Знайсці
15.06.2022 / 11:52РусŁacБел

«Пазіцыя не апазіцыйная, а адзіна правільная». Што вядома пра дырэктара медцэнтра, якога абвінавацілі ў супрацоўніцтве з Байполам

​У Мінску 9 чэрвеня затрымалі 54-гадовага мінчука. У паведамленні сілавікоў было сказана, што «ён заехаў у ІЧУ па крымінальнай справе за супрацоўніцтва са здраднікамі з Байпола». Затрыманым аказаўся былы дырэктар медцэнтра «Белмедтэхналогіі» Алег Бігеза. Блог «Отражение» даведаўся ў яго жонкі падрабязнасці затрымання і крымінальнай справы.

Хацелі пагутарыць «з-за заявы неабыякавага грамадзяніна»

Аказалася, у той дзень Алега Бігезу затрымлівалі другі раз. Да гэтага сілавікі прыходзілі да яго яшчэ 30 мая. Як распавядае яго жонка Аксана, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да іх дадому з жаданнем «паразмаўляць з Алегам Анатолевічам» з-за заявы неабыякавага грамадзяніна наконт каментарыяў». Размаўляць пры жанчыне адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што «размова будзе кароткай».

— Выйшлі за дзверы, але практычна адразу вярнуліся па забыты тэлефон мужа. Апошняе, што я чула: «Тэлеграмам карыстаецеся?». Адзін з супрацоўнікаў вярнуўся хвілін праз дзесяць і сказаў сабраць для мужа лекі з эпікрызам (у Алега мігальная арытмія і камяні ў нырках). На пытанне, колькі лекаў даваць, сказаў «шмат».

Пасля затрымання жонка Аксана стала шукаць Алегу адваката. Але калі знайшла, юрыстка сказала, што суды цяпер праходзяць настолькі хутка, што яны нават не паспеюць падпісаць дамову. Так і выйшла — суразмоўніца ўспамінае, што на судовае пасяджэнне не паспела.

— Каля 17 гадзін мне паведамілі, што Алег асуджаны на 10 сутак па арт. 19.11. Яму нават далі патэлефанаваць. Муж сказаў, што яго асудзілі за рэпост з «Нашай Нівы» дачцэ, тэкст быў пра камп'ютарную гульню, — распавядае Аксана. — Алегу прапаноўвалі запісаць «пакаяннае відэа», але ён ніколі не ішоў на кампраміс з сумленнем. Нават прапанаваў ім новую фармулёўку: «Раскайваюся. Але віну не прызнаю». Адмовіліся.

Апісваючы ўмовы, у якіх утрымліваўся яе муж, Аксана адзначае: ён сыходзіў у куртцы і майцы, але куртку забралі ў ЦІП. Як і тыя рэчы, якія яна перадала.

— Прыблізна на чацвёртыя суткі ён ужо захварэў. Там хварэлі ўсе. Тэмпература і сімптомы былі, як пры кавідзе. Ён перадаў, каб я прынесла лекі па спісе. Патэлефанавалі мне праз дзень. А перададзеныя лекі (я аднесла іх у той жа дзень раніцай) да яго даходзілі 3-5 дзён — распавядае жанчына.

«У адзіночным карцары знаходзілася 12 чалавек»

Праз дзесяць дзён Аксана чакала свайго мужа ў ЦІП — яго павінны былі адпусціць у 11.30. Але на справе выйшла не так. Каля 13 гадзін мужчына патэлефанаваў з тэлефона супрацоўніка і сказаў не чакаць — ён на допыце ў СК і затрыманы на трое сутак па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства.

Сам допыт жанчына апісвае са слоў мужа як «фармальны»: пыталіся, адкуль даведаўся пра «Байпол», што чытаў там, што глядзеў.

— Алега для адбыцця гэтых сутак змясцілі ў ІЧУ ў адзіночны карцар, дзе знаходзілася 12 чалавек. Нават не было месца прысесці на бетонны пол, — распавядае жанчына. — Пра ежу ён не казаў, але самае пакутлівае было — абыходзіцца без вадкасці. За трое сутак ім толькі адзін раз далі гарбату, астатні час — вада з-пад крана. У карцары было шмат пажылых людзей, а медсястра прыходзіла нават не кожны дзень. Гэта пры тым, што многія маюць патрэбу ў жыццёва неабходных леках.

Цяпер Алег Бігеза знаходзіцца на волі — у нядзелю 12 чэрвеня яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

Цяпер мужчына лечыцца ад імавернага каранавіруса і аднаўляецца пасля арышту. Пры гэтым крымінальная справа распачатая, і да суда засталося некалькі месяцаў, але распавядаць падрабязнасці пра артыкул і абвінавачванні Аксана не можа. Адзінае ўдакладненне — па ёй дакладна пагражае абмежаванне або пазбаўленне свабоды. А з паведамлення сілавікоў можна выказаць здагадку, што прычына крымінальнай справы — паведамленні ў боце «Байпола».

«Алег — чалавек, якому шкада часу на сон»

Свайго мужа Вольга апісвае як вельмі інтэлектуальнага чалавека, з якім можна пагаварыць на любую тэму. Алег сур'ёзна захапляецца астраноміяй, астранамічнымі здымкамі, працягвае вывучаць фізіку.

— Муж не траціць ніводнай хвіліны дарма, заўсёды нешта чытае. Выдатна разбіраецца ў музыцы, любіць іграць на ўдарнай устаноўцы. Некалькі гадоў таму вярнуўся да шахмат, дасягнуў вельмі высокіх вынікаў. Алег — чалавек, якому шкада часу на сон, бо ў гэты час нельга нешта вывучаць. Яшчэ ён любіць катоў: у нас іх два, з прытулку і з вуліцы. Даход у мужа вельмі сціплы, ён ездзіць на старэнькім «Вольва».

Пра погляды мужа жанчына кажа коратка: ён рацыянальны чалавек, а яго палітычная пазіцыя «не апазіцыйная, а адзіна правільная».

А вось інфармацыя пра медцэнтр «Белмедтэхналогіі», якую апублікавалі сілавікі, на справе не зусім дакладная, удакладняе Аксана.

— Алег сапраўды там працаваў, і кіраваў ім амаль 20 гадоў. Дактары, лабаранты і медсёстры з паўслова разумелі адзін аднаго. Але ў 2016 годзе маніторынг нібыта знайшоў парушэнні, і ліцэнзію адклікалі.

З тых часоў цэнтр спыніў існаванне, у фірме цяпер паўтара чалавека. Пра гэта Алег неаднаразова казаў супрацоўнікам ГУБАЗіКа, але ім чамусьці захацелася прадставіць няслушную інфармацыю.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера