Знайсці
26.06.2022 / 12:44РусŁacБел

Як прывыкнуць да таго, што падчас сэксу на цябе глядзіць котка? Працягваем серыю няёмкіх інтымных пытанняў

Як рэагаваць на тое, калі партнёр просіць пра нешта незвычайнае падчас палавога акта, і ці ёсць прадукты, якія ўзмацняюць жаданне? Задалі гэтыя і іншыя пытанні сэкс-кансультантцы Зоі Прышывалцы.

Фота: Unsplash / Maru Lombardo

Ці ёсць прадукты, якія ўзмацняюць жаданне?

«Усё жаданне пачынаецца з галавы, — тлумачыць экспертка. —Калі ў вас ёсць праблемы са здароўем, вам не падабаецца ваш партнёр, то тады жаданне шукаюць у нейкіх лекавых сродках. Яны на фізіялагічным узроўні могуць забяспечыць прыліў крыві да палавых органаў, але гэта будзе выпадак, калі фізічнае не будзе супадаць з псіхалагічнай цягай.

Вы такім чынам будзеце спрабаваць падмануць галаву. А гэта небяспечна, можа ў нейкі момант знікнуць лібіда, жаданне. Нейкіх відавочных прадуктаў у плане ежы, якія ўзмацняюць жаданне, няма».

Як рэагаваць на тое, калі партнёр альбо партнёрка просіць пра нешта незвычайнае падчас палавога акта? 

«Калі вас упершыню пра нешта папрасілі, то вы можаце не згаджацца гэта рабіць. Калі нешта адбываецца нечакана, гэта сапраўды можа ўганяць у ступар, у замяшанне. Тут дапушчальна адразу расказаць пра сваю эмоцыю. Напрыклад, адрэагаваць так: «Мне незразумела, як гэта рабіць. Давай мы скончым сэкс, а потым абавязкова абмяркуем», — раіць Зоя.

Чым можна замяніць узбітыя вяршкі для пачатку прэлюдыі, калі ёсць алергія на лактозу?

«Відавочна, што трэба знайсці раслінныя вяршкі. Таксама можна паспрабаваць розныя змазкі са смакам. Іх шмат розных прадаецца, глядзіце на склад, каб у вас не было алергіі. Магу сказаць так: часта чым даражэйшая змазка, тым лепш яна па складзе», — кажа Зоя.

Як пераадолець страх сэкс-цацак у ложку?

«Знайсці адкуль ён. Альбо ў вас быў ужо нейкі досвед і вас гэта моцна напалохала, альбо вам расказвалі пра досвед іншых людзей і вы моцна ўразіліся і вырашылі, што калі з вамі падобнае паўторыцца, то будзе дрэнна. Яшчэ варыянт, што ў вас ёсць думка аб тым, што калі вы пачнеце выкарыстоўваць сэкс-цацкі, то вы да іх прывыкніце ці ад вас адмовяцца як ад партнёра», — расказвае яна. 

Таксама не варта забываць, што існуе страх будучыні, страх няведання. Некаторыя не ўмеюць карыстацца такімі прыладамі. 

«Тут трэба проста разабрацца, які ў вас від цацкі. Атрымаць больш інфармацыі, каб сфарміраваць інакш сваё меркаванне», — раіць экспертка. 

Як прывыкнуць да таго, што падчас палавога акту на цябе ўвесь час глядзіць котка?

«Навошта да гэтага прывыкаць? Вы галоўнейшыя за котку. Выставіце яе з пакоя, але забяспечце доступ да туалета і вады. Я не думаю, што палавы акт будзе доўжыцца даўжэй за дзве гадзіны, за гэты час котка зразумее, што ёсць нейкія межы, якія парушаць нельга.

Іншая справа, калі вы займаецеся сэксам з гаспадаром жывёлы. Тут трэба сказаць партнёру, што вы так не можаце. Адэкватны чалавек аб гэтым паклапоціцца. Усё ж у адносінах важнейшы чалавек. Калі вам адмовяць, то тады задумайцеся, ці бяспечна вам далей ісці ў сэкс з гэтым чалавекам», — падсумоўвае Зоя. 

Што калі сэкс — гэта магчымасць закрыць свае не сэксуальныя патрэбы? Так бывае?

У кожнага чалавека, акрамя фізіялагічнага запатрабавання ў сэксуальнай рэалізацыі, ёсць яшчэ шмат сэнсаў, якія туды могуць убудоўвацца. Часам сэкс — гэта сацыяльна прымальная магчымасць рэалізаваць свае іншыя патрэбы. 

«Напрыклад, людзі, якія недаатрымалі ў дзяцінстве цялеснага кантакту і не ўмеюць прасіць аб нейкіх тактыльных рэчах, — для іх сэкс якраз магчымасць цялесна ўзаемадзейнічаць з іншым чалавекам.

Для некаторых жанчын ці мужчын сам факт таго, што нехта згаджаецца з імі заняцца сэксам, пацвярджае тое, што яны прывабныя. Калі яны па-іншаму не ўмеюць гэта запатрабаванне закрыць, напрыклад, не чуюць, калі ім пра гэта проста кажуць услых, для іх гэта рэалізуецца ў сэксе», — кажа яна. 

Зоя тлумачыць, што ў гэтым тоіцца небяспека. Часта ў людзей, у якіх не здараецца сэкс па якой-небудзь прычыне, на першы план выходзіць думка аб тым, што іх не любяць. 

«Яны пачынаюць фізічна цярпець ад адсутнасці цялеснага кантакту. Добра для сябе даследаваць, якія сэнсы вы ўкладваеце ў сэкс і як практычна іх можна інакш рэалізоўваць.

Прывяду сюды яшчэ адзін прыклад. У мужчыны цяжарная жонка, якой доктар забараніў займацца сэксам. Ён ходзіць і ўсё роўна яе пра гэта просіць. Фізіялагічна сваё запатрабаванне ён можа выканаць (самазадавальненне ніхто не адмяняў), а бракуе яму таго, каб жонка проста сказала, што кахае яго».

Чытайце таксама:

«Замест партнёра ўяўляю іншага чалавека. Чаму?» Задаем няёмкія пытанні пра сэкс

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
25
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930