Знайсці
20.06.2022 / 14:19РусŁacБел

Крыніцы: Мінск не плаціць Расіі за газ. Трапіў у пастку, якую сам паставіў

Як стала вядома «Нашай Ніве», Беларусь затрымлівае плацяжы Расіі за газ. Прычына — штучны рост курса расійскага рубля зрабіў цану вышэйшай, чым планавалася. Для Беларусі цана выходзіць завысокай. 

Па кантракце з «Газпромам» Беларусь павінна была плаціць за газ з разліку $128 за тысячу кубаметраў.

Гэта вельмі выгадная цана, прыкладна ў два-чатыры разы ніжэйшая, чым у студзені-лютым плацілі па доўгатэрміновых кантрактах газавыя кампаніі іншых краін. Рэч у тым, што для Беларусі гэтая цана фіксаваная, тады як частка кампаній купляе па цане, прывязанай да каціровак нафты. Але нават сярод тых, каму «Газпром» прадае блакітнае паліва па фіксаваных цэнах, ні ў кога няма такой выгаднай цаны, як у Беларусі.

Аднак Мінск трапіў у пастку, якую сам паставіў. У палітычных мэтах беларуская адміністрацыя доўгі час дабівалася пераходу на плацяжы за энерганосьбіты ў расійскіх рублях. Пасля пачатку вайны рашэнне аб пераходзе на аплату ў рублях было прынятае. Але не толькі для Беларусі, Масква запатрабавала таго ж ад газавых кампаній Еўрасаюза. Пры гэтым Расія штучна падняла курс расійскага рубля як да даляра, так і да еўра і беларускага рубля.

Цяпер расійскі рубель каштуе 56 рублёў за даляр, рынкавы курс складаў бы, магчыма ад 80 да 120. Камфортны для Беларусі — 75—80, якім ён быў да 24 лютага, дня нападу на Украіну. 

«Мінск не праводзіць плацяжы па бягучым курсе: зробіш адзін транш — і ўсе астатнія прыдзецца рабіць па ўмовах першага, такая палітыка Газпрама», — кажа абазнаная крыніца. 

Атрымліваецца, цяпер за газ Беларусі давялося б аддаць больш даляраў або рублёў, чым раней закладвалася. Таму Мінск не плаціць, вычэквае, пакуль рубель аслабее, або пакуль не ўдасца змяніць формулу цаны ў пагадненні.

«І рубель умацоўваецца шалёнымі тэмпамі — каб мы тут не перабаршчылі. Нечаканыя рэчы адбываюцца», — кінуў Аляксандр Лукашэнка перад тэлекамерамі на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 23 мая ў частцы, прысвечанай пераходу на разлікі ў нацыянальных валютах.

«Пакуль таргуюцца», — паведаміла «Нашай Ніве» абазнаная крыніца. 

Раней віцэ-прэм'ер Юрый Назараў заяўляў ТАСС, што «ў нас першае паўгоддзе — адпрацаваць механізм фарміравання цаны [на газ] у рамках Саюзнай дзяржавы». 

У гісторыі энергетычных узаемаадносін Беларусі і «Газпрома» ўжо здараліся сітуацыі, калі бакі не маглі дамовіцца аб цане газу. Пасля торгу, часам працяглага, заўсёды знаходзілася ўзаемапрымальнае рашэнне. 

Мінэнерга пракаментавала інфармацыю пра разлікі Беларусі за расійскі газ

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
14
Панылы сорам
11
Ха-ха
96
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
9
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930