Знайсці
15.06.2022 / 19:43РусŁacБел

«Смешна, проста тэатр крывых люстэрак». Стыльскі прайшоўся па беларусах, якія посцяць забаўляльны кантэнт у сацсетках

Лідар гурту «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі ў Інстаграме раскрытыкаваў беларусаў, якія пры вялікім узроўні рэпрэсій у краіне посцяць у сацсетках сваё нармальнае жыццё з півам і кавай. Людзі пакрыўдзіліся. 

Крыніца: твітар @ales__ik

У сацсетках рэагавалі:

«Калі чалавек перадачы ў СІЗА носіць, напрыклад. Яму можна запосціць, як ён п'е каву ці півас? Я гляджу, за мяжой канцэрцікі нямала збіраюць тых, хто з'ехаў. Каб вы разумелі, я не супраць каб хтосьці хадзіў і забаўляўся, я пра тое, што не трэба казаць, каму што рабіць і як перажываць». 

«Па такой логіцы я павінен быць 24/7 у жалобе, не адпачываць, нікуды не хадзіць, толькі таму, што я застаўся. А яны такія правільныя, б***а, толькі і робяць, што пра выратаванне радзімы думаюць за мяжой, аж спаць не могуць, ага».

«Для чалавека нармальна радавацца, нармальна не знаходзіцца ў стане пастаяннай напругі і пакутаў.

Апошнія два гады наша жыццё назваць нармальным складана. За кожную нагоду парадавацца многія з нас унутрана просяць прабачэння перад калектыўным беларусам, якія пакутаваў не дзеля таго, каб ты тут радаваўся.

Беларусы ў Беларусі, стомленыя і выматаныя ад пастаяннага тузання ад кожнага званка ў дзверы, з незнаёмага нумара, якія прынялі, што планаваць сваё жыццё ўжо даўно недасяжная раскоша — дазваляюць сабе жыць зараз», — стала ў абарону беларусаў у краіне Настасся Касцюгова, адна з арганізатарак жаночых акцый, якая цяпер за мяжой.

«Наша Ніва» дазванілася Юрыю Стыльскаму і распытала, што ён меў на ўвазе і ці чакаў такой рэакцыі на свае сторыз.

Юрый Стыльскі. Фота: Інстаграм музыкі

Юрый патлумачыў, што радавацца жыццю ў Беларусі сёння — непрымальна, у першую чаргу, для яго самога.

«У мяне проста да ўсяго вельмі катэгарычнае стаўленне: і вось калі людзям забараняюць дзяліцца горам, скажам так, то што, застаецца толькі пасміхацца? Гэта ж досыць аднабока. Я б і пасміхацца перастаў.

Калі ў цябе ёсць права нешта казаць, то кажы не аднабока. А калі табе забараняюць падымаць адну руку, а другую ты можаш, то навошта іх увогуле падымаць? Я б проста перастаў весці Інстаграм пры цэнзуры. Ці вёў бы яго па справе ў плане рэкламы ці працы», — каментуе музыка. 

Стыльскі ўпэўнены, што тыя, хто знаходзіцца за мяжой, маюць права на крытычныя каментары і заўвагі, бо назіраюць за ўсім збоку і могуць быць больш аб’ектыўнымі.

«Асабліва гэта тычыцца людзей, якія на самой справе маюць вагу, былі на фронце, задаюць вектар, да іх прыслухоўваюцца. Яны нават абавязаныя гэта рабіць. І беларусы павінны прыслухоўвацца да гэтага меркавання: збоку лепш бачна».

Дык а як тады жыць, калі не адпачываць, не сустракацца з сябрамі на каву? Юрый лічыць, што Беларусь сёння — не тая краіна, у якой можна жыць выключна ў радасці. 

«Беларусь, скажам так, калі шчыра, не тая краіна, дзе сёння можна весяліцца. Як жыць? Як мінімум, калі ты сабе можаш гэта дазволіць, не выстаўляць жыццё такім канцэнтратам: каб падавалася ўсё навокал там такім феерычна райскім.

У гэтай сітуацыі складваецца ўражанне, што ў людзей усё цудоўна. А гэта ж смешна, проста тэатр крывых люстэрак. Цалкам вырубленыя ўсе СМІ, радыё, тэлебачане, затыкаюць усіх блогераў, усё экстрэмісцкае. А людзі пішуць: «Усё добра, жыццё працягваецца». Гэта іх права, канечне, хай усё ў іх будзе так штучна і аднабока. Але гэта не ў маім стылі», — тлумачыць музыка.

Юрый кажа, што, калі б застаўся ў Беларусі сёння, то проста сышоў бы ў пустэльнікі.

«Калі б я там знаходзіўся, прыйшлося б проста існаваць і ўсё. Урубіць рэжым 60-гадовага дзеда, у якога няма Інстаграма, з’ехаць у вёску. Сысці ў байкот. Звычайнае жыццё працягваць не атрымалася б, быць такім жа актыўным, якім я быў пяць год таму. А калі гэтага не атрымліваецца, тады навошта нешта рабіць увогуле?

Можна сельскагаспадарчым рамяством заняцца. Але не ствараць ілюзію, штучны вобраз: я на плаву, як і раней, у мяне ўсё цудоўна, я займаюся любімай справай».

Юрый Стыльскі. Фота: Інстаграм музыкі

Стыльскі прызнае, што людзі маглі стаміцца і пачаць весці звычайны лад жыцця, але сабе гэтага дазволіць не можа.

«Я музыка і працягваю рабіць канцэрты. Хутка ў мяне выйдзе сінгл за бел-чырвона-белую Беларусь. Таксама будзе выстава карцін — усё сур’ёзна, алеем на палотнах. Тэма не такая вострая, якая магла б быць, не канцэнтрат бяды, а тое, што я перажыў і хацеў бы бачыць. Усё, па вялікім рахунку, у бел-чырвона-блакітна-жоўтых колерах», — дзеліцца планамі артыст.

Нагадаем, лідар гурта «Дай дарогу!» пакінуў Беларусь летам 2021 года пасля таго, як іх кліп на песню «Баю-бай» захацелі прызнаць экстрэмісцкім. У жніўні 2020-га яго некалькі разоў затрымлівалі ў родным Брэсце. З пачаткам вайны ва Украіне музыка эвакуяваўся са Львова ў Польшчу.

Чытайце таксама:

Санкцыі і вайна. Уладальніца cлонімскай сінагогі адмовілася ад яе рэканструкцыі, дзеля якой прадала мінскую кватэру

«Прайду няўхільна цяжкі шлях». Маргарыта Ляўчук запісала песню ў падтрымку ваяроў-каліноўцаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
61
Панылы сорам
35
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
6
Абуральна
12
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930