Знайсці
20.06.2022 / 19:20

«Чарговы пратэст у Беларусі будзе іншага тыпу» 

Пасля вайны з Украінай Расія аслабне. Што гэта значыць для Беларусі? Пра гэта разважае дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пётра Рудкоўскі.

Выжыць і не распасціся

Удакладнім сэнс выразу «пасля Расіі». Нават пры найгоршым для яе сцэнары (параза ў вайне з Украінай і страта Крыма), Расія, як дзяржава, працягне сваё існаванне. Якой будзе дзяржсістэма і канфігурацыя палітычных сіл — гэта іншая справа.

Але нават пры рэалістычна найлепшым для Расіі сцэнары — захаванне за сабой Крыма і адарванне ад Украіны трох-чатырох абласцей — яна выйдзе з вайны сур’ёзна аслабленай і без перспектыў на хуткае акрыянне. Гэта будзе краіна ў стане эканамічнага крызісу, ізаляваная на міжнароднай арэне, без надзейных саюзнікаў нават у межах ЕАЭС і АДКБ і з падарваным ваенным іміджам. 

Да гэтага трэба дадаць унутраны фактар. Не варта прывязваць празмерную ўвагу да данясенняў пра 70-75% падтрымкі «спецаперацыі» і 80% даверу да Пуціна (сярод расіян). Гэтыя лічбы збольшага праўдзівыя, але яны праўдзівыя датычна цяперашняга часу. Крымскі эфект трываў тры гады, пазней пайшоў на спад. І гэта пры тым, што гаворка пра эфект ад спецаперацыі, якая была (а) некрывавай, (б) хуткай, (в) эфектыўнай. Але цяперашняя «спецаперацыя» з’яўляецца (а) крывавай вайной, (б) жахліва працяглай, (в) неэфектыўнай. «Патрыятычны» ўздым пойдзе на спад нашмат хутчэй. Памножаны на эканамічны крызіс, ён з высокай імавернасцю спародзіць сацыяльную нестабільнасць.

Такім чынам, з гэтай вайны Расія выйдзе «сама не свая». Гэта будзе краіна, галоўная задача якой на бліжэйшыя гады будзе наступнай: выжыць і не распасціся. Гэта будзе ўжо не тая Расія, якую мы ведалі цягам апошніх дзвюх дэкадаў.

На фоне аслаблення лакальнага гегемона

Канадскі палітолаг Сева Гуніцкі пару год таму апублікаваў даследаванне, у якім былі прааналізаваныя фактары сістэмных трансфармацый апошніх двух стагоддзяў. У гэтай працы аўтар паказаў, што найбольш маштабныя трансфармацыі адбываюцца на фоне зменаў у структуры глабальнай гегемоніі. Найбольш яскравымі прыкладамі такіх працэсаў былі працэсы пасля дзвюх сусветных войнаў, а таксама на фоне распаду Савецкага Саюза.

Ёсць і іншы кантэкст трансфармацый — вірусныя рэгіянальныя ўзрушэнні. Прыкладам з’яўляецца Арабская вясна 2010—2012 гадоў, калі прыблізна ў 20 краінах рэгіёна імкліва пранеслася хваля пратэстаў, з рознымі наступствамі.

Беларускія пратэсты 2020 года адбыліся тады, калі не было ні зменаў у глабальнай гегемоніі, ні віруснай хвалі ў рэгіёне. Такога тыпу працэсы Гуніцкі называе «эмулятыўна-гарызантальнымі» трансфармацыямі. Яны характарызуюцца тым, што праходзяць марудна, трываюць доўга, затое вынік — калі яго ўдаецца дасягнуць — даволі трывалы. Прыкладам можа служыць дэмакратызацыя ў Партугаліі, Іспаніі або Грэцыі ў другой палове мінулага стагоддзя.

Можа здарыцца, што працэс пачаўся ў адным кантэксце, а працягваецца ўжо ў іншым. У Польшчы пратэсты 1980-81 гадоў, гэтаксама як у Беларусі ў 2020-м, праходзілі ў сітуацыі, калі структура глабальнай гегемоніі была стабільнай і не было ў рэгіёне віруснай хвалі. Але чарговая іх серыя — у другой палове 80-ых — адбылася ўжо на фоне аслаблення гегемона: Савецкага Саюза. Гэтым разам пратэсты прывялі да сістэмных зменаў: у чэрвені 1989 года прайшлі свабодныя выбары, у выніку якіх на месца камуністычнай аўтакратыі прыйшла прадстаўнічая дэмакратыя. 

Шмат што сведчыць пра тое, што новая серыя беларускіх пратэстаў адбудзецца на фоне аслаблення лакальнага гегемона: Расіі. Гэта не гарантуе поспеху, але ў разы яго імавернасць павышае.

Статус-кво будзе зламаны 

Калі старажытным людзям трэба было хутка пабудаваць дом, то яны выкарыстоўвалі падручны і найбольш даступны матэрыял. Гэта магла быць пячора, дрэвы, камяні або нават скуры жывёлаў. 

Ідэнтычнасць у большасці выпадкаў фармуецца падобным чынам. Актыўнае і часаёмкае «шуканне ідэнтычнасці» ніколі не бывае масавым, гэта справа найбольш матываваных людзей, якія маюць у сваім валоданні крыху вольнага часу. Адказ на пытанні «Хто я? Хто мы?» выбудоўваецца, як правіла, са спадручных матэрыялаў: дамінуючая мова ў асяроддзі і ўяўленні пра яе статус, існуючыя рэлігійныя традыцыі, засвоеныя са школьныя падручнікаў уяўленні пра гістарычную ролю той ці іншай краіны, уплыў сродкаў масавай інфармацыі, і гэтак далей.

У Беларусі ёсць важная, але меншасная частка грамадства: людзі, якія актыўна цікавяцца гісторыяй, мовай і інвестуюць час у будаванне моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Пры ўсёй павазе да гэтай меншаснай часткі, не выпадае са здзіўленнем або недаўменнем глядзець на большасную частку, якая або не мае такой моцнай матывацыі, але проста не мае дастаткова часу і сілаў, каб гэтым займацца. Большасць фармуе ідэнтычнасць з тых элементаў, якія найбольш даступныя.

Для шэрагу пакаленняў беларусаў такім «спадручным», найбольш даступным матэрыялам, былі руская мова, гісторыя Расіі або / і СССР, рускае кіно, музыка, спорт, а таксама ўяўленне пра ўплывовасць Расіі ў сучасным свеце. Па меры прывыкання да жыцця ў незалежнай Беларусі на рускую моўна-культурную ідэнтычнасць пачала накладацца беларуская дзяржаўніцкая ідэнтычнасць, завязаная на грамадзянскай афіліяцыі да Рэспублікі Беларусі. Тут не месца, каб аналізаваць фактары і асаблівасці гэтага стану рэчаў, абмяжуемся толькі называннем заканамернасцяў, сілай якіх прывязанасць да рускага моўна-культурнага свету была і пакуль што застаецца часткай ідэнтычнасці многіх беларусаў. Нават пратэсты 2020 года асабліва не паўплывалі на гэты стан рэчаў.

Вайна ва Украіне, хутчэй за ўсё, прывядзе да ломкі ідэнтычнасці беларусаў. Упершыню мы маем дачыненне з сітуацыяй, што ў міжнародным канфлікце Расію падтрымлівае меншасць беларусаў, а колькасць тых, што яе асуджаюць, пераўзыходзіць колькасць падтрымліваючых. У кантэксце канфлікту з Грузіяй або анексіі Крыма абсалютная большасць беларусаў была на баку Расіі (тады фактар ідэнтычнасці спрацоўваў). Значнасці гэтаму павароту дадае той факт, што на ранейшых этапах лукашэнкаўскія СМІ не дэманстравалі падтрымкі для Расіі, а часам нават дазвалялі крытычныя выпады. Цяпер рэжымная прапаганда працуе ў інтарэсах Крамля, але размеркаванне падтрымкі і асуджэння «спецаперацыі» параўнальнае да размеркавання ў балгарскім грамадстве.

Фактар руса-цэнтрычнай ідэнтычнасці беларусаў перастае працаваць. Замацоўванне ў міжнароднай супольнасці вобразу Расіі як краіны-агрэсара і пранікненне ў беларускае грамадства інфармацыі пра ваенныя злачынствы расіян будуць спрыяць ломцы ідэнтычнасці. Выкарыстанне рускай мовы наўрад ці зменшыцца, але вобраз Расіі будзе кардынальна мяняцца ў светапоглядзе беларусаў.

* * *

За беларускі ўздым 2020 года жыццём, здароўем або свабодай заплацілі тысячы беларусаў. У 2022 годзе за абарону сваёй краіны перад агрэсарам жыццём або здароўем заплацілі дзясяткі тысяч украінцаў. І гэта балючы аспект гэтых працэсаў. Захоўваючы памяць пра загінулых герояў і салідарнасць з пацярпелымі, варта заўважыць і іншы аспект.

Расія, як стабілізатар беларускага статус-кво, слабее. Слабее і як гегемон, і як частка ідэнтычнасці беларусаў. Як паказвае даследаванне Гуніцкага, такое аслабленне значна павышае шанец на ламанне аўтарытарнага статус-кво.

Пётр Рудкоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30