Знайсці
17.06.2022 / 11:04РусŁacБел

«Сёння яны апалчэнцы, заўтра — салдаты беларускай арміі». Украінскі ваенны эксперт — пра падрыхтоўку Беларусі да вайны

Наколькі высокая рызыка паўторнага нападу расійскіх войскаў на Украіну з тэрыторыі Беларусі, ці ёсць прыкметы таго, што беларускае войска найбліжэйшым часам уступіць у вайну? На гэтыя пытанні каналу «Свабода Premium» адказвае ваенны эксперт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Украіны, удзельнік міратворчых аперацый у Косаве і Іраку Сяргей Грабскі.

 

Сяргей Грабскі. Фота: UNIAN

Нанясенне ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі робіцца ўсё больш імаверным

Сяргей Грабскі лічыць, што ўступленне беларускага войска ў вайну набывае ўсё больш рэалістычныя формы.

«Калі разгарнуць хрэстаматыю па пагрозах нацбяспецы, мы бачым усе фактары гэтых пагрозаў, якія могуць сведчыць, што імавернасць нападу павялічваецца.

У Беларусі створанае новае — паўднёвае — аператыўнае камандаванне, якое будзе кіраваць дзеяннямі войскаў супраць Украіны.

Гэта няспынны і вельмі інтэнсіўны паток мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, які мы цяпер назіраем: гэта праверкі, зняцце тэхнікі з захавання, удакладненне спісаў асобаў, якія падлягаюць мабілізацыі, гэта заявы аб стварэнні «народнага апалчэння».

Варта прыгадаць пра перадыслакацыю на поўдзень Беларусі дывізіёнаў ракетных комплексаў — расійскіх «Іскандэраў» і беларускіх «Точка У».

Адбываецца мінаванне памежных тэрыторый.

Мы назіраем, што ў паўднёвыя раёны Беларусі перадыслакуюць падраздзяленне комплексаў С-300.

Здавалася б, навошта гэта для наступу? Але гэта можа мець на мэце разгортванне супрацьпаветранага «парасона» для прыкрыцця груповак, якія будуць наносіць удары па тэрыторыі Украіны.

Гэта сведчыць пра аб’ектыўнае павелічэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы», — гаворыць эксперт.

Фота: «Ваяр»

Паводле Грабскага, пакуль у Беларусі сканцэнтравана недастаткова сілаў для ажыццяўлення сухапутнага ўварвання.

Але ўварванне з беларускай тэрыторыі не абавязкова павінна быць сухапутным. Нанясенне ракетных і авіяцыйных удараў робіцца ўсё больш імаверным.

Беларускія падраздзяленні могуць стаць часткай арміі ўварвання. Самастойна беларускае войска не ў стане супрацьстаяць Узброеным сілам Украіны, лічыць ён.

«Ідзе пошук новых інструментаў»

Сяргей Грабскі мяркуе, што сёння беларускае кіраўніцтва шукае новыя формы актуалізацыі баяздольнасці краіны.

«Тымі савецкімі метадамі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў Беларусі, складана выканаць новыя задачы. Ідзе пошук новых інструментаў. Такім інструментам можа стаць фармаванне народнага апалчэння. Гэта дазволіць удакладніць спісы людскога кантынгенту.

Сёння яны апалчэнцы, заўтра яны салдаты беларускай арміі», — гаворыць ён.

Ці можа гэта быць імітацыяй?

Эксперт кажа, што пакуль немагчыма сказаць, што рыхтуецца рэальны напад. Існуе шэраг разведвальных прыкмет, якія кажуць, што наступ рыхтуецца.

Пакуль украінскі бок не назірае поўнага набору гэтых прыкмет.

«Мы не бачым пабудовы баявога парадку, які сведчыць аб верагоднасці наступу.

Мы не бачым назапашвання боепрыпасаў, падвозу паліва, медыцынскай падрыхтоўкі наступу.

Тое, што мы назіраем, можа разглядацца як пачатковая стадыя падрыхтоўкі наступу.

Магчыма, цяпер за дзеяннямі, якія робяцца, нічога не вартыя. Але спалучэнне гэтых дзеянняў не дазваляе выключыць пагрозу, што за гэтай імітацыяй не будзе больш рашучых і пэўных дзеянняў».

Галоўны крытэрый, на які глядзяць эксперты, — канцэнтрацыя расійскіх войскаў на беларускай тэрыторыі. Калі яны гэта будуць назіраць, можна будзе казаць пра падрыхтоўку да рэальнага нападу.

Эксперт кажа, што немагчымы «сімвалічны» ўдзел беларускай арміі ў вайне па прыкладзе ўдзелу сілаў АДКБ у разгортванні ў Казахстане, дзе ўдзельнічаў і беларускі вайсковы кантынгент.

«У Казахстане войскі былі задзейнічаныя для выканання паліцэйскіх функцыяў. Ва Украіне ідзе вайна. І такое «пункцірнае» абазначэнне беларускай прысутнасці не мае сэнсу. У сімвалізмах ніхто разбірацца не будзе. Праціўнік, які перайшоў мяжу, падлягае знішчэнню.

Паслаць свае войскі на самагубства — вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі дастаткова адэкватнае, каб гэтага не рабіць», — мяркуе эксперт.

Ці можа Украіна ўдарыць па беларускай тэрыторыі для знішчэння расійскіх войскаў?

Эксперт кажа, што канцэнтрацыі войскаў праціўніка, нават калі яны знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы, якая аказвае ім падтрымку, зʼяўляюцца законнай ваеннай цэллю.

«Але ёсць і палітычныя рэаліі. Зразумела, што сёння ўдар па Беларусі гарантавана прывядзе да адкрыцця новага фронту супрацьстаяння агрэсіі. Таму пытанне нанясення ўдараў па тэрыторыі Беларусі нават не разглядаецца», — кажа ён.

Але калі беларускія войскі будуць актыўна задзейнічаныя ў агрэсіўных дзеяннях супраць Украіны, ваенная неабходнасць будзе прэваляваць над палітычнай мэтазгоднасцю, мяркуе ён.

Пра баяздольнасць беларускага войска

Эксперт мяркуе, што немагчыма трэніроўкі замяніць рэальным баявым досведам.

Фота: «Ваяр»

«Набыццё баявога вопыту патрабуе часу і ахвяраў».

Так што, калі беларускія войскі пойдуць на вайну, то яны, прынамсі спачатку, будуць выконваць толькі дапаможную функцыю пры расійскіх войсках.

«Мы бачым сітуацыю з так званымі «мобікамі». Гэтак мы называем людзей, якія былі мабілізаваныя на акупаваных тэрыторыях Луганскай і Данецкай вобласцяў.

Баявога вопыту ў іх няма, баявую падрыхтоўку яны не праходзілі. Але іх па-варʼяцку кідалі ў бой. І пры гэтым яны зʼяўляюцца дастаткова сурʼёзнай ваеннай сілай», — кажа ён.

Ці могуць грамадскія настроі паўплываць на войска?

Сяргей Грабскі мяркуе, што расійская ваенная машына, маючы вопыт у 500 гадоў агрэсіўных дзеянняў, выпрацавала механізм прымусу, і калі ў вайскоўцаў нават няма вялікага імпэту ваяваць, яны ўсё роўна будуць ісці ў атаку як «гарматнае мяса».

«Самы просты інструмент — кадыраўскія загараджальныя атрады, якія прымусяць салдатаў ісці ў бой».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера