Знайсці
11.06.2022 / 09:23РусŁacБел

Паміж Расіяй і Азербайджанам разгараецца медыйная вайна з-за Украіны і Карабаха

З вясны расійскія ўлады закрываюць доступ да азербайджанскіх навінных сайтаў за нібыта недакладнае асвятленне вайны ва Украіне, а Азербайджан заблакаваў сайт агенцтва РІА «Навіны». У пятніцу стала вядома, што Баку адмовіў у дазволе на жыхарства супрацоўнікам расійскага агенцтва «Спутнік». Што адбываецца, спрабавала разабрацца руская служба BBC.

Азербайджанскія СМІ пачалі блакаваць у Расіі яшчэ ў першыя дні вайны ва Украіне. Кіраўніцтва азербайджанскіх сайтаў Minval.az, Haqqin.az і Oxu.az распавяло журналістам, што яны былі заблакаваныя без якога-небудзь апавяшчэння з боку Раскамнагляду. На сайце самога ведамства, дзе можна праверыць, ці абмежаваны доступ да сайта, ёсць толькі інфармацыя пра два з іх — Minval.az і Oxu.az. Доступ да рэсурсаў заблакаваны, як сказана, па Законе аб абароне інфармацыі, але канкрэтныя прычыны не пазначаныя. У Баку гэта звязваюць з асвятленнем вайны ва Украіне.

Патрабаванне выдаліць адзін з тэкстаў прыйшло ад Раскамнагляду таксама ў папулярнае мясцовае агенцтва 1news.az. У лісце расійскага ведамства гаворыцца, што адна з публікацый на сайце дэстабілізуе грамадска-палітычную абстаноўку ў РФ.

У Азербайджане сапраўды шмат хто спачувае Украіне, у Баку праходзілі праўкраінскія мітынгі, а азербайджанскія СМІ часта цытуюць сусветныя і ўкраінскія СМІ пры асвятленні расійскага ўварвання.

З іншага боку, у Азербайджане многія незадаволеныя падыходам расійскіх СМІ да асвятлення карабахскага канфлікту з суседняй Арменіяй.

Два дэпутаты парламента Азербайджана, а таксама кіраўнік Асамблеі азербайджанцаў свету Рашад Гуліеў прапаноўвалі закрыць азербайджанскае аддзяленне расійскага агенцтва «Спутнік». Гуліеў напісаў, што Маргарыта Сіманьян не раз выказвалася ў сваім тэлеграм-канале супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана.

Пасля паражэння Арменіі ў вайне ў Карабаху 2020 года Сіманьян у сацыяльных сетках пісала: «Крытыкаваць грамадзяне Арменіі могуць толькі сябе. За тое, што прывялі да ўлады нацыянальнага здрадніка, які, пасварыўшыся з адзіным гістарычным заступнікам армянскага народа, стварыў перадумовы для гэтай вайны».

А ўжо на пачатку чэрвеня ў Азербайджане заблакавалі доступ да сайта РІА «Навіны», дзе было апублікаванае інтэрв'ю з адным з прадстаўнікоў непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі. У МЗС Азербайджана гэта назвалі «распаўсюджваннем інфармацыі, якая выступае супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана і прапагандуе паклёпніцкі характар ​​і сепаратысцкія тэндэнцыі».

Прадстаўнікі Расіі блакаванне сайта не каментавалі, аднак азербайджанскія СМІ заўважылі, што з сайта РІА «Навіны» інтэрв'ю знікла.

10 чэрвеня стала вядома, што грамадзянам Беларусі, шэф-рэдактарцы «Sputnik-Азербайджан» Вераніцы Антонавай-Трызна і яе мужу, прадзюсару прэс-цэнтра Sputnik Паўлу Антонаву, адмовілі ў працягненні дазволу на працу ў краіне. Медыяэксперт і кіраўнік азербайджанскага інфармагенцтва «Туран» Мехман Аліеў называе тое, што адбываецца, «схаваным двубоем». Паводле яго слоў, Расія вядзе ў дачыненні да Азербайджана дваістую палітыку.

«З аднаго боку, Расія дэкларуе ўсталяванне доўгатэрміновага міру паміж Азербайджанам і Арменіяй, выступае за мірнае суіснаванне, тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджана. Але з другога — у сродках масавай інфармацыі ўжываецца фраза «Нагорна-Карабахская рэспубліка», не называюць гэта незаконным утварэннем, і яны працягваюць гэта рабіць», — кажа ён.

Паводле слоў Аліева, у Баку разумеюць, што прэса ў Расіі не самастойная, і расцэньваюць гэта як спробу ціску на Азербайджан, а Баку ў адказ таксама ўздзейнічае на расійскія СМІ.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера