Знайсці
15.06.2022 / 08:21РусŁacБел

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў калоніі асудзілі да яшчэ аднаго года зняволення

У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні 13 чэрвеня разглядзелі крымінальную справу палітзняволенай Вікторыі Кульшы па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Судовы працэс праходзіў у будынку папраўчай калоніі, таму сваякоў на пасяджэнне не пусцілі. Суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Сяргей Мальцаў прысудзіў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення яшчэ адзін год у калоніі, піша «Вясна»

У канцы сакавіка 2022 года супраць адміністратаркі тэлеграм-каналу «Кіроўцы 97%» Вікторыі Кульшы завялі новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч. 1 арт. 411 КК). Гэта ўжо другі вядомы праваабаронцам выпадак, калі адміністрацыя папраўчай калоніі №4 ініцыюе завядзенне крымінальнай справы супраць палітзняволеных. Нядаўна па гэтым артыкуле да аднаго года зняволення асудзілі Паліну Шарэнду-Панасюк.

Справу Вікторыі разглядалі на выязным пасяджэнні на тэрыторыі калоніі, таму сваякоў не прапусцілі на суд. Пракурор запытаў для Вікторыі год зняволення — менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Сяргей Мальцаў.

Інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да 2,5 гадоў калоніі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Згодна з тэкстам абвінавачвання, Вікторыя разам з яшчэ трыма абвінавачанымі, «дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванняў дарог у сувязі з незадаволенасцю ўладай і фальсіфікацыяй выбараў».

Вядома, што ў калоніі на Кульшу аказвалі ціск: у сакавіку мінулага года яе пакаралі 10 суткамі ў карцары за бел-чырвона-белую заколку, якую яна прычапіла да Дня Волі.

У хуткім часе палітзняволеную перавядуць у гомельскае СІЗА-3, дзе яна будзе знаходзіцца да разгляду апеляцыйнай скаргі.

Па даных праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 24 палітзняволеных перавялі ў «крытую» турму, і супраць яшчэ дзесяці распачалі крымінальныя справы па арт. 411 КК.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
20
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930