Знайсці
16.06.2022 / 14:39РусŁacБел

Былы дыпламат Кавалеўскі аб праслушцы расійскай амбасады ў Мінску: Расіяне таксама слухаюць беларусаў

Кіберпартызаны паведамілі, што беларускае МУС праслухоўвае нават дыпламатаў з «братняй» Расіі. У якасці доказаў былі апублікаваныя аўдыязапісы званкоў. Шок? Ці стандартная практыка і замежных дыпламатаў праслухоўваюць спецслужбы ва ўсім свеце? Па каментарый «Наша Ніва» звярнулася да Валерыя Кавалеўскага: кіраўніка кабінета Ціханоўскай і былога беларускага дыпламата. 

Кавалеўскі быў супрацоўнікам беларускага МЗС, тры гады адпрацаваў у беларускай амбасадзе ў ЗША.

«Мне цяжка ацаніць сапраўднасць гэтага запісу — я не спецыяліст у такіх пытаннях. Але вядома, што дыпламатычныя місіі знаходзяцца пад пастаянным наглядам. Дзяржава адсочвае іх дзейнасць, скажам так, праслухоўка — адзін з элементаў гэтага адсочвання, — кажа Кавалеўскі. — 

Так, Венская канвенцыя абараняе дыпламатычную карэспандэнцыю і ліставанне, але мы разумеем, што ў рэальным свеце час ад часу з’яўляюцца «злівы» дыпламатычных перапісак. Можна згадаць хаця б Сноўдэна, які меў доступ да дыпламатычнага ліставання амерыканскага ўраду самага высокага ўзроўню.

Таму міжнароднае права рэгулюе гэтае пытанне, але, вядома, ёсць зацікаўленасць у абмеркаваннях і размовах дыпламатаў.

Тое, што ва ўсіх краінах слухаюць усіх дыпламатаў, гэта, хутчэй, дапушчэнне, чым факт. Я б сказаў, што ёсць дыпламаты і амбасады, якія ўяўляюць сабою большую каштоўнасць, чым іншыя — рэсурсы расцягнуць на ўсіх, можа, і немагчыма. Але магу сказаць, што

любы дыпламат за мяжой зыходзіць з таго, што яго могуць праслухоўваць і ён можа быць аб’ектам цікавасці спецслужбаў». 

Ёсць базавы інструктаж па пытаннях бяспекі для дыпламатаў: як сябе паводзіць, што можна абмяркоўваць па тэлефоне, што нельга. Гэта тычыцца як працы, так і паводзін у звычайных абставінах. У гэтым сэнсе дыпламатычная служба, заўважае Кавалеўскі, нагадвае напаўваенную: дыпламат у замежнай дзяржаве заўсёды на працы і мусіць заўсёды сачыць за сваімі паводзінамі, каб не дапусціць праколаў, якімі могуць скарыстацца спецслужбы альбо іншыя зацікаўленыя асобы.

«Наколькі я памятаю, гэта былі досыць адэкватныя інструкцыі наконт стрыманых і асцярожных паводзін, каб не кідацца лішнімі словамі, пазбягаць лішніх дзеянняў», — кажа Кавалеўскі.

Але хто інструктаваў беларускіх дыпламатаў? КДБ? 

«У маім выпадку ў МЗС была служба бяспекі, якая займалася гэтым. А пры беларускай амбасадзе ў Вашынгтоне адкрыта працаваў супрацоўнік КДБ, які быў акрэдытаваны амерыканскімі спецслужбамі.

Многія амбасады маюць такіх спецслужбістаў пры сабе: ЗША таксама накіроўвае ў свае амбасады акрэдытаваных супрацоўнікаў ЦРУ, — тлумачыць Валерый Кавалеўскі. — Але падчас сваёй працы ў ЗША я не заўважаў нейкіх сведчанняў, што нас праслухоўваюць ці проста павышанай увагі з боку амерыканскіх спецслужбаў. Магчыма, проста беларуская амбасада не ўяўляла значнага інтарэсу на той момант».

Ці не дзіўна, што слухаюць нават расійскіх дыпламатаў? А як жа «брацкія народы»? 

Кавалеўскі мяркуе, што гэта якраз не дзіўна:

«Я б не назваў гэта незвычайным. Расіяне таксама слухаюць беларусаў, у гэтым можна быць упэўненым. Тут усё залежыць ад магчымасцяў канкрэтнай краіны: ідзе ж таксама і электронная выведка, і праца з людзьмі. Апошняе не абавязкова значыць вярбоўку — людзі ж могуць гаварыць лішняе і проста падчас размоваў».

Але выглядае, што ў Беларусі дыпламатаў праслухоўвае не толькі КДБ, але і МУС? 

«У прынцыпе, праслухоўванне людзей патрабуе нейкіх абгрунтаванняў. У прававой дзяржаве, каб атрымаць дазвол на праслухоўванне, патрэбны ордар ад пракурора ці суддзі, залежыць ад прававой сістэмы.

У Беларусі ж, такое ўражанне, парог уваходу зусім нізкі, выглядае, што рашэнні прымаюцца зусім на базавым узроўні, магчыма, нават проста самімі супрацоўнікамі міліцыі. Не магу сцвярджаць, што МУС праслухоўвае замежных дыпламатаў — гэта ўсё ж сфера адказнасці спецслужб. Але мы бачым такую вялікую колькасць праслуховак зусім простых людзей, якія не маюць ніякай віны. Гэта можа тычыцца і беларускіх дзяржслужбоўцаў, і дыпламатаў».

Кавалеўскі згадвае сітуацыю, якая здарылася з ім у 2010 годзе, калі ён ужо даўно сышоў з МЗС. Яго размовы са штабам аднаго з кандыдатаў праслухоўваліся КДБ, і гэта стала падставай для яго арышту. У студзені 2011 года Кавалеўскага некалькі разоў дапытвалі, а пасля затрымалі проста на падставе таго, што ён гаварыў з прадстаўніком апазіцыйнага штаба.

12 дзён былы дыпламат правёў на Акрэсціна, пасля тры дні ў СІЗА КДБ.

«Мяне дапытвалі, каб я сказаў тую інфармацыю, якая ім была цікавая. Але наўпрост вербаваць мяне не спрабавалі, — згадвае Валерый Кавалеўскі. — 

Пры гэтым правапарушэнняў ці злачынстваў з майго боку не было ніякіх. Таму пасля мяне адпусцілі. Крымінальны артыкул 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) нада мною вісеў аж да жніўня 2011 года, тады яго «адмянілі», як і многім іншым актывістам альбо палітыкам. 

Але пасля ніхто і ніколі не тлумачыў мне, што стала падставай для праслухоўвання маіх размоў». 

Выглядае, што варта баяцца больш праслухоўкі «сваімі», чым «чужымі»?

«Філасофскае пытанне. Тым больш, ведаючы, наколькі жорсткім можа быць рэжым, калі казаць пра Беларусь, наколькі нецярпімы да адхіленняў ад генеральнай лініі Лукашэнкі. 

Замежныя спецслужбісты збіраюць інфармацыю і перадаюць яе ў свае органы, ад іх чакаць наступстваў і не варта — гэта зусім розныя катэгорыі. 

А наступствы ад асечак у вачах беларускіх спецслужбаў могуць быць значна больш сур’ёзнымі», — падсумоўвае Кавалеўскі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера