Знайсці
19.06.2022 / 21:28

Аляксандр Апейкін: Прыніжэнне беларусаў ва Украіне за пашпарт — не толькі несправядлівае, але і глыбока нерацыянальнае 

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін напісаў у Фэйсбуку вялікі тэкст, з нагоды чарговых вестак пра тое, з якімі штучна створанымі праблемамі і свядомымі прыніжэннямі на ўкраінска-польскай мяжы толькі за свой пашпарт сутыкаюцца беларусы, якія дапамагаюць украінцам у гэты цяжкі час. На яго думку, такое стаўленне з боку ўкраінскіх уладаў — не толькі несправядлівае, але і глыбока нерацыянальнае, стрэл у нагу самім сабе. 

Аляксандр Апейкін. Фота з сацыяльных сетак

Я не хацеў бы даваць нейкія эмацыйныя ацэнкі прыкладам ціску на беларусаў ва Украіне. Заўсёды можна заплюшчыць вочы на тое, што гэта несправядліва, бо ідзе вайна, а на вайне ўвогуле шмат чаго несправядлівага.

Але ж гэта яшчэ і глыбока нерацыянальна, і пра гэта ўжо нельга маўчаць.

Несправядліва, бо наўмысна альбо па няведанні не называюцца прычынна-выніковыя сувязі.

Улюблёная тэза ўкраінскага палітыкума — «з Беларусі на нашы гарады ляцяць ракеты». Але ж гэта не прычына, гэта — вынік. Вынік таго, што ў 2020-21 годзе ўсе нашы суседзі вырашылі недальнабачна згуляць у свае «геапалітычныя і нацыянальныя інтарэсы».

Беларусы ўжо бачылі ўсе гэтыя званкі Макрона і Меркель, зацягванне рашэнняў па санкцыях, нежаданне «раззлаваць Пуціна», выгадны гандаль з дыктатурай на нашай крыві.

Беларусы імкнуліся стварыць новую дэмакратычную прастору ў рэгіёне, якая была б буферам бяспекі для краін ЕС і Украіны. Пакуль недзе будаваліся схемы па абыходзе санкцый, праз турмы і катаванні праходзілі дзясяткі тысяч беларусаў. Сотні тысяч вымушаныя былі з'ехаць (па апошніх звестках, за два гады выдадзена больш за 650 тысяч шэнгенскіх віз, гэта без уліку Грузіі, Турцыі, Украіны, Ізраіля, Узбекістана і Кыргызстана).

Усё беларускае свядомае грамадства папярэджвала і Захад, і Украіну пра будучыя наступствы такой палітыкі.

Станоўчае гандлёвае сальда Беларусі з Украінай за 2021 год склала амаль 3,5 млрд долараў. 3,5 мільярда, выдаткаваных украінскімі выбаршчыкамі на ўмацаванне карніцкага апарату Лукашэнкі, поўнай зачысткі грамадзянскай супольнасці, фінансаванне прапаганды (у тым ліку антыўкраінскай), падтрымку сілавікоў, гатовых выканаць любы загад. Што гэтага не разумела ўкраінскае кіраўніцтва, я сумняваюся. Чаму тады не спынілі злачынны гандаль?

А сёння сакратар РНБА Аляксей Данілаў заяўляе, што «беларусы нам здрадзілі». Па словах спадара Данілава, быццам бы беларускі міністр абароны і старшыня памежнага камітэта 22 лютага ў тэлефонных размовах кляліся, што ніякага нападу з Беларусі не будзе.

Даруйце, шаноўны спадар Данілаў, пры ўсёй павазе, але з кім вы дамаўляліся? Гэтыя людзі здрадзілі свайму народу, сваёй канстытуцыі, сваёй прысязе. Гэта беларусы ніжэйшага гатунку, без сумлення і гонару, ну і без аніякага легітымнага права прадстаўляць Беларусь.

Любыя гарантыі, абяцанні, абавязкі ад імя беларускай дзяржавы і беларускага народа можа даваць толькі нацыянальны дэмакратычна абраны ўрад Беларусі! Вам здрадзілі грамадзяне Хрэнін, Лапо і Лукашэнка, а не беларусы.

Справа ў тым, што калі гуляеш у Realpolitik, трэба быць асцярожным, бо можна патрапіць на махляроў, якія выдаюць сябе за прэзідэнтаў і міністраў з ліпавай даведкай пра 80% падтрымкі, а потым знікаюць і не здымаюць тэлефоны.

Нерацыянальна, бо Украіна мае ворага ў выглядзе нелегітымнага беларускага дзяржаўнага апарата, але мае саюзніка ў выглядзе беларускага грамадства.

Па розных апытаннях адназначна супраць вайны ва Украіне выступае 70% беларусаў унутры краіны і 90% у дыяспары. Амаль усе мае сябры і знаёмыя ў дыяспары нешта робяць для Украіны: валанцёраць, данацяць, едуць добраахвотнікамі, медыкамі, ладзяць зборы і акцыі падтрымкі. Беларуская айцішка данаціць мільёны долараў і крыпты ва Украіну.

Беларусы едуць аддаваць жыццё ў вайне супраць Расіі. У падтрымку Украіны сёння працуюць дзясяткі беларускіх арганізацый і фондаў, медыя і ініцыятыў. Трэба зразумець, што гэта не проста звычайныя добразычліўцы, якія выгараюць праз 2-3 месцы. Гэта прафесійныя грамадскія інстытуты з чалавечым і фінансавым рэсурсам, супрацоўнікамі і валанцёрамі, якія ў стане весці барацьбу гадамі.

Гэта велізарны рэсурс, і губляць такі рэсурс падчас вельмі цяжкай вайны — гэта злачынства.

Падтрымка грамадства еўрапейскіх краін важная, але народы краін ЕС, ЗША і Брытаніі ўсё ж такі жывуць сваёй унутранай палітыкай і сваімі праблемамі. Украінскае пытанне ўжо выклікае пэўную стому.

Беларусы ж у большасці ўспрымаюць вайну ва Украіне як працяг сваёй барацьбы за свабоду і незалежнасць са жніўня 2020 года, яны не адрозніваюць бяду ўкраінцаў ад сваёй, бо ведаюць прычынна-выніковыя сувязі, пра якія я пісаў на пачатку.

Таму падтрымка беларусаў, хутчэй за усё, будзе вельмі доўгатэрміновай і не будзе кан'юнктурнай. Для беларусаў перамога Украіны ў вайне — гэта яшчэ і вялікая надзея.

Палітычныя эліты ва Украіне і на Захадзе, нарэшце, павінны зразумець, што без дэмакратычнай Беларусі аніякай «зоны агульнай бяспекі» у рэгіёне пабудаваць будзе немагчыма. Пастаянная ваенная пагроза Кіеву з поўначы, Варшаве і Вільні з усходу — гэта рызыкі для ўсіх інвестараў, адсутнасць адэкватнага таннага транзіту, гандлю, перасоўвання людзей.

Вызваляць Беларусь нам прыйдзецца ўсім разам, іншага шляху тут не будзе, бо дабрабыт і бяспека Украіны непасрэдна ўзаемазвязаныя з дабрабытам і бяспекай Беларусі.

І не раю спрабаваць дамаўляцца з Лукашэнкам сёння, бо заўтра вы атрымаеце яшчэ большую праблему, чым 24 лютага.

Прыцісканне беларусаў ва Украіне — гэта стрэл сабе ў нагу. На мяжы па сем гадзін «шманаюць» зусім не тых беларусаў. Сёння ва Украіну едзе найлепшы беларускі чалавечы рэсурс: валанцёры, добраахвотнікі, грамадскія дзеячы, прадпрымальнікі, журналісты, тыя, хто душой спачувае і ахвяруе сабой для перамогі.

Дарэчы, спіс беларусаў-лукашыстаў, саўдзельнікаў рэпрэсій, да якіх сапраўды было патрэбна своечасова ўжыць санкцыі, мы накіравалі ў РНБА яшчэ на пачатку 2021 года. Але там адказалі, што «няма падстаў». Ну, ок. Паспрабуем даслаць яшчэ раз.

Чытайце таксама:

«Realpolitik — яна такая». Падаляк, Ціханоўская ды натуральныя і сітуатыўныя саюзнікі Украіны

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31