Знайсці
15.06.2022 / 07:53РусŁacБел

«Ніхто не разумеў, навошта нас туды наогул прыцягнулі». Украінскі электрык расказаў, як яго вывезлі ў Беларусь

У самым пачатку вайны некалькі ўкраінцаў-электраманцёраў накіраваліся рамантаваць электрасеткі ў вёску, дзе стаялі расійскія вайскоўцы. Адтуль яны трапілі ў Беларусь, пра што была публікацыя. Сем'і зніклых мужчын заяўлялі, што іх сваякі трапілі ў палон. Яны баяліся, што іх блізкія не вернуцца, але, на шчасце, праз пару дзён украінцы ўсё ж з'явіліся дома. З-за часовай акупацыі той часткі Чарнігаўшчыны журналістам удалося пагаварыць з вывезенымі электрыкамі толькі цяпер. Zerkalo.io расказвае, чаму мужчын звезлі і што з імі адбывалася.

«Ляжалі тварам у зямлю да пятай вечара»

Раніцай 27 лютага сямёра электраманцёраў з Гарадні, невялікага горада ў Чарнігаўскай вобласці, паехалі ў вёску Ільмоўка рамантаваць электрасеткі (пасля абстрэлу там прапала электрычнасць). Вёска знаходзіцца пад самай мяжой з Беларуссю: да яе, як паказваюць карты Google, усяго два кіламетры.

У той момант каля Ільмоўкі ўжо стаялі расійская тэхніка і блокпост. Там, на блокпасце, усё і пачалося, успамінае 29-гадовы Міхаіл Дудко, дзяўчына якога расказвала яшчэ тады пра тое, што здарылася, журналістам «Зеркала».

«Нас спынілі, паклалі ўздоўж дарогі тварам у зямлю. Высвятлялі: хто такія, куды едзем — з якой мэтай, — расказвае хлопец. — Правяралі дакументы, канфіскавалі іх і тэлефоны. Сім-карты адразу выцягнулі і зламалі. Мы ўсё расказалі, яны паглядзелі машыны. Культурна, ветліва.

Дзесьці праз паўгадзіны пад'ехала яшчэ адна машына, яе гэтак жа сама спынілі, усіх паклалі побач з намі. Вайскоўцы ходзяць паміж намі і кажуць: «Цяпер знойдуць старасту, яна вас апазнае, і вы паедзеце». Ужо нават машыны нашы развярнулі на Гарадню, але трэба было пачакаць яшчэ. Як я зразумеў, прапускалі нейкую калону тэхнікі. Мы хоць бы ўжо крыху супакоіліся. Колькі ў выніку на зямлі праляжалі, ужо не ўспомню, але дакладна доўга. Можа, гадзіны да пятай вечара, таму што, калі ўставалі, на нагах ніхто не стаяў — усё настолькі зацякло.

Міхаіл Дудко. Фота з асабістага архіва

Калі мужчын паднялі і перавялі да нейкага плота, ужо дазвалялі курыць і адпускалі ў туалет «без рэзкіх рухаў і без глупстваў». З салдатамі, успамінае Міхаіл, нават разгаварыліся.

«Абмяркоўвалі, што па чым, якая праца. Адныя пыталіся, смеючыся, ці аплачваюць нам перапрацоўкі, калі мы да ночы працуем, — кажа ён. — Пераводзілі грошы ў даляры, каб было прасцей зразумець, колькі гэта па курсе. Хоць бы разрадзілі сітуацыю. Нам яны не казалі, навошта прыехалі ва Украіну, але з натоўпу было чуваць, што нібыта ў іх вучэнні. Наогул, у іх не было апазнавальных знакаў, але мы па лексіцы, па гаворцы зразумелі, што яны расіяне (ведаеце, як сваякі з Расіі размаўляюць, калі прыязджаюць)».

Тады мэр Гарадні Андрэй Богдан расказваў «Зеркалу», што з блокпастом была дамова: прыедуць 7 электрыкаў, а прыехала 11. «Электраманцёры парушылі дамоўленасці: паехалі не самі, забралі яшчэ нашых гараднянскіх», — тлумачыў тады чыноўнік.

Паводле яго слоў, на тэлефонах тых хлопцаў знайшлі нешта звязанае з фотаздымкамі вайсковай тэхнікі, з-за чаго ўсіх прынялі за дыверсантаў і затрымалі. Вось што пра гэта распавядае Міхаіл.

«Нас аказалася не сем, а восем чалавек, таму што з намі паехаў старшы майстар: пабаяўся адпусціць адных у такі час. А астатнія прыехалі на другой машыне самі. Але і нам казалі, што на блокпасце ўсё дамоўлена, што пра нас ведаюць. А аказалася, што ніхто не быў у курсе. Што тычыцца картаў, то пасля 25-га лютага ў Viber былі паведамленні, дзе вядуцца баявыя дзеянні, а дзе спакойна, куды можна эвакуявацца.

І вайскоўцы пачалі пытацца, чаму ў нас ва ўсіх аднолькавая карцінка з картай: «Адкуль у вас нашы карты наступлення? Хто вы такія?» Мы казалі: «Паглядзіце, гэта ж масавая рассылка, а не нейкія фота вайсковай тэхнікі». У нас атрымалася ім усё растлумачыць».

Ужо ў прыцемках украінцам зноў паабяцалі, што хутка адпусцяць. Прынеслі дакументы і тэлефоны. Пастроілі ўсіх і адвялі ў цэнтр вёскі. Там, мяркуе хлопец, у іх было нешта накшталт часовага штаба.

«Нас кудысьці адвялі. Маўляў, пасядзіце, мы пойдзем і вы паедзеце. Нават прынеслі сухпайкі, цыгарэты. Да ночы ўжо было вельмі холадна, мы сталі «кучкавацца», каб хоць як-небудзь сагрэцца. Тады нас перавялі на прыпынак. Там з трох бакоў сцены, хоць бы не дзьмула, там ужо было раскошна! Прынеслі нават нешта накшталт ліставога ўцяпляльніка, каб нам не сядзець на зямлі. Потым зноў прыйшлі: «Цяпер будзем сыходзіць, прынясём вам усё канфіскаванае і зможаце ехаць». Мы наогул узрадаваліся!»

Вайскоўцы сталі раз'язджацца. Электрыкі ўжо спланавалі: уначы ехаць небяспечна, таму пераначуюць у мясцовых у вёсцы. Але з'явіліся іншыя людзі ў форме, мужчын зноў пастроілі і спачатку кудысьці доўга вялі, а пасля пагрузілі ў машыны і павезлі. Куды і навошта, ніхто не тлумачыў.

«А навошта вас сюды прыцягнулі?»

Ужо бліжэй да світання электрыкі апынуліся ў вёсцы Глыбоцкае. Яна ў Гомельскім раёне недалёка ад мяжы з Украінай. Машына спынілася дзесьці за населеным пунктам. Па словах Міхаіла, вакол былі расійскія вайскоўцы.

«Мы выйшлі пакурыць — падыходзяць вайскоўцы і пытаюцца, хто мы такія. Адказваем: электрыкі, — тлумачыць украінец. — Яны: «А навошта вас сюды прыцягнулі?» Мы паціснулі плячыма, на гэтым і ўсё. Тут ужо ўвесь час сядзелі ў машыне, нам уключалі «печку», нас кармілі, паілі. Разоў з пяць, калі не больш, заходзілі то адныя, то іншыя салдаты і зноў пыталіся, хто мы, навошта нас сюды прывезлі. Мы ж не вайскоўцы, груба кажучы, наогул ніхто. Увогуле, ніхто гэтага не мог зразумець».

Хлопец распавядае, што, у асноўным, вайскоўцы не абыходзіліся з імі груба. Толькі некалькі пагражалі ім зброяй.

«Маўляў, «як гэта Вы нічога не ведаеце, проста так бы вас сюды не бралі, пайшлі пагаворым, ты мне ўсё цяпер раскажаш». Пэўны адрэналінчык быў, але ў нас праца такая, што трэба да ўсяго ставіцца стрымана, таму мы неяк прывыклі спакайней на ўсё рэагаваць, — працягвае Міхаіл.

Канфлікту ўдалося пазбегнуць дзякуючы тым салдатам, якія прывезлі мужчын з Ільмоўкі. Пасля таго выпадку з машын яны стараліся не сыходзіць. Ужо ўвечары зноў загаварылі пра вызваленне.

«Прыйшоў ці то старшы іх, ці то хто, і кажа: «Мужыкі, я не палохаю, але ёсць два варыянты: ці я дамоўлюся і атрымаецца вас вывезці, ці вы едзеце з намі. Але калі мы вас пакінем, вам тут канец. Лепш тады едзьце з намі». Мяркуючы па тым, што там былі, скажам, дзікія вайскоўцы, усё што заўгодна магло з намі здарыцца. А куды гэта — «з намі», той старшы не тлумачыў. Хоць яны нешта казалі пра Курскую вобласць.

Але атрымалася дамовіцца, і ў выніку нас адвезлі да мяжы, а далей мы ішлі да вёскі пешшу. Вайскоўцы нават прапанавалі ўзяць ваду, сухпайкі, але папярэдзілі: «Калі вашы з гэтым дзесьці прымуць, вам будзе нядобра». Але нам і не трэба было нічога, абы напрамак паказалі: ужо было цёмна».

«Нас адпусцілі, сказалі: «Першыя 100 метраў ідзіце спакойна, не адыходзьце ад дарогі — не правакуйце; а потым — хоць бяжыце. Прозвішчы мы вашы перапісалі».

І недзе праз паўгадзіны, а палове дзясятай вечара, мы ўжо былі ў вёсцы, аглядалі свае машыны.

У Ільмоўцы электрыкі апынуліся позна 28 лютага. У Гарадню на ноч вырашылі не ехаць: небяспечна. Засталіся ў мясцовых. Раніцай 1 сакавіка даведаліся, што дарога да іх горада чыстая, і выехалі дадому.

Дабірацца туды доўга: да горада каля 30 кіламетраў. Але спачатку кампанія спынялася ля кожнага населенага пункта і пыталіся мясцовых, ці няма там вайскоўцаў, ці можна праязджаць. Ужо ў горадзе перш за ўсё заехалі на працу.

«Адразу калегі хто каву, хто што прапаноўвалі. Гарадок у нас маленькі, усе адзін аднаго ведаюць, таму ўсе перажывалі за нас. Ніхто не папракаў, што нас забралі расійскія вайскоўцы, што мы з імі размаўлялі. Вярнуліся, і слава богу. Развезлі нас па дамах, вось і ўся гісторыя», — суха пераказвае хлопец.

«Мама дома, вядома, адразу ў слёзы. Плакала, пацалавала». 

14 красавіка аператыўнае камандаванне УСУ «Поўнач» паведаміла пра ракетны ўдар па Чарнігаўскай вобласці, пацярпеў прыватны дом у Гарадні. Фота: Аператыўнае камандаванне Поўнач»

«Былі ў палоне думкі, што можам не вярнуцца»

Больш эмацыйна сустрэчу апісвае дзяўчына Міхаіла Насця, якая тады і забіла трывогу.

«Раніцай прыехала знаёмая, сказала: «Хлопцы ў Ільмоўцы, будуць ехаць». Але калі, у колькі — ніхто нічога не ведаў, — расказвае дзяўчына. — Чакалі ўсіх дома. І ведаеце, я сябе сама вельмі пераконвала, што ўсё будзе добра. Таму, калі ён зайшоў, быццам і плакаць хочацца. А з другога боку, плакаць ад чаго? Што ўсё ў парадку? Проста стаяла, усміхалася, абдымала яго. Мама Мішы, вядома, цяжэй за ўсё ўспрыняла. Плакала, казала: «Ведала б, што так будзе, ніколі б цябе не адпусціла туды!»

Нейкі час частка Чарнігаўскай вобласці знаходзілася пад акупацыяй, жыхары Гарадні нават спрабавалі супрацьстаяць вайскоўцам. А ў канцы сакавіка Расія пачала адводзіць войскі з Чарнігаўскай і Кіеўскай абласцей. Вось ужо два з паловай месяцы няма чужой тэхнікі і ў горадзе Насці і Мішы.

«Ніхто не ведае, што будзе далей, але цяпер усе імкнуцца адцягвацца, хадзіць на працу. Жыццё ў нас паступова вяртаецца да звычайнага», — падсумоўвае дзяўчына.

Характэрна, што журналісты «Зеркала» перад публікацыяй матэрыяла ў пачатку сакавіка звярталіся ў Мінабароны Беларусі. Там інфармацыю пра тое, што ўкраінскіх электрыкаў забралі ў палон і вывезлі ў нашу краіну, называлі фэйкам.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера