Знайсці
12.06.2022 / 19:44

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Падрабязнасці таго, што адбываецца на працэсе Аўтуховіча, уражваюць і вымушаюць задумацца

Ужо некалькі тыдняў у гродзенскай турме судзяць Мікалая Аўтуховіча і яго дзесяцярых «паплечнікаў». Працэс фармальна адкрыты, але на справе трапіць на пасяджэнне могуць толькі асобныя — не ўсе, а адзінкі — сваякі абвінавачаных і прапагандысты. Апошнія і асвятляюць працэс: у стылістыцы 1930-х, здзекваючыся з людзей у клетках. Пры лукашызме сто працэнтаў палітычных працэсаў сканчаюцца абвінаваўчым прысудам, апраўдацца немагчыма, вынік суда прадвызначаны. Але суд дае людзям хоць нейкую абмежаваную магчымасць паслаць «сігналы на волю», выказаць штосьці важнае. «Наша Ніва» сабрала максімум сведчанняў пра тое, што адбываецца на судзе. 

Коратка нагадаем, каго судзяць. Гэта былы ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, яго выстаўляюць лідарам тэрарыстычнай групоўкі. Яго вінавацяць аж па дзясятку артыкулаў КК, шэсць з іх асабліва цяжкія (сярод якіх акт тэрарызму, замах на захоп улады, стварэнне злачыннай арганізацыі, здрада дзяржаве).

Акрамя Аўтуховіча абвінавачваныя — гэта праваслаўны святар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў і сын Павел, пенсіянерка Галіна Дзербыш, інвалід-афганец з Баранавіч Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава з Крупскага раёна, пенсіянерка Ірына Мельхер і яе сын Антон, а таксама Ірына Гарачкіна, Віктар Снегур і Павел Сава.

Яшчэ адзін з меркаваных удзельнікаў — Артур Папок — знаходзіцца ў вышуку, ён здолеў нелегальна перайсці мяжу.

Людзям ставяць у віну падпал пустога дома ў Ваўкавыску і дзвюх машын — і нерухомасць, і машыны належалі міліцыянтам, якіх падазравалі ў датычнасці да палітычных рэпрэсій і пакрывання фальсіфікацыі выбараў.

Асаблівасць справы Аўтуховіча ад шматлікіх іншых аналагічных працэсаў у тым, што «групіроўку Аўтуховіча» выстаўляюць тэрарыстычнай ячэйкай, створанай пад кантролем украінскіх спецслужбаў. Аналагу ў гэтым сэнсе няма.

Акрамя таго, Аўтуховіча і Маёраву вінавацяць у стварэнні тэлеграм-канала «ДаВолі!», дзе, паводле следства, публікавалася «экстрэмісцкая» інфармацыя, заклікі да пратэстаў і да гвалтоўнага захопу ўлады.

Агулам людзей вінавацяць аж па 15 артыкулах КК у залежнасці ад «ролі». Сярод артыкулаў у многіх і тэрарызм, і змова з мэтай захопу ўлады, і ўдзел у злачыннай арганізацыі. На Антона Мельхера не знайшлося нічога, акрамя некалькіх здымкаў з брэсцкага карагода ў жніўні 2020 года — у выніку хлопца судзяць толькі па «народным» 342 артыкуле (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Асаблівасць справы таксама ў тым, што сярод абвінавачаных у тэрарызме і інваліды, і пенсіянеры. Галіна Дзербыш — пенсіянерка, хворая на анкалогію. Мае інваліднасць другой групы. Такая ж інваліднасць і ў Міхаіла Гундара — у яго няма нагі. Ён рухаецца з дапамогай мыліцаў, але на судзе іх забіраюць канваіры.

У клетцы Гундар сядзіць без мыліцаў, але нават без іх, калі патрабуецца ўстаць — вымушаны падымацца.

Ірына Мельхер таксама пенсіянерка.

Суддзя на працэсе — Максім Філатаў. Ён вядомы ў першую чаргу тым, што асудзіў на 5 гадоў калоніі Вітольда Ашурка — палітвязень загіне ў зняволенні. Праходзіла інфармацыя аб крымінальнай справе, заведзенай за тое, што нехта падклаў у заплечнік лідскаму суддзі фекаліі — гаворка ішла якраз пра Філатава.

Адзін з абвінавачаных, Уладзімір Гундар, 20 мая 2021 года быў асуджаны паводле артыкула 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

«Звяр'ё ў клетцы»

Разгляд справы «групіроўкі Аўтуховіча» пачаўся 18 мая. Урыўкі публікуюцца ў дзяржаўных СМІ і асабістых тэлеграм-каналах некаторых журналістаў. Дзяржаўныя прапагандысты пішуць пра абвінавачаных у стылістыцы нацысцкай прэсы часу «падпалу Рэйхстага» і савецкай прэсы 1937-га.

У лукашэнкаўскай «СБ» Людміла Гладкая называе людзей на лаве падсудных «звяр’ём у клетцы», Аўтуховіча — «хероем».

Яна радуецца, што ў суд не пускаюць публіку: «Рэцыдывіст Мікалай жа спадзяваўся, што да яго ў суд натоўпы паваляць. Ну хоць заходнія дыпламаты, судовыя карусельшчыкі».

Суд, нагадаем, праходзіць у памяшканні турмы Гродна. Працэс намінальна адкрыты, але трапіць туды маларэальна.

Нават сваякоў на працэс не заўсёды пускаюць — залежыць ад «правілаў», якія мяняюцца без дай прычыны. На некаторыя пасяджэнні вырашылі пускаць чатырох сваякоў. Пасля, незразумела чаму, — толькі дваіх. 

На судзе абвінавачаныя сядзяць у розных клетках. Дзве агульныя, дзве асобныя. У асобных — Мікалай Аўтуховіч і чамусьці жонка святара Любоў Разановіч.

Падчас працэсу відаць, што матушцы Любові цяжка ў малым стакане. Яна часам уздыхае: «Божа, дай мне сілы гэта ўсё вытрываць». Аднойчы яна проста прамовіла: «Навошта вы мяне сюды цягаеце? Каб гэтую лухту слухаць?» Таксама Разановіч часта звяртаецца да медыкаў. 

Аднойчы кепска стала і Вользе Маёравай. Але ў цэлым людзі стараюцца трымацца. 

Праспяваў у клетцы «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»

Уладзіміра Гундара разам з Мікалаем Аўтуховічам выдалялі на першым жа пасяджэнні з залы суда — нібыта за парушэнне парадку.

Аказалася, Гундара выдалілі за гімн БНР. Аўтуховіча — бо прасіў дапамагчы жанчыне.

Вядома, што Гундар размаўляе ў судзе на беларускай мове. І на першым жа пасяджэнні ён каментаваў працэс, а пасля перапынку адразу пачаў спяваць гімн Беларускай Народнай Рэспублікі: «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Суддзя тады ўважліва даслухаў — і загадаў, каб Гундара вывелі.

Мікалая Аўтуховіча таксама выдалілі з першага пасяджэння. Любові Разановіч было кепска, Аўтуховіч патрабаваў, каб прывялі доктара для яе. Скончылася выдаленнем самога Мікалая Аўтуховіча.

Праўда, па просьбе пракурораў на наступнае пасяджэнне і Аўтуховіча, і Гундара вярнулі ў клеткі.

Калі Уладзіміру Гундару зачытвалі яго абвінавачванне, ён выслухаў, з цяжкасцю ўстаў і сказаў суддзі: зараз прачытаю верш! 

Уладзімір Гундар

Зачытаў ён верш Анатоля Сыса:

«Крыжавалі крумкача за колер чорны
дый гадалі: а якая ў яго кроў?
— Чорная! — прамовіў кат вучоны.
Чорная, нібы яго крыло.

Крыжавалі лебедзя за колер белы
дый гадалі: а ў яго якая кроў?
I забілі цьвік, і кроў пабегла
барваю на белае крыло.

— Чорная! — ускрыкнуў кат вучоны. —
гэткіх д’яблаў з крыжа не знімаць!
Чорная! Таму што сам ён чорны,
а за гэта грэх не крыжаваць».

Пасля Гундар дадаў, што не згодны з абвінавачваннямі. У гэты раз яго выдаляць не сталі.

Таксама на беларускай у судзе размаўляе Маёрава: але яна часам паўтарае сказанае на рускай, каб яе зразумелі пракуроры і ўсе іншыя.

Вядома, што ані Аўтуховіч, ані Гундар сваю віну не прызналі. Адмовіліся і ад супрацоўніцтва са следствам. Нават цяпер, на судзе, Уладзімір Гундар не захацеў гаварыць з пракурорамі, адказваў толькі на пытанні свайго адваката.

Таксама Гундар расказаў, што яго білі пры затрыманні супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі: «Мяне білі людзі ў цывільным. Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве.

Пастаянна пыталіся: «Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыццём сваёй сям'і за нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказанні?»

Перагародка знікла

Усе хадайніцтвы пракурораў традыцыйна прымаюцца судом. Хадайніцтвы абвінавачаных ці іх адвакатаў адхіляюцца. Часам узнікаюць увогуле незразумелыя сітуацыі: нявестка Разановічаў прысутнічала на некалькіх пасяджэннях, пасля яе выдалілі з залы суда, абвесціўшы, што яна атрымлівае статус сведкі і не можа прысутнічаць. Пра яе статус сведкі не ведала ані сама жанчына, ані адвакаты Разановічаў.

Разановіча-малодшага, былога работніка органаў унутраных спраў, вінавацяць у зліве даных. Пры гэтым у абвінавачанні была фраза, што ў справе аб зліве фігуруюць таксама аж «1300 неўстаноўленых асоб».

Быў яшчэ цікавы момант.

Пракурор звярнуў увагу, што ў Антона Мельхера ёсць нейкі сябар, які меў адміністрацыйныя парушэнні ў 2018 годзе. І папрасіў далучыць гэтую інфармацыю да справы. Адвакаты выступілі супраць — якое дачыненне гэта мае да сённяшняга працэсу? Але суддзя прыслухаўся да пракурораў і далучыў да справы інфармацыю пра сябра Антона». 

Абвінавачаныя скардзіліся на тое, як з імі абыходзіліся следчыя, на ўмовы, у якіх іх утрымліваюць зараз.

Мікалая Аўтуховіча перад судом змясцілі ў камеру, дзе было шмат прусакоў. 

На пачатку суда паміж дзвюма вялікі клеткамі, у якіх знаходзяцца абвінавачаныя, паставілі металічную перагародку, каб людзі не маглі бачыць адно аднаго.

Увогуле, уся гэтая тэатральнасць — асобныя клеткі для немаладых жанчын, дзясяткі ахоўнікаў — частка задумы, каб стварыць уражанне, што судзяць тэрарыстаў.

Хадайніцтвы абвінавачаных прыбраць яе суд адхіліў. Але на наступным пасяджэнні перагародка знікла. Куды падзелася — ніхто не ў курсе! Знік прадмет у рэжымным аб’екце!

Вольга Маёрава адразу заявіла адвод пракурорам: «Я так разумею, што мой лёс не вырашае ані вы, суддзя, ані пракуроры, а вырашае нехта над вамі!» 

Натуральна, адвод адхілілі.

«Не дажыву да канца прысуду»

Вядома таксама, што на працэсе пракуроры дапамагаюць суддзі — напрыклад, раяць нагадаць сведкам, што яны могуць не даваць паказанні, замест гэтага зачытаюць тыя, што чалавек даваў раней у КДБ. Суддзя прыслухоўваецца да гэтых парадаў. 

Так было нібыта з Паўлам Савай — ён хоць і сядзіць тут жа ў клетцы, але праходзіць таксама як сведка. Ён пагадзіўся, што хай лепш зачытаюць яго мінулыя паказанні, сам ён не будзе выступаць на працэсе.

Сава таксама папрасіў прабачэння ў людзей «па той бок перагародкі», паведаміў, што яны не заслугоўваюць таго, каб там знаходзіцца і ён зычыць ім апынуцца на волі.

Пасля Сава сказаў дзіўную фразу: «Я разумею, што не дажыву да канца прысуду».

Што гэта значыла — незразумела.

Павел Сава

Пасля Сава папрасіўся ў суседнюю клетку. Суддзя адказаў: гэта вырашае начальства турмы. Але на наступным пасяджэнні пажаданне выканалі: Саву памянялі месцамі з Віктарам Снегурам і перасадзілі ў іншую клетку.

Як і Сава, «вырашыў» не даваць паказанні святар Сяргей Рэзановіч. Зачыталі тое, што ён казаў на допытах у КДБ. Інфармацыя пра ракету для ліквідацыі Аляксандра Лукашэнкі — менавіта з мінулых паказанняў яго ў Камітэце дзяржбяспекі. 

Таксама ў сваіх паказаннях у КДБ святар Разановіч паведаміў, што гатовы супрацоўнічаць са следствам.

Ягоныя жонка і малодшы сын — у клетцы, на волі застаўся старэйшы сын, у якога цяжкая інваліднасць.

«Яны вінаватыя толькі ў тым, што былі са мной знаёмыя»

Мікалай Аўтуховіч падчас суда трымаецца добра. Пастаянна падае хадайніцтвы, задае пытанні. А калі зачытваюць абвінавачванні — проста ў клетцы чытае кнігу, дэманструючы, што лічыць гэта лухтой.

Калі прыйшоў яго час даць паказанні, Аўтуховіч сказаў: «дзе і калі я нарадзіўся вы і так ведаеце, таму раскажу пра іншае». І пачаў гаварыць пра свой бізнэс (грузаперавозкі), як яго будаваў, як пасля яго страціў. Расказаў пра свае крымінальныя справы. 

Таксама ён заявіў, што не згодны з фармулёўкай следства: сказаў, што ў яго былі планы аб адхіленні ад улады дзеючых яе прадстаўнікоў, але яны не насілі радыкальнага характару. Па словах Аўтуховіча, канчатковай мэтай яго дзеянняў была арганізацыя маштабнай акцыі пратэсту з максімальнай колькасцю людзей, але яго план не прадугледжваў праліцця крыві.

«Цалкам віну не прызнаю. Так, згодны, што нейкая частка праўды ёсць, аднак яна не тычыцца тых людзей, якія сядзяць разам са мной у гэтай зале суда. Яны вінаватыя толькі ў тым, што былі са мной знаёмыя. Многія моманты следства былі скажоныя. Разумею, што рашэнне па мне ўжо прынята на ўзроўні Лукашэнкі. Зразумела, што ўвесь гэты сцэнар быў спрадзюсаваны КДБ. Але ўсё роўна не разумею, на што разлічвалі следчыя, калі думалі, што ўсе гэтыя 11 чалавек пабаяцца сказаць, як усё было на самай справе», — сказаў Мікалай Аўтуховіч.

Падчас допыту ён таксама адзначыў, што тыя людзі, якія знаходзяцца сёння за кратамі, не з'яўляюцца яго паплечнікамі і абвінавачваюцца без падстаў.

Таксама ён гаварыў пра нялюдскія ўмовы, у якіх яго ўтрымліваюць у гродзенскай турме.

«Пасялілі ў камэру, якая называлася маразільнікам. Нас там было два чалавекі, а на кратах быў лёд. Там я пражыў сем месяцаў, і толькі дзякуючы ўмяшанню адваката мяне перавялі ў лепшыя ўмовы. Я ўжо «плююся лёгкімі»,

— гэтыя словы Мікалая Аўтуховіча апублікавалі ў «Советской Белоруссіі».

Але, акрамя гэтага, Аўтуховіч сказаў, што ў камеры немагчыма было высушыць вопратку, пастаянна вільготны ложак. Ён сказаў, што двойчы перахварэў на каронавірус, але ніхто яго не лячыў. Гэта ўжо скарацілі. 

Падчас паказанняў Аўтуховіча прыйшло шмат дзяржаўных журналістаў.

Калі абвінавачаных здымалі аператары дзяржтэлебачання, Любоў Разановіч не прамаўчала і паведаміла ім: усё, што адбываецца ў судзе — няпраўда, людзі ні ў чым не вінаватыя.

Пацярпелыя і «пацярпелыя»

Цікава, што сваякі абвінавачаных паміж сабою называюць іх «пацярпелымі».

Афіцыйна ж пацярпелымі па справе лічацца міліцыянты. Аўтуховіча «з паплечнікамі» вінавацяць у падпале дома і машыны ў Ваўкавыску ў кастрычніку 2020 года і ў падрыве машыны ў Гродне ў лістападзе 2020. Абедзве машыны і дом належалі супрацоўнікам міліцыі.

Ніхто з пацярпелых міліцыянтаў на суд не ходзіць. Вядома, што ў першы дзень прыязджалі двое пацярпелых з Ваўкавыска, падпісалі паперу, каб разглядалі без іх і больш на працэсе не з’яўляліся.

Адзін з гэтых пацярпелых — жыхар Ваўкавыска Анатоль Кавалевіч. Ён падумаў, што гарыць яго машына і пабег да яе так хутка, што пры гэтым парваў сухажылле на назе. Калі ж убачыў, што гарыць аўто суседа, то, нягледзячы на траўму, змог перагнаць сваю машыну ў іншае месца.

Анатоль Кавалевіч, пацярпелы

Цяпер Кавалевіч, як і гаспадары спаленых аўтамабіляў, таксама хоча кампенсацыю «за маральную і матэрыяльную шкоду».

* * *

10 чэрвеня, праваабаронцам стала вядома, што на судзе Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на стан здароўя. Ён захварэў ад таго, што ў камеры высокая вільготнасць і вельмі холадна. У судзе абвесцілі перапынак да 13 чэрвеня. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31