Беларусу, які падпаліў дзверы пасольства ў Бруселі, далі тры гады ўмоўна
І гэта мінімальна магчымае пакаранне, піша «Зеркало».
Гісторыя з судовым працэсам над ураджэнцам Беларусі Антонам, які ў мінулым годзе падпаліў дзверы беларускай амбасады ў Бруселі, скончылася адносна добра: замест драконаўскіх 15-20 гадоў, якія «свяцілі» яму па бельгійскім заканадаўстве, ён мае найбольш мяккае пакаранне — тры гады ўмоўна. Пра гэта сам беларус распавёў рэдакцыі.
Нагадаем, Антон, які пражывае ў Бельгіі, у ноч з 8 на 9 жніўня мінулага года падпаліў дзверы амбасады Беларусі ў Бруселі — такім чынам ён хацеў паказаць, што «беларусы за мяжой памятаюць пра фальсіфікаваныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў і трохі прычыніць шкоду».
З-за таго, што ў будынку знаходзіўся ахоўнік (на шчасце, ён не пацярпеў), беларуса абвінавацілі ў «падпале ноччу будынка, у якім знаходзіліся людзі». Згодна з бельгійскім Крымінальным кодэксам, за такі ўчынак можа пагражаць ад 15 да 20 гадоў зняволення.
Тым не менш суддзя, пракурор і адвакат Антона, улічваючы яго станоўчыя характарыстыкі і змякчальныя абставіны, прыйшлі да кампрамісу — прызнаць беларуса вінаватым з адмовай ад выканання пакарання ці ж у якасці альтэрнатывы прысудзіць грамадскія працы.
Праўда, пасля справу ўсё ж перадалі ў суд вышэйшай інстанцыі. Аднак пры гэтым з Антона знялі абмежаванні на выезд з Бельгіі, і ён нават паспеў з'ездзіць у Харкаў з гуманітарнай місіяй.
У выніку суд вынес беларусу найбольш мяккі па яго артыкуле прысуд — тры гады ўмоўна. Менавіта такое пакаранне для яго запытаў пракурор.
Як распавёў Антон, калегія суддзяў пасля нарады вырашыла, што наогул адмовіцца ад пакарання або абмежавацца грамадскімі працамі было б незаконна.
— І сапраўды, мяркуючы па мясцовым КК, гэта так, — адзначыў ён.
Рабіць выключэнне дзеля беларуса таксама не сталі, каб не ствараць прэцэдэнт з рызыкай, што каму-небудзь захочацца паўтарыць яго ўчынак.
Па словах Антона, у дакументы звесткі аб судзімасці ўсё ж унясуць, але праз тры гады яе можна будзе зняць.





