драўлянага храма, вядомага з 1840 года, аўтарам новага храма стаў гродзенскі губернскі архітэктар Уладзімір Срока. У 1980-я гады капліцу з жоўтай цэглы адрэстаўрыравалі.

 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чэшскі Рай. Ад замка да замка: захапляльны маршрут для пешага падарожжа па славянскім паграніччы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
28
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930