Знайсці
20.06.2022 / 13:24РусŁacБел

Гродзенскія акторкі ў Вільні сыгралі спектакль пра Марыупальскі тэатр

Спектакль базуецца на тэкстах журналісткі Надзеі Сухарукавай. Яна была адной з тых, хто ратаваўся ў сутарэннях тэатра.

На канец лютага ў Рускім тэатры Марыупаля планавалі прэм’еру. Аднак пачалася вайна. Тэатр стаў сховішчам для жыхароў горада, а потым быў разбомблены. Пра тое, якія жыццёвыя драмы прайшлі праз тэатр замест запланаванай прэм’еры, паказалі ў пастаноўцы «Спектакль, які не адбыўся» акторкі «Тэатра жніўня» Наталля Лявонава, Натэла Бялугіна і Ганна Іванова. Паставіў спектакль рэжысёр Андрус Дарала. Яго паказалі ў Рускім тэатры Літвы ў Вільні 17—19 чэрвеня падчас паэтычнага фестывалю «Жывое слова», піша hrodna.life.

Гісторыя не скончаная — п’еса толькі пішацца

Увесь спектакль базуецца на тэкстах журналісткі з Марыупаля Надзеі Сухарукавай. Яна была адной з тых, хто ратаваўся ў сутарэннях тэатра.

«Усё пачалося з тэлефоннага званка, — расказала акторка Наталля Лявонава. — Патэлефанаваў знаёмы рэжысёр з Марыупаля і папрасіў запісаць відэаводгук на пост у сацсетках журналісткі Надзеі Сухарукавай».

Калі пра гэта даведаліся калегі, то прапанавалі і сваю падтрымку — так нарадзілася ідэя спектакля. Спачатку артысты меркавалі, што паставяць п’есу, якую рыхтавалі да прэм’еры ў Марыупалі. Потым вырашылі больш працаваць з тэкстамі Сухарукавай.

«Гэта пакуль эскізная работа, — тлумачыць Наталля Лявонава. — Гісторыя не скончаная і п’еса толькі пішацца».

Цяпер вы ведаеце…

На сцэне большасць часу — толькі тры акторкі. Але ў іх расповедах паўстаюць іншыя героі: хлопчык, што вядзе дзённік, стары, які чакае, каб на абед далі «другое», а не толькі суп і ваду, дзяўчынка, што крычыць, бо баіцца цемры. Паступова гэтыя героі запаўняюць прастору — тут робіцца цесна ад роспачы і эмоцый. «Цяпер вы ведаеце, як мог выглядаць і той падвал», — казаў рэжысёр Андрус Дарала.

Пасля эвакуацыі з Марыупаля Надзея Сухарукава прыехала ў Літву і цяпер жыве ў Клайпедзе. Наталля Лявонава распавяла, што яны наведалі журналістку і пазнаёміліся. На яе думку, гэта дапамагло ў працы над вобразамі ў спектаклі.

«Была вялікая адказнасць ад таго, што асабіста ведаю гэтага чалавека. Цікава працаваць па тэкстах і перажываннях знаёмай асобы. Я ж ніколі не была на вайне і не ведаю, што адчувалі марыупальцы, чакаючы смерці ў падвале тэатра. Я ніколі гэтага не адчувала, але павінна была расказаць правільна».

Спектакль па хэштэгах

Тэхнічна спектакль пабудаваны на сістэме хэштэгаў. #Самалёт, #Аўтобус, #Асцярожна ды іншыя перамяшчаюць гледачоў у розныя моманты трагічных падзей. Акторкі ўвесь час трымаюць у руках лісты з тэкстамі роляў прэм’еры, што так і не адбылася.

«П'еса, як і вайна, пакуль не скончаная, — кажа акторка Натэла Бялугіна. — Працаваць у такім фармаце нязвыкла, гэта новы для мяне досвед. Усе гісторыі, якія прагучалі ў спектаклі, напісаныя Надзеяй [Сухарукавай]. Усе мы былі ў спектаклі ёй, толькі ў розных іпастасях».

Цягам фестывалю гродзенцы паказалі віленчукам яшчэ адзін свой спектакль — «За што». Ён прысвечаны падзеям Ночы расстраляных паэтаў і ўпершыню быў прадстаўлены летась у кастрычніку.

Усе спектаклі фестывалю «Жывое слова», прадстаўленыя «Тэатрам жніўня», прайшлі з аншлагам.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера