Знайсці
09.06.2022 / 17:47РусŁacБел

Блогер Павук — старшыні Шклоўскага райвыканкама: Хутка мы вас вызвалім, пацярпіце крыху

Блогер Андрэй Павук патэлефанаваў старшыні Шклоўскага райвыканкама Андрэю Камко. Спытаў пра самападпал затрыманага ў РАУС, помнік Лукашэнку і «вызваленне» Марыупаля. Гэтая размова сярод іншых дыялогаў Павука з беларускімі чыноўнікамі вылучалася спакоем і ветлівасцю старшыні райвыканкама. Можа, прычына ў тым, што ён толькі год на пасадзе.

Перш за ўсё Андрэй Павук спытаў Андрэя Камко пра надзвычайнае здарэнне ў РАУС, дзе затрыманы, па афіцыйнай інфармацыі, падпаліў сябе і міліцыянта. Абодва ў выніку загінулі.

Камко сказаў, што вядзецца расследаванне, і ён не можа гэта каментаваць. «Калі пройдзе расследаванне, вынікі будуць апублікаваныя».

Павук спытаў, ці падабаецца старшыні Шклоўскага райвыканкама яго праца. «Любая праца павінна прыносіць задавальненне. Мне прыносіць», — адказаў той.

Знайшоўся ён што распавесці і пра дасягненні: «літаральна на днях новы дзіцячы садок увялі, які не мае практычна аналагаў — з электраацяпленнем, падагрэвам падлог і іншае», моладзь прыязджае, шмат прадпрыемстваў, працы хапае, зарплаты годныя, з іншых абласцей нават прыязджаюць.

— Скажыце, а ці ёсць музей Аляксандра Лукашэнкі? — пачаў абвастраць Павук.

— Ёсць музей у Александрыі, у школе, дзе Аляксандр Рыгоравіч вучыўся.

— А помнік?

— Як можна жывому чалавеку ставіць помнік? — знайшоўся Камко.

‒ Ну, чаму б не? Хіба ён не заслужыў?

— Заслужыў, але пакуль яшчэ не зусім будзе правільна.

— Калі памрэ, тады паставіце?

‒ Я спадзяваюся, што гэта не здарыцца ў найбліжэйшы час. Дай бог, яшчэ шмат гадоў Аляксандру Рыгоравічу. Няхай жыве і кіруе нашай дзяржавай.

— Ужо пажыў, хай і іншым дасць пажыць… — узмацніў напружанне Павук.

— Не нам вырашаць…

— Як не нам? Мы ж на выбары ходзім.

‒ Я пра тое, колькі гадоў жыць. А пра тое, колькі яму кіраваць, вырашае народ. Рашэнне было прынятая ў свой час, яно правільнае, выверанае і своечасовае.

— Праўда ў гэта верыце?

‒ На 200%.

— Я б хацеў, каб Ціханоўскі пакіраваў краінай.

— Ну, я думаю, што наўрад ці гэта здарыцца, з улікам таго, што ён знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, і не хутка адтуль, я спадзяваюся, выйдзе, — спакойна адказаў Камко.

— Вы бачылі яго ролікі? Яго народ палюбіў і быў за яго больш, чым за Лукашэнку.

— Напэўна, гэта ваша асабістае меркаванне. Я, напрыклад, не ведаю ў сваім асяроддзі чалавека, хто палюбіў бы Ціханоўскага або Ціханоўскую.

— Не шануюць іх у вас у Шклове?

— А за што іх шанаваць? Яны нешта добрае зрабілі?

— Ну, дэмакратыю, сумленныя выбары імкнуцца арганізаваць…

— Ну, вы ж бачылі дэмакратыю ў некаторых іншых краінах. Нам не патрэбная такая дэмакратыя. Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь задавальняе ўсё, што адбываецца ў нас.

— Дык у нас жа людзей забіваюць. На Украіну з тэрыторыі Беларусі нападаюць — браты расіяне нападаюць на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Вам падабаецца?

— Вы бачылі гэта? — па-ранейшаму спакойна працягнуў Камко.

— Дык сам Лукашэнка сказаў, што ракеты выпусцілі, а то «яны б першымі напалі».

— Ну значыць, была ў тым неабходнасць.

— Дык вы за вайну з Украінай?

— Хто вам сказаў?

‒ Вы супраць?

— Што супраць?

‒ Вайны з Украінай?

— Я ў цэлым супраць вайны, любых ваенных дзеянняў, — Камко ўпершыню прыкметна занерваваўся і растлумачыў. — Там вядзецца спецыяльная ваенная аперацыя па вызваленні некаторых тэрыторый.

— Марыупаль, бачылі, як вызвалілі ўшчэнт? 25 тысяч забітых марыупальцаў.

‒ Ну так… а хто іх забіў?

— Ну хто іх забіў? — усміхнуўся Павук і даў намёк. — Пакуль вызваліцелі не прыйшлі, ніхто іх не забіваў.

— Ну вы там былі, бачылі, што там дзеецца? — сабраўся з адказам старшыня.

— Ну вы там былі, бачылі, што так дзеецца? — у сваю чаргу перапытаў Павук. — Пакуль «вызваліцелі» не прыйшлі ніхто там не паміраў, рускамоўны горад.

— Я не магу гэтыя пытанні абмяркоўваць, гэта не мая кампетэнцыя, — знайшоўся Камко. — У вас канкрэтныя пытанні ёсць нейкія да мяне?

— Андрэй Леанідавіч, ну гэта… бярыцеся ўжо за галаву, не служыце Лукашэнку, ён злачынец.

— Я кажу, у вас канкрэтныя пытанні ёсць да мяне, нейкія праблемы, якія трэба вырашыць? — здзівіў вытрымкай Камко.

— Дзякуй, што пагаварылі. Хутка мы вас вызвалім, пацярпіце крыху.

«Не чуў пра такіх, хто не любіць Лукашэнку». Блогер Павук абзвоньвае сілавікоў

Як выглядае кватэра Андрэя Павука пасля ператрусу

«Выводзілі з хаты ў наручніках». Затрымлівалі і аштрафавалі бацькоў спявачкі Маргарыты Ляўчук

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера