Знайсці
19.06.2022 / 15:02РусŁacБел

Зміцер Крэс. Якуб Басаножнік. Апавяданне

I

Сонца акурат узыходзіла па-над зялёнай гладзьдзю канала, калі ў плотнай ранішняй смузе раздаліся добра знаёмыя ва ўсіх ваколічных мястэчках ляпусы босых ступакоў па вільготным каменным бруку. Тыя крокі почасту перарываў больш насычаны й гучны шоргат дробнага жвіру, але ён хутка сьціхаў, і ляпусы, дзванчэйшыя ранейшых, вярталіся ў ранішнюю прастору й затрымліваліся там найдаўжэй. То, як было вядома тут кожнаму, ішоў на ранішні шпацыр Якуб Басаножнік. І, думаю, уважлівы чытач ужо ськеміў, адкуль Якуб займеў гэтую мянушку. Гук яго крокаў немагчыма было зблытаць ані з чым іншым. Здаецца, сама прырода надзяліла Якубавы ступакі такімі выразнымі й дужа спэцыхвічнымі акустычнымі ўласьцівасьцямі. Калі б можна было хоць якімісьці словамі абмаляваць гэты непаўторны гук — далібог, чытачу, я б з усяе моцы імкнуўся да гэтага. Аднак канчаткова здольнасьці адтвараць сьвет пачуцьцяў у абстрактных назовах я так і не займеў, як ні намагаўся таго зрабіць. Мо таму, што гук гэты быў настолькі асаблівы й настолькі не падобны да таго, што ўтваралі ўсе іншыя людзі падчас свае хады; здавалася, што зьява гэтая суто прыроднага панства, найнатуральнейшая, непадробная ў сваёй простасьці. Мо таму за гукам гэтым, дзе б яго ні чулі, цягліся, як зачараваныя, дзеці, хоць бацькі ўсяляк забаранялі ім тое рабіць. Але годзе апяваць ляпусы. У рэшце рэшт чалавецтва, агульнымі намаганьнямі, усё ж здолела зрабіць нешта большае за іх.

Тым больш, што ў хвіліну, калі мы засьпелі Якуба, ягоныя крокі ўжо пасьпелі сьціхнуць. Чаму?

Уласна ў гэтую хвіліну вялікая нязграбная Якубава постаць ужо злажылася ў нешта не такое высокае, але ўсё ж ня меншая за яго, і вялікая калматая галава выцяглася дзесь унізе й ледзь што ня ўроўні зь нярушнаю паверхняю зялёнай вады. Якраз у гэтай пазыцыі яго й засьпеў, кром нас, гурток дзяцей, што йшлі раніцай да прыходзкай школы з суседняга мястэчка.

— Што ўпільнаваў, Басаножніку? — закрычалі яны да яго, подбегам набліжаючыся да таго мейсца, дзе Якуб схіліўся па-над каналам.

Якуб жа моўчкі выцяг сваю доўгую правіцу, якая ўжо трымала кіёк, зроблены з галінкі, і штось намагалася гэтым кійком зачапіць у вадзе. Пакідаўшы рыштунак, дзеці паселі вакол яго й засяроджана паўзіраліся ў кропку, дзе канец галінкі хаваўся ў вадкую зелень.

Па непрацяглым часе Якуб выцяг-такі знаходку ў траву на беразе: то быў іздохлы гусак. Дзеці абступілі яго шчыльным колам, ладнай часткай якога, як пячатка на пярсьцёнку, было мажнае тулава Якуба.

— Гусак… — захоплена прашапацеў нехта зь дзіцячага кола.

— Гэты гусак — гэта я, — шамклявым басам, павольна й расьцягнута, як на ўрачыстасьці, пратрубіў Якуб.

— Як, Басаножніку, ён жа іздохлы! — зьдзіўлена перавялі на яго вочы дзеці.

— Так, так! Я быў жывейшы да нараджэньня й умеў лётаць. А зараз я з вамі й ужо нічога не магу.

На такі паварот нехта з кола тыцнуў у Якуба пальцам. Усе астатнія задуменна глядзелі на шэрую бясхворменную тушку жывёліны.

— Але ж ты не пратрымаесься пад вадой больш за тры хвіліны, — пераканана заўважыла нейкае дзецко.

— Я трымаўся пад вадой тры дні, каб прыплысьці сюды.

Дзеці недаверліва зірнулі на Якуба.

— Вялікая рыбіна несла мяне каналамі Фляндрыі з Паўночнага мора. Мы праплылі іх усе, — узьнёс палец угару Якуб.

— А чаму ж парах Ёган кажа, што ты прыбыў да нас з усходу?

— Дзе ў вас усход, тамака ў мяне ё поўнач. Парах Ёган не заўсёды кажа, што ён ведае — а што іншыя ведаюць. Гэтак можна памыліцца.

Дзеці яшчэ памаўчалі, аж покі нехта не спахапіўся, што яны спазьняцьмуцца ў школу. Яны борзьдзенька пахапалі свой рыштунак і шумным гуртом, як адзін, выправіліся ў дарогу. Адыйшоўшы колькісот крокаў, яны пачулі:

— Гэтак і перадайце параху: Якуб Басаножнік — мёртвы гусак… Ён тутака, каб мурашы мелі што есьці…

Дзеці махнулі яму на разьвітаньне. Бадай усе звыклі да гэтакіх прымхаў. Акром, мажліва, параха Ёгана, хаця й ён ужо ня надта пераймаўся з тае прычыны.

Гэтакі быў Якуб Басаножнік, дзівосны й просты, й пярвейшы з блазнаў.

II

Той куточак, які так моцна ўпадабалі ступакі Якуба й дзе мы яго ўласна й засьпелі, завецца Фляндрыя. Зусім невялічкі й, магчыма, замалы для рэха яго магутных ляпусаў — бо ён складаў усяго-ж-сьці колькі гоняў таго мейсца, дзе была колісь ягоная хата — ён быў разьлінеяваны, як сшытак, узорна роўнымі рознакаляровымі палямі з духмянымі, разбуялымі каласкамі жыта й невялікімі выспамі дзікіх красак. Ва ўсялякую гадзіну содняў, калі б хто ні мінаў гэтыя мясьціны, уся туташняя прастора сьпявала мінаку шматгалосным птушыным хорам, бо за колькасцью сьпеўных птушак Фляндрыя паспрачаецца зь якім іншым мейсцам значна сьпякотнейшых краін плянэты, нават і не аднастайнай халоднай поўначы. Немалая справа — цёплыя акіянскія цячэньні. Колькі значна выгоднейшых у сваёй гэограхвіі мейсцаў, пазбаўленыя гэтых цячэньняў, ня могуць пахваліцца гэтакай разнастайнасьцю! 

Куток гэты ё настолькі маляўнічым і настолькі самападобным, што некалі (ужо стагодзьдзе таму як) адзін мой калега зь іншага боку зямной кулі, нечакана для сябе й навечна для ўсяго сьвету, зьнітаваў тыя два словы ў адзін, неразрыўны ўжо панятак — палі Фляндрыі. І ў тых палёх, хораша ўбраных краскамі, непрыкметнымі сельскімі сьцежкамі любіў падарожнічаць Басаножнік.

Быў сьпякотны дзень пачатку лета, калі ён ішоў полем, дзе ўжо працавалі, угнуўшы галовы, сяляне. Было відаць толькі, як раз-пораз вытыркаліся з-за збажыны іх саламяныя капелюшы — тады мокрыя, загарэлыя твары надта кантраставалі з насычаным колерам зеляніны. Нехта з гурта ўгледзеў Якуба.

— Гэй, Басаножніку! Куды шыбуеш?

— Нікуды. Як я магу кудысьці йсьці, як я ня маю, адкуль выпраўляцца?

Селянін, выпрастаўшыся, задуменна пачухаў патыліцу. Раптам здагадка асьвятліла яго твар:

— Слухай сюды: у старой Юлін надоечы памёр муж, дзяцей іх сьлед прастыў, дык няма каму глядзець яе. Што як мы ў старосстве слоўца за цябе закінем — жыцьмеш у яе, даглядацьмеш старую!

— Вашыя хаты не для мяне, — абыякава азваўся Якуб.

— Гэта чаму ж?

— Дзіўныя людзі… У вашых хатаў занадта глыбокія лёхі.

— І што з таго? — зьдзівіўся селянін.

— У краёх, скуль я, у такія лёхі спускаюцца хіба з зашытым ротам. Якубава хата — для сьвятла, і не прыйшла часіна яе зачыняць.

Селянін скрывіўся, нездаволены такім адказам. Утаропіўшыся ў зямлю й мыском бота патузаўшы невялікі камень, ён па хвіліне маўчанкі зноў прамовіў да Якуба:

— Міне лета, і халады прыйдуць… Што тады рабіцьмеш?

— А што робіць кветка ў маразы? Ськідае пялёсткі й стае травою. Убачыце й вы мяне, але наўрад ці пазнаеце. Але зарана для такіх размоў.

Селянін з усьмешкаю пахістаў галавою. Неўзабаве яго тузанулі сябрукі й ён вярнуўся да працы.

«Нехта ж павінен запаўняць тыя лёхі,» — падумаў сабе Якуб і пашыбаваў далей, наўзгор ад таго поля.

III

Усё ж, шаноўны чытачу, мушу заўважыць: якім б дзіўнаватым блазнам ня слыў улюбёны ўжо табою Якуб Басаножнік, аднак і ён меў да сябе хаця б адну спагадную душу. І гэтакім цалкам заслужаным сябруком лічыўся мясцовы сыравар Кунц, якога сам Басаножнік клікаў аднаму яму вядомым прозьвіскам Галендра. Быў то чалавек збольшага замкнёны, занураны ў сябе й з тае прычыны мала знаёмы местачковай грамадзе. Ды гэта бо й ня дзіва: сам Галендра гаварыў нікому не зразумелай балачкай. Кром таго, Галендра меў шкодную для камунікацыі звычку гугніць словы сабе пад нос, ды з такой хуткасьцю, што чуваць было хіба толькі асобныя склады. Збываючы свой тавар на мясцовым кірмашы, Галендра паднатурэў абыходзіцца ўвогуле бяз словаў — досьць было ўсяго некалькіх рухаў рук, заломаў пальцаў і выразнай мімікі, каб паразумецца з будзь-кім на абшарах гасьціннай Хвляндрыі. Агулам жа, калі справа тычылася грошай, то Галендра тут быў вялікі мастак. Бывала, што ён падвышаў кошты на свой сыр аж да тае пары, пакуль ягоную балачку не пачынаў разумець і найнякемлівейшы з пакупнікоў. Аднак што выпраўдовала такія яго бздурныя паводзіны? Охці-вохці, спадарства! Калі б вы скаштавалі некалі тую далікатную матэр'ю, той залацісты эхвір з хрумсткай скарынкай, які завецца ў Галендры сырам, гэткае б пытаньне аніколі не паўстала прад вамі. Галендры можна было дараваць усё за адзін толькі паўнюткі й вагавіты кругляк. Зрэшты, і сяброўства двох дзівакоў часьцяком сьпісвалі на тое, што ўжо надта ласы быў Басаножнік да Галендравага сыру, а плаціць яму, як вядома, не было чым. Але то, безумоўна, былі жарты, а то й намовы зламысьнікаў. Сапраўдная ж прычына палягала ў тым, што Якуб, як ні дзіўна, ведаў асобныя словы з той балачкі, ці прынамсі падобныя да іх. Гутарку іх нармалёвай прызнаць было цяжка. Зазвычай выглядала гэта наступным чынам. Басаножнік аб'яўляўся на хвэрме Галендры акурат у такую гадзіну, калі той найбольш быў заняты працай, і займаў недзе водстарань мейсца назіральніка. Пэўны час ён моўчкі высочваў свайго сябрука, яго зьяўленьні й зьнікненьні між гаспадарчых пабудоў і ўжо па некаторай паўзе закідаў таму нейкае слоўца — прыкладам, «жабрак» або «крама». Тады Галендра прыпыняў працу, раздаваўся ў замройнай усьмешцы, як быццам прыгадваючы нешта, і пачынаў мармытаць сабе пад нос — і абавязкова ў яго гаворцы можна было ўчуць закінутае слова. І гэтак Басаножнік цягнуў зь ім «размову», аж покі ўкрай расчулены Галендра не прыгашчаў яго сьвежаком з сваёй сыраварні.

Але хіба ня большым аматарам Галендравых вырабаў у акрузе лічыўся парах Ёган, што дужа раздражняла Басаножніка, бо той таксама панадзіўся адведваць сыраварню, праз што, бывала, Якубу не выпадала анічога: усё ж парах быў больш шанаваны за блазна, хай і ня ведаў тых словаў-ключоў да скарбонкі гасьціннасьці сыравара.

Неяк раз, каб адбіць парахаву ахвоту абіраць яго дзялянку, Якуб, стрэўшы таго на вуліцы, пахваліўся, што ў сырнай навуцы таксама нешта кеміць і запрапанаваў параху пачаставацца адмысловым гатункам, які Якуб мае прыгатаваць назаўтра. Парах Ёган пераняўся гэтай прапановай, і частаваньне прызначылі на тую ж гадзіну наступнага дня. Басаножнік слыў ня толькі блазнам — усе ведалі яго й як добрага хвалько. Таму як жа быў зьдзіўлены парах Ёган, калі ў вызначаную гадзіну ўбачыў у сябе ў сенях нехлямажую постаць Якуба з палатняным клункам у руцэ. Разгарнуўшы клунак на стале, ён пабачыў ладны кругляк белага сыру зь ледзь значным, пяшчотным водарам. Скаштаваўшы трохі зь яго малочнага боку, парах аж вочы закаціў: як блазну ўдалося вырабіць такі выкшталцоны смаколік і як называецца гэты гатунак?

— Нябожчык, — задаволена адказаў Якуб і распавёў, як закапаў сьметанковы клунак у зямлю й, адкапаўшы на раніцу, прынёс на каштаваньне параху.

Парах Ёган сплюнуў, загарнуў тканіну ўзад і паказаў Басаножніку на дзьверы.

Рассмактаўшы свой кавалак ужо на вуліцы, Басаножнік усё ж прызнаў яго, як нішто сабе. 

Урэшце ён меў і харчы на дзень, то ня дужа пераймаўся з такога непаразуменьня.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера