Знайсці
24.06.2022 / 09:18РусŁacБел

Спёка вяртаецца. Як сябе паводзіць у такое надвор’е?

Пасля кароткай перадышкі да нас вярнулася спякотнае надвор’е. Як перажыць яго з найменшай шкодай для здароўя? Нагадваем важныя правілы бяспекі.

Падчас спёкі нашаму целу можа быць цяжка кампенсаваць высокую тэмпературу навакольнага асяроддзя і астуджаць сябе. Наступствы — перагрэў і цеплавы ўдар. Небяспека расце ва ўмовах высокай вільготнасці, калі пот выпараецца з меншай хуткасцю, а таксама ў залежнасці ад стану здароўя.

Узрост, наяўнасць атлушчэння, ліхаманкі ці абязводжвання, сардэчныя і ментальныя хваробы, дрэнны кровазварот, сонечны апёк, ужыванне лекаў і алкаголю — усё гэта ўплывае на тое, як мы пераносім спякотнае надвор’е.

Але нават маладым людзям, хто не мае хранічных хваробаў, можа зрабіцца дрэнна ў спёку. Пазбегнуць гэтага можна так:

  • Праводзьце на вуліцы менш часу, асабліва ў сярэдзіне дня, калі тэмпература самая высокая. Калі ж вы працуеце або трэніруецеся на вуліцы, рабіце частыя перапынкі ў цені ці ў памяшканні пад кандыцыянерам, падчас якіх піце ваду.
  • Выкарыстоўвайце сонцаахоўную касметыку і не забывайце яе нанава наносіць на скуру праз пэўны час.
  • Перагледзьце інтэнсіўнасць сваіх спартовых трэніровак — пачынайце занятак з малой нагрузкі і павышайце яе паступова. Гэты ж прынцып варта ўжываць і да звычайнай працы.
  • Насіце лёгкае і свабоднае адзенне светлых колераў. Калі працуеце на вуліцы, надзявайце галаўны ўбор.
  • Праверце, ці ў парадку ваш сябар ці сусед, і папрасіце зрабіць тое ж самае для вас.
  • Не гатуйце ежу з дапамогай пліты ці духоўкі, бо гэта зробіць тэмпературу ў памяшканні яшчэ вышэйшай.
  • Прымайце халодны душ ці ванну, каб ахладзіць цела.
  • Піце больш вады, чым звычайна, не чакайце адчування смагі.
  • Пазбягайце прамых сонечных промняў і хавайцеся пры магчымасці ў цень.
  • Не пакідайце дзяцей ці жывёл адных у аўтамабілі.
  • Ешце менш. Аддавайце перавагу садавіне, багатай на клятчатку і сокі, і пазбягайце ежы, у якой шмат бялку — арганізму будзе цяжка пераварваць яе ў спёку.

У групе рызыкі — пажылыя людзі, асабліва старэйшыя за 75 гадоў, дзеці да 2 гадоў, а таксама людзі з хранічнымі хваробамі, у тым ліку з захворваннямі сэрца, нырак ці лёгкіх, дыябетам, хваробай Паркінсана і некаторымі ментальнымі хваробамі. Не ў меншай небяспецы і тыя, хто праводзіць шмат часу на вуліцы ці ў гарачых памяшканнях: напрыклад, тыя, што жывуць на верхнім паверху шматпавярховіка, бяздомныя людзі ці тыя, хто працуе на вуліцы.

Цеплавое знясіленне 

Так называюць клінічны сіндром, які можа здарыцца пасля ўплыву на арганізм высокіх тэмператур і які часта суправаджаецца абязводжваннем. 

Выдзяляюць два тыпы цеплавога знясілення. На першы з іх, звязаны з недахопам вады, указвае празмерная смага, галаўны боль, слабасць і страта прытомнасці. 

Ёсць і другі тып цеплавога знясілення, выкліканы недахопам у арганізме соляў, неабходных для падтрымкі належнага ўзроўню вады. У гэтым выпадку выдзяляюць такія сімптомы: млоснасць, ваніты, спазмы ў мускулах і галавакружэнне. І яшчэ: падчас спёкі трэба ўважліва ставіцца да такіх сімптомаў, як бледная скура, празмернае потавыдзяленне, стомленасць і зблытаная свядомасць.

Цеплавое знясіленне не пагражае жыццю, але, калі не ставіцца да яго сімптомаў сур'ёзна, яно можа перарасці ў нашмат больш небяспечную з'яву — цеплавы ўдар.

Таму калі вы ці нехта іншы мае адзначаныя вышэй сімптомы, ваш першы крок — неадкладна сысці са спёкі і адпачыць, лепей за ўсё рабіць гэта ў пакоі з кандыцыянерам. Таксама раяць піць шмат вадкасці і пазбягаць кавы і алкаголю, бо такія напоі, наадварот, спрыяюць вывядзенню вадкасці з арганізма. 

Варта зняць з сябе лішняе адзенне і прыняць халодны душ ці ванну, ці хаця б абцерці цела мокрай халоднай губкай. Можна прымяняць і іншыя спосабы, каб астудзіць сябе, напрыклад, пакласці мокры халодны рушнік на лоб.

Калі ўсе гэтыя меры не дапамагаюць на працягу 15 хвілін, трэба неадкладна шукаць прафесійную медыцынскую дапамогу.

Цеплавы ўдар

Гэта найбольш сур'ёзнае медычнае наступства спёкі. Цеплавы ўдар можна атрымаць, калі цела праз спёку больш не можа кантраляваць сваю тэмпературу. Гэта адбываецца так: тэмпература цела павышаецца, механізм потавыдзялення парушаецца і цела губляе здольнасць астуджаць сябе.

Падчас цеплавога ўдару тэмпература цела чалавека можа павысіцца да 40-41 градуса ўсяго за 10-15 хвілін. Гэта, у сваю чаргу, можа хутка нанесці вялікую шкоду мозгу, сэрцу, ныркам і мускулам. Калі не прыняць меры, цеплавы ўдар можа выклікаць інваліднасць ці нават смерць чалавека.

Сімптомы ў цеплавога ўдару наступныя:

  • Высокая тэмпература цела (40 градусаў ці нават вышэй). Гэта галоўная прыкмета цеплавога ўдару.
  • Змены ў псіхічным стане ці ў паводзінах. Зблытаная прытомнасць, нездаровая ўзбуджанасць, незразумелая гаворка, раздражняльнасць, трызненне, сутаргі і кома — усё гэта можа быць вынікамі цеплавога ўдару.
  • Анамальнае потавыдзяленне. Калі цеплавы ўдар выкліканы спякотным надвор'ем, ваша скура будзе гарачай і сухой. Таксама пры цеплавым удары, выкліканым сур'ёзнымі фізічнымі нагрузкамі, скура будзе сухой ці толькі крыху вільготнай.
  • Млоснасць і ваніты.
  • Пачырванелая скура.
  • Частае дыханне і пульс.
  • Галаўны боль.

Пры цеплавым удары, раяць медыкі, варта адразу ж звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Пакуль вы яе чакаеце, памясціце чалавека, які атрымаў цеплавы ўдар, у цень ці ў памяшканне і здыміце з яго лішняе адзенне.

Потым пастарайцеся астудзіць цела чалавека любымі магчымымі спосабамі. Памясціце яго ў халодную ванну ці душ, намачыце губку халоднай вадой і пратрыце яго цела, пакладзіце пакеты з лёдам або мокрыя халодныя ручнікі на галаву, шыю, падпахі і пахвіны чалавека.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Колькі вады насамрэч трэба піць

Рэцэпт на выхадныя: персікавае марозіва джэлата

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера