Знайсці
17.06.2022 / 09:00РусŁacБел

Лаўроў: Мяне вочы Захаду не цікавяць

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў у кулуарах Пецярбургскага эканамічнага форуму даў інтэрв'ю карэспандэнту Бі-бі-сі ў Маскве Стыву Розенбергу.

«Вы ведаеце, мы не ўрываліся ва Украіну. Мы абвясцілі спецыяльную вайсковую аперацыю, калі ў нас ужо не засталося ніякага спосабу растлумачыць Захаду, што ён займаецца злачыннай дзейнасцю, уцягваючы Украіну ў NATO», — заявіў Лаўроў.

Раней з падобнай рыторыкай не раз выступаў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, тлумачачы сваё рашэнне пачаць 24 лютага ўзброенае ўварванне ва Украіну. У прыватнасці, гэтай тэме ён прысвяціў асноўную частку сваёй прамовы на Парадзе Перамогі 9 мая на Краснай плошчы.

Таксама Лаўроў, сярод іншага, адказаў на пытанне аб палонных брытанцах, асуджаных на смерць у самаабвешчанай ДНР.

9 чэрвеня суд у самаабвешчанай «ДНР» прысудзіў да смяротнага пакарання брытанцаў Шона Пінера і Эйдэна Асліна, а таксама грамадзяніна Марока Саадуна Брагіма (усе яны маюць падвойнае грамадзянства, і Украіны, і сваіх краін паходжання), прызнаўшы іх вінаватымі ў наёмніцтве, спробе гвалтоўнага захопу ўлады, а таксама ў праходжанні навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці. Усе трое — вайскоўцы Узброеных cіл Украіны, якія падпісалі кантракты яшчэ да пачатку расійскага ўварвання.

«У вачах Захаду Расія нясе адказнасць за лёс гэтых людзей. Вы не лічыце, што…» — пачаў задаваць пытанне журналіст Бі-бі-сі.

«Не, — не чакаючы канца пытання адказаў міністр замежных спраў Расеі. — Слухайце, мяне вочы Захаду не цікавяць наогул. Мяне цікавіць толькі міжнароднае права. Па міжнародным праве найміты не з'яўляюцца камбатантамі. Што ў вас у вачах, шчыра кажучы, не мае значэння».

«Яны не найміты. Яны служылі ва ўкраінскіх узброеных сілах» — — парыраваў Розенберг.

«Гэта павінен вызначыць суд», — сказаў Лаўроў.

На пытанне, ці лічыць ён суд у ДНР незалежным, ён адказаў: «Я перакананы, што там незалежны суд. А вы лічыце, у вас [у Вялікабрытаніі] незалежны суд?»

Адказваючы на пытанне аб узаемаадносінах Расіі і Брытаніі, Лаўроў заявіў, што «па-мойму, там ужо няма ніякага поля для манеўру ў гэтых адносінах». «Таму што і [прэм'ер-міністр Борыс] Джонсан, і [міністр замежных спраў Ліз] Трас заяўляюць публічна: мы павінны перамагчы Расію, мы павінны паставіць Расію на калені. Ну давайце, стаўце!» — дадаў ён.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера