Знайсці
14.06.2022 / 15:00РусŁacБел

Прэзідэнт Фінляндыі: Я б больш турбаваўся пра ўкраінцаў, чым пра тое, што адчуваюць рускія

Днямі Саўлі Нійнісцё даў вялікую прэс-канферэнцыю, дзе расказаў, чым небяспечны Пуцін і чаму, па ягоным меркаванні ён пачаў вайну. А прэзідэнт Фінляндыі камунікаваў з Пуціным бесперапынна цягам дзесяцігоддзя, нагадвае The Wall Street Journal.

Нійнісцё на сустрэчы з Пуціным у 2018 годзе. Фота: Associated Press

Саўлі Нійнісцё патэлефанаваў Уладзіміру Пуціну 14 мая, каб паведаміць, што Фінляндыя падае заяўку на ўступленне ў НАТА. Крэмль спачатку прыгразіў Хельсінкі, але пазней змяніў тон на больш лагодны

«Пуцін быў вельмі спакойны. Ён мае халодную кроў», — сказаў Нійнісцё падчас інтэрв'ю ў прэзідэнцкім палацы на мінулым тыдні.

«Калі рускі злуецца, то будзьце асцярожныя. Але калі ён спакойны, будзьце яшчэ асцярожнейшыя».

Як і большасць іншых фінаў, прэзідэнт ведае доўгую і жорсткую гісторыю адносін сваёй краіны з Расіяй. Але ў яго таксама ёсць перавага — ён размаўляў з Пуціным незлічоную колькасць разоў з тых часоў, як стаў прэзідэнтам дзесяць гадоў таму. Гэта дазволіла яму вельмі глыбока пранікнуць у думкі дыктатара.

«Я разумею, што не перадаць гэтую інфармацыю непасрэдна Пуціну або непасрэдна Расіі было б кшталту выскачыць з-за рога, — кажа ён пра заяву па НАТА, — Гэта не па-фінску».

Ён успамінае, што Пуцін проста сказаў яму, што Масква не з'яўляецца пагрозай, і «вы здзейснілі памылку».

Нійнісцё таксама перадаў Пуціну «прывітанне» ад прэзідэнта Украіны.«Ён хоча паглядзець Пуціну ў вочы. «Толькі ўдвох», як сказаў Зяленскі. Пуцін адмовіўся».

Фінскі лідар таксама «спрабаваў спытаць яго аб ваенных дзеяннях, і калі будзе магчымасць спынення агню або чагосьці яшчэ. Яго адказам была доўгая гісторыя, якую ён паўтарае ўсім запар. Не вельмі канструктыўна».

Іншыя еўрапейскія лідары падаюцца больш аптымістычнымі. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон працягвае свае тэлефонныя размовы са спадаром Пуціным і кажа, што Захад не павінен зневажаць Расею.

Нійнісцё бачыць пэўную каштоўнасць у захаванні адкрытых ліній сувязі, але кажа: «я б значна больш турбаваўся пра ўкраінцаў, чым пра тое, што адчуваюць рускія».

Як змяніўся Пуцін за гэтыя гады? «Чамусьці ён адчувае, што Захад здрадзіў Расіі ў 90-я», — кажа ён. З часам гэта «базавае пачуццё» стала ўсёпаглынальным, падштурхоўваючы Пуціна да «пошуку рэчаў, якія падтрымліваюць гэта негатыўнае мысленне. Можа быць, гэта і няпраўда, але калі вы схільныя думаць, што вам здрадзілі, то «яны» мусяць здрадзіць зноў». Украіна трапіла ў гэтую спіраль негатыву.

«Не факт, што ён ненавідзіць украінцаў», — кажа Нійнісцё, — Але ён ненавідзіць сітуацыю, калі Расія страціла сувязь з Украінай. Спачатку расчараванне, затым гнеў, а пасля, магчыма, нянавісць. Я думаю, што ў звычайным жыцці мы бачым некаторых людзей, якія ў пэўным сэнсе падсілкоўваюць сябе негатыўнымі пачуццямі і гэта выліваецца ў нянавісць». Гэтая нянавісць цяпер паставіла пад пагрозу мільёны жыццяў, бо вайна супраць Украіны працягваецца.

Фінляндыя дзесяцігоддзямі схілялася да Захаду. Яна ўступіла ў ЕС у 1995 годзе і шмат гадоў супрацоўнічала з НАТА, але да поўнага збліжэння маглі прывесці толькі паводзіны Пуціна. Прэзідэнт і прэм'ер-міністр Фінляндыі абвясцілі пра жаданне ўступіць у НАТА ў маі, але працэс пачаўся месяцамі раней.

«У канцы лістапада ці пачатку снежня мы чулі, як рускія таксама казалі, што НАТА не павінна існаваць ці не павінна прымаць больш новых членаў», — тлумачыць Нійнісцё. Гэта датычылася і Фінляндыю са Швецыяй, якія таксама імкнуцца да сяброўства.

«Ну, гэта прывяло да дзіўнай сітуацыі». Краіны не адчувалі асаблівай патрэбы ўступаць у НАТА, хоць і пакідалі свае дзверы адкрытымі.

Патрабаванні Пуціна стварылі невыносную сітуацыю, бо свет мог падумаць, што яны поўзаюць перад Крамлём, калі не ўступаюць у НАТА. «Гэта ментальна змяніла сітуацыю». Нійнісцё дае зразумець, што «у мяне было іншае меркаванне» аб тым, ці можа Пуцін вырашаць, з кім Фінляндыі ўступіць у саюз.

Перавагі сяброўства ў НАТА, у першую чаргу яго палажэнні аб узаемнай абароне, відавочныя для Фінляндыі. Але што гэта дасць ЗША?

«Мы больш ўмацоўваем НАТА, чым аслабляем яго. Калі мы палічым нашы навучаныя рэзервы, то ў нас будзе прыкладна 300 тысячаў узброеных мужчын і жанчын. Гэта больш, чым у Германіі, калі яны палічаць свае рэзервы». Звярніце ўвагу, што немцаў 84,3 мільёна, а фінаў — усяго 5,6 мільёнаў.

Канстытуцыя Фінляндыі патрабуе, каб кожны грамадзянін рабіў унёсак у нацыянальную абарону. Паводле звестак фінскіх вайскоўцаў, мужчыны ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў «падлягаюць вайсковай службе».

«Пасля праходжання вайсковай службы яны залічваюцца ў рэзерв сіл абароны Фінляндыі». Краіна валодае найбуйнейшым артылерыйскім арсеналам ў Еўропе і нядаўна замовіла 64 знішчальніка F-35. Сісу, фінскі баявы дух — гэта яшчэ адна нематэрыяльная перавага. Фінляндыя зрабіла ўнёсак у барацьбу супраць руху «Талібан» у Афганістане і супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку.

Прэзідэнт, які нарадзіўся ў 1948 годзе, настойвае на тым, што краіна «ніколі не забывала» ўрокі Другой сусветнай вайны.

Ацэнкі адрозніваюцца, але падчас няўдалага ўварвання ў Фінляндыю ў 1939-40 гадах загінула каля 200 000 савецкіх салдат. Масква страціла, магчыма, яшчэ чвэрць мільёна чалавек у баях паміж 1941 і 1944 гадамі. Гэта выратавала Фінляндыю ад расейскага панавання, але таксама затрымала поўную інтэграцыю з Захадам.

Сёння Расія не з'яўляецца самай вялікай пагрозай для ўступлення Фінляндыі ў НАТА. Гэта Анкара.

«Паведамленне з Турцыі крыху змянілася. Па-першае, спачатку яны былі за. Эрдаган сказаў мне, што яны дазволяць нам уступіць», — кажа Нійнісцё, спасылаючыся на гутарку 4 красавіка з прэзідэнтам Эрдаганам. «Праз некалькі дзён Эрдаган раптам сказаў «не»».

Швецыя і Фінляндыя — не адзіныя краіны, зацікаўленыя ў вырашэнні гэтай спрэчкі. Пуцін гадамі дамагаўся спынення палітыкі адчыненых дзвярэй НАТА, бо ведае, што няшмат заходніх краінаў падтрымліваюць Расію.

«НАТА тут ёсць што абараняць», — кажа спадар Нійнісцё. Прэзідэнт Байдэн, які абяцаў умацоўваць альянс, нясе велізарную адказнасць за пошук прымальнага рашэння і прадухіленне таго, што стане катастрофай для многіх пакаленняў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930