Знайсці
08.06.2022 / 21:15РусŁacБел

Прэм’ер-міністрам нібыта незалежнай «ДНР» прызначылі чыноўніка расійскага ўрада

Расія, прызнаўшы незалежнасць «ДНР» і «ЛНР», нават фармальна не лічыць патрэбным рабіць выгляд, нібыта гэта нейкія самастойныя дзяржавы. Пра гэта сведчыць сённяшняе прызначэнне выканаўцам абавязкаў «прэм'ер-міністрам» «ДНР» не кагосьці з мясцовых калабарантаў, а чыноўніка непасрэдна з Расіі. 

Сёння кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін адправіў у адстаўку ранейшага «прэм'ер-міністра» Аляксандра Ананчанку, прапанаваўшы яму «ўзначаліць развіццё дзяржсектара». А выканаўцам абавязкаў кіраўніка «ўрада ДНР» прызначаны Віталь Хацэнка.

Хацэнка — ураджэнец украінскага Днепрапятроўска (цяпер Дняпро), але ўсю кар'еру ён будаваў у Расіі, там вучыўся, там і працаваў. У 2013 годзе быў прызначаны міністрам энергетыкі, прамысловасці і сувязі Стаўрапольскага края, а ў 2019-м стаў дырэктарам дэпартамента прамысловай палітыкі і праектнага кіравання Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі.

Хацэнка — чалавек першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Сяргея Кірыенкі, які з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну курыруе ў Крамлі самаабвешчаныя рэспублікі і іншыя акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі. Нездарма і прызначэнне Хацэнкі адбылася якраз у той час, калі Кірыенка прыехаў на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны з чарговай камандзіроўкай. 

Праўда, у такой кадравай палітыцы Расіі ў дачыненнях з самаабвешчанымі і нібыта прызнанымі ёй рэспублікамі нічога новага няма. Варта прыгадаць, што ў 2009—2012 гадах кіраўніком урада ўжо фармальна прызнанай Расіяй у якасці незалежнай дзяржавы Паўднёвай Асеціі быў расійскі чыноўнік Вадзім Броўцаў, які спецыяльна для гэтага туды прыехаў. А ў 2011—2012 гадах Броўцаў нават чатыры месяцы выконваў абавязкі «прэзідэнта Паўднёвай Асеціі». 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
9
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
15
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930