Знайсці
19.06.2022 / 18:38

Мінск майстар-класны: ад лекцый пра Шагала да сэкс-трэнінгаў

Навіны пра каранавірус паступова зніклі з навінных стужак. Людзі сталі менш часу праводзіць на відэаканферэнцыях і ўсё больш наведваюць мерапрыемствы ў афлайне. Газета «Белорусы и рынок» вывучыла, як мінчукі з карысцю праводзілі вольны час у апошні месяц.

У разлік браліся толькі кароткія аднадзённыя і двухдзённыя «навучалкі»: майстар-класы, трэнінгі і семінары. У выніку сумны, на першы погляд, Мінск аказаўся яшчэ той пляцоўкай для розных забаў.

Псіхалагічныя трэнінгі

Найшла веснавая хандра або адносіны рухаюцца да прорвы? На дапамогу прыйдуць шматлікія псіхалагічныя гульні і майстар-класы.

Так, на адным з іх за 40 рублёў абяцаюць за пару гадзін навучыць удзельнікаў усведамляць сябе і знаходзіць выйсце з цяжкіх жыццёвых сітуацый. На іншым трэнінгу за тыя ж грошы можна навучыцца ўвасабляць мары ў жыццё. Столькі ж будзе каштаваць і магчымасць расказаць пра сваю праблему ў групе такіх жа людзей, якія спазнаюць сябе.

Трохі даражэй абыдзецца майстар-клас па пошуку сваёй заблакаванай энергіі і яе вызваленні — 50 рублёў.

Дарэчы, некаторыя псіхалагічныя трэнінгі разлічаныя толькі на жанчын. Напрыклад, на адным з іх удзельніц вучаць «не баяцца сваіх жаданняў», «быць сапраўднай» і «ўмець казаць не». Іншы трэнінг разлічаны на жанчын, якія выбіраюць «традыцыйныя культурныя каштоўнасці ў сямейных адносінах». На трэнінгу іх вучаць прымаць жаночую ідэнтычнасць, лепш разумець сваю прыроду і будаваць шчаслівыя адносіны з мужчынамі.

Для мужчын спецыфічных псіхалагічных трэнінгаў няма, або яны не вельмі прасоўваюцца. Атрымліваецца нейкая дыскрымінацыя. Жанчынам усе ўмовы, а мужчынам — плач у кутку на кухні, падціснуўшы каленкі да няголенай шчакі.

Спорт і танцы

Зусім не напружваючыся, можна далучыцца да спорту ў барах, пабах, кавярнях і рэстаранах. Аказалася, што многія ўстановы амаль штодня прапануюць сумесныя прагляды спартыўных трансляцый: футбол, змешаныя адзінаборствы, бокс.

Папацець жа ў траўні можна было ў РГЦ «Сілічы», бегаючы па паласе перашкод Bison Race (квіток на дзень — 20 рублёў), або наведаўшы семінар «Сячэнне кітайскай шабляй дао», дзе навучаюць базавай тэхніцы валодання гэтай зброяй.

Не даводзіцца ў Мінску сумаваць і аматарам танцаў. За 5 рублёў можна папрактыкавацца ў бачаце, танга і зуке. Запрашаюць як адзіночак, так і пары. Праўда, гэта забава не для пачаткоўцаў, а для тых, у каго ўжо ёсць базавыя навыкі.

Ёга і эзатэрыка

Палова Мінска займаецца ёгай і медытацыямі. Такую выснову можна зрабіць, мяркуючы па шматлікіх прапановах майстар-класаў у гэтым кірунку.

Цэны розныя. Двухдзённы семінар па ёзе і медытацыі пад кіраўніцтвам інструктара, бласлаўлёнага тыбецкім дасведчаным практыкам, каштуе 250 рублёў. За 220 рублёў на працягу двух дзён можна прайсці прафесійную падрыхтоўку па цыгун.

Куды танней запусціць «ракету жаданняў» — гэта «практыка кундаліні-ёгі, якая праводзіцца толькі ў дні маладзіка»: 20 рублёў і месяц дапамогуць удзельніку мерапрыемства атрымаць неабходную энергію для выканання намераў.

Праўда, ёга і ўсходнія практыкі аказаліся і самым дэмакратычным кірункам, паколькі ў Мінску можна знайсці і зусім бясплатныя заняткі па медытацыі, абуджэнні энергіі і ўнутранай трансфармацыі.

Мінскі рынак эзатэрычных івэнтаў вельмі разнастайны і прапануе мерапрыемствы, якія самастойна нават цяжка нафантазіяваць. Так, за 320 рублёў можна пабываць на свяце агню і «прынесці дары маці-прыродзе; схіліцца перад яе ўладай і веліччу; спасцігнуць вечны працяг часу і прыгажосць кожнага часу года».

За 35 рублёў вы расслабіцеся «пад гукі гонга, лежачы на дыванках, а потым — гадзіна чайнай цырымоніі ва ўсвядомленым маўчанні-маўленні, за сталом».

За 30 рублёў можна адправіцца ў «свабодны танец праз старажытны племянны рытуал — какава-цырымонію, якая адкрые сардэчную прастору і дазволіць сунастроіцца з рытмам адзінага племя».

Пасля цырымоніі ўдзельнікі наладзяцца на рытм свайго сэрца з дапамогай шаманскага бубна. Не падабаюцца бубны? Тады запісвайцеся на «вібраакустычны масаж тыбецкімі спяваючымі чашамі», схадзіце на семінар па фэн-шуй, навучыцеся стаяць на цвіках або па метадзе сістэмных расстановак «аднавіце плынь любові, якая ідзе ад вашых продкаў».

Праца і грошы

Калі ў вольны час вы ўсё роўна думаеце, як зарабіць або рушыць наперад па кар'ернай лесвіцы, то сардэчна запрашаем у свет бізнэс-семінараў і трэнінгаў выхаднога дня. Тут і майстар-класы па медыяцыі і перамовах, семінары па прасоўванні ў сацыяльных сетках, абароне персанальных звестак, аптымізацыі працы ў крызіс, продажах, пошуку кліентаў. Па цане — ад бясплатных уводных заняткаў да 700 рублёў за сустрэчу.

Можа, замест таго, каб працаваць, лепш навучыцца выгадна інвеставаць у Беларусі і за мяжой? Ёсць і такі трэнінг — 275 рублёў.

Жывапіс і самаробкі

Нават калі вы ніколі ў жыцці не малявалі, у вас ёсць магчымасць стварыць карціну сваімі рукамі. Арганізатары студыі выяўленчага мастацтва выдадуць усе матэрыялы: фарбы, пэндзлі, палатно і навучаць ствараць шэдэўрыкі. Усё гэта ва ўтульнай студыі з рэлакс-музыкай, гарбатай і печывам.

А можа, вы прыроджаны ганчар, але яшчэ не ведаеце пра гэта? Паспрабаваць сябе ў гэтай справе можна на лепцы кубка або талеркі. Майстар-клас абыдзецца ў 50 рублёў, але затое хоць не з пустымі рукамі дадому пойдзеце.

Наогул, майстар-класаў па самаробках шмат. Прычым многія з іх разлічаныя на бацькоў і дзяцей або толькі на дзяцей. На такіх мерапрыемствах можна азнаёміцца з рознымі тэмамі: дэкупаж, скрапбукінг, квілінг, качанне з воўны, батык, выраб свечак, біжутэрыі, упрыгожанняў для інтэр'еру.

Культура і асвета

У Мінску праводзіцца шмат лекцый па культуры, літаратуры, філасофіі і гісторыі, праходзяць творчыя вечары і прэзентацыі. Арганізоўваюць мерапрыемствы як прыватныя кампаніі, так і дзяржаўныя ўстановы. Лекцыі чытаюць мастацтвазнаўцы, куратары навуковых праектаў, увогуле людзі, глыбока пагружаныя ў тэму.

«Арт-фабрыка», напрыклад, правяла лекцыю, заснаваную на матэрыялах адной з самых выразных і вядомых выстаў Нацыянальнага мастацкага музея апошніх гадоў «Чаму ты мяне пакінуў?».

У бібліятэцы імя Пушкіна прайшла лекцыя пра Мадыльяні і літаратурна-музычная сустрэча «Шагал і Бэла. Гісторыя кахання».

Дзяржустановы, як правіла, праводзяць мерапрыемствы бясплатна або за сімвалічны кошт, прыватныя кампаніі бяруць за квіткі да 50 рублёў.

Асобна варта вылучыць праект «Трыбуна вучонага» — гэта цыкл адкрытых навукова-адукацыйных лекцый на базе Мінскага планетарыя. Сур'ёзныя навукоўцы і ўнікальныя спецыялісты ў зразумелай форме тлумачаць складаныя навуковыя тэорыі, дзеляцца ведамі пра космас і Сусвет. Кошт квітка на лекцыю — 3,5 рубля.

Самы дарагі трэнінг

Каштуе ён 880 рублёў за тры з паловай гадзіны.

«На гэтым трэнінгу вы асвоіце ўнікальныя тэхнікі аральных пяшчотаў, якімі карысталіся куртызанкі, а таксама сучасныя кірункі ад нямецкіх і амерыканскіх вядучых у гэтай галіне», — гаворыцца ў апісанні. «У праграме сто адсоткаў практычных навыкаў. Практыка праходзіць на рэалістычным трэнажоры з выкарыстаннем розных сэкс-аксесуараў».

Падобнае прапануецца і на іншым сэкс-трэнінгу, але за меншыя грошы — 120 рублёў за тры гадзіны. Праўда, і тут выяўляецца гендарная дыскрымінацыя: такога роду трэнінгі ў Мінску праводзяцца выключна для жанчын.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30