Арастовіч заявіў, што з пачатку вайны загінула да 10 тысяч украінскіх вайскоўцаў
«У нас на пачатку канфлікту гінула 100 [чалавек] за суткі ў сярэднім. Але ў расійскім войску 1000 [чалавек] за суткі гінула ў першыя 20-30 дзён. Цяпер 200-300 [расіян] гінуць, не менш», — сказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны падчас стрыму з Маркам Фэйгіным.
Фота Chris Furlong
На пытанне Фэйгіна пра тое, ці можна зыходзячы з такіх падлікаў сказаць, што ўкраінскае войска страціла да 10 тысяч байцоў, Арастовіч адказаў: «Так, недзе так».
У апошні раз улады Украіны паведамлялі пра агульныя страты 16 красавіка. Тады Уладзімір Зяленскі заявіў, што за час вайны загінула ад 2500 да 3000 украінскіх вайскоўцаў, яшчэ каля 10 тысяч атрымалі раненні.
10 чэрвеня дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк паведаміў, што на вайне штодня гінуць ад 100 да 200 украінскіх вайскоўцаў.
Міністэрства абароны Расіі ў апошні раз паведамляла пра страты 25 сакавіка. Тады ведамства заявіла, што з пачатку «спецаперацыі» ва Украіне загінуў 1351 вайсковец, яшчэ 3825 чалавек атрымалі раненні. Журналісты адзначаюць, што па стане на 10 чэрвеня публічна пацверджаная гібель больш за 3500 чалавек.
Генштаб УСУ ацэньвае страты Расіі ў 32 тысячы чалавек. Незалежныя эксперты называюць лічбы ад 15 да 20 тысяч забітых расіян.





