Знайсці
10.06.2022 / 11:40РусŁacБел

Лукашэнка заклікаў «зачысціць грамадства ад нягоднікаў» з няўрадавых арганізацый

Аляксандр Лукашэнка заклікаў зачысціць грамадства ад «нягоднікаў» з няўрадавых арганізацый. Усе павінны пайсці працаваць, прыбірацца і напружвацца, бо вакол усё палыхае. З такім пасланнем ён звярнуўся да чыноўнікаў на семінары-нарадзе «актуалізацыя метадаў і формаў працы з насельніцтвам на мясцовым узроўні», паведамляе reform.by.

Фота: БелТА

Лукашэнка распавёў, што пад «моднай шыльдай» недзяржаўных арганізацый па абароне сабак і катоў «падкідвалі палітычна ангажаваных людзей».

«І вось яны выплюхнулася ў шэрагу першых у 2020 годзе. Гэта значыць, з-за нашага патурання, усіх нас з вамі, і мяне ў тым ліку. Узніклі вось такія малыя астраўкі ў нашым грамадстве, якія абсарбавалі да сябе ўсё тое, супраць чаго мы павінны былі змагацца. Ну і атрымалі», — выклаў ён абстаноўку сабраным на мерапрыемства чыноўнікам.

Цяпер, па яго словах, усіх трэба зачысціць. Зрабіць гэта трэба ва ўмовах палаючага вострава.

«Добра, што цяпер працэс пайшоў жорстка. Я хацеў бы, каб улада разумела, што грамадства павінна быць зачышчанае ад гэтых нягоднікаў. Усе павінны пайсці працаваць, прыбірацца і напружвацца для таго, каб захаваць мір і спакой вось на гэтым астраўку. Гэта ўжо астравок, Беларусь. Вы што, не разумееце гэтага. Вакол усе палае. Дзесьці ідзе вайна гарачая, а дзесьці пакуль частка гібрыднай вайны, звязаная са сродкамі масавай інфармацыі, эканомікай і гэтак далей. Усё палае вакол. Нам спакою не дадуць. А мы павінны абаперціся і выставіць», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што мясцовыя ўлады павінны бачыць ініцыятывы грамадзян, адгукацца на іх, каб тыя не хадзілі ў «ангажаваныя НКА». У цэлым жа, у яго разуменні, грамадзянская супольнасць павінна быць партнёрам дзяржавы, а не знаходзіцца ў апазіцыі яму. Таму праца грамадзянскай супольнасці будзе ўрэгуляваная ў законе. У прыватнасці, забароняць фінансаванне недзяржаўных структур з-за мяжы.

«Найбольш аўтарытэтныя суб'екты, якія будуць адпавядаць патрабаванням закона «аб грамадзянскай супольнасці», павінны будуць стаць арганічнай часткай Усебеларускага народнага сходу. Гэта важная задача на найбліжэйшую перспектыву», — сказаў ён.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
35
Ха-ха
31
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
64
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930