Знайсці
13.06.2022 / 07:18РусŁacБел

Кіраўнік Еўракамісіі: Украіне трэба будзе яшчэ шмат зрабіць, каб адпавядаць крытэрыям ЕС

Сёння Еўракамісія абмяркуе статус Украіны, Грузіі і Малдовы ў якасці кандыдатаў у ЕС

Фота: AP

У панядзелак Еўракамісія мае намер абмеркаваць наданне статусу кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз Украіне, а таксама Грузіі і Малдове.

Як заявіла на сумеснай з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім прэс-канферэнцыі ў Кіеве кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, само рашэнне па заяўцы Кіева будзе прынятае не пазней за канец гэтага тыдня.

Зрэшты, нават у выпадку станоўчага вырашэння пытання гэта стане толькі першым крокам у вельмі працяглым працэсе.

Спачатку ўсе 27 краін — членаў ЕС павінны даць сваю згоду на наданне Украіне статусу кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз, пасля чаго пачнуцца грунтоўныя перамовы па рэформах, якія Кіеў абавязаны будзе ажыццявіць, каб адпавядаць усім крытэрыям члена ЕС.

Пры гэтым фон дэр Ляен, якая ўжо другі раз з пачатку вайны прыязджае ў сталіцу Украіны, не прамінула нагадаць Уладзіміру Зяленскаму, што нягледзячы на паспяховы ход адміністрацыйных і іншых рэформаў, трэба будзе яшчэ вельмі многае зрабіць.

«Хоць вы многае зрабілі для ўмацавання законнасці, неабходныя і іншыя рэформы, да прыкладу, для барацьбы з карупцыяй», — падкрэсліла кіраўнік Еўракамісіі.

Уладзімір Зяленскі, у сваю чаргу, скарыстаўся сумеснай прэс-канферэнцыяй, каб лішні раз нагадаць, што «цэллю Расіі з'яўляецца ўся Еўропа, і Украіна — гэта толькі першая стадыя гэтай агрэсіі».

«Вось чаму станоўчы адказ ЕС на заяўку Украіны аб уступленні ў ЕС мог бы стаць і станоўчым адказам на пытанне, ці ёсць будучыня ў еўрапейскага праекта», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера