Знайсці
27.06.2022 / 09:10РусŁacБел

«Мы ўсе выпускнікі факультэта прыкладной матэматыкі БДУ». Што за людзі наладзілі выпуск аўдыякніг на роднай мове 

Мікіта Белаглазаў ужо амаль дзесяць гадоў як з'ехаў з Беларусі ды працуе ў Google. Аднак выпускнік факультэта прыкладной матэматыкі БДУ не забыўся на радзіму, а дбае пра захаванне яе культурнай спадчыны праз праект audiobooks.by. «Наша Ніва» даведалася, навошта паспяховаму айцішніку выдаткоўваць час і грошы на вырабніцтва аўдыякніг айчынных аўтараў.

Фота: фэйсбук

«Наша Ніва»: Распавядзі пра сутнасць праекта — і пра тое, як з'явілася ідэя яго рабіць?

Мікіта Белаглазаў: Я сам па сабе аматар аўдыякніг. Калі пераехаў у Амерыку ды пачаў іх слухаць на англійскай мове, то ўвогуле перастаў чытаць. Да таго абавязкова кнігу-дзве ў год адужваў мінімум. Пасля ж пераходу на гукавы фармат, за той жа тэрмін чытаю дзесьці да 20-30. Аўдыякнігі больш зручныя, бо на папяровыя асобнікі трэба выдаткоўваць час, цягаць усюды з сабой, што не вельмі зручна. А раманы голасам можна закідваць на любы лічбавы носьбіт ды ўключаць, дзе заўгодна.

Гады ж тры таму прыйшла асаблівая цікавасць да беларускіх кніг. Калі наведваў Мінск, набыў некалькі плытак праз prastora.by — «Каласы пад сярпом тваім», «Людзі на балоце» ды яшчэ некалькі вядомых раманаў. Пасля ж падзей 2020-га ўвогуле пацягнула адкрываць свет айчыннай літаратуры не толькі і не столькі класічных, колькі сучасных аўтараў. Памятаю, як знаёмая даслала фотку з пратэстаў: глядзі, чытаю «Мову» Марціновіча. Думаю, цікава: у дзяўчыны годны літаратурны густ ды і розагалас на тэкст чуўся пазітыўны — можа, і мне спампаваць ды паслухаць?

Але высветлілася, што гэтай кнігі ў аўдыяфармаце не існуе! Як, дарэчы, і соцень іншых цікавых матэрыялаў за аўтарствам сучасных беларускіх творцаў. Так, час ад часу нешта запісвае «Радыё Свабода», але там, падаецца, увага выключна пераможцам прэміі Ежы Гедройца. Але чагосьці пастаяннага ды грунтоўнага ў дадзенай сферы ніхто не рабіў. Так і з'явілася ідэя: можа, паспрабаваць запісаць нешта самім?

Высветлілася, што кошт не такі ўжо высокі, як я чакаў. Першапачаткова трымаў у галаве лічбу дзесьці ў пяць тысяч даляраў за кнігу, але насамрэч сярэднія выдаткі трымаліся ў межах тысячы.

Для прадстаўніка IT-сектара, што працуе ў Амерыцы, сума прымальная. Да таго ж знайшоў яшчэ пару энтузіястаў, якія таксама зацікавіліся ідэяй ды пагадзіліся выступіць спонсарамі. Так і з'явіўся на свет праект audiobooks.by.

«НН»: Паплечнікі таксама беларусы?

МБ: Так, выпускнікі факультэта прыкладной матэматыкі БДУ. Мы ўсе там навучаліся, толькі яны ўдвух на год старэйшыя. Увогуле ж каманда чалавек сем-восем. Ёсць, напрыклад, дызайнер, які стварыў наша лога, а зараз дапамагае маляваць вокладкі для кніг. Ёсць людзі, якія ладзяць гуказапіс. Ну і, адпаведна, тыя, хто голасам дае творам жыццё.

Пачалі з «Сямі камянёў» Аляксея Шэйна. Аўтар пайшоў насустрач— дазволіў запісваць і бясплатна выкладаць твор у сеціва, што значна палегчыла далейшую працу. Па-першае, саміх натхніла. А па-другое, іншым пісьменнікам ужо маглі нешта паказаць ды патлумачыць, што і для чаго робім. Звярталіся да розных аўтараў — як шырока вядомых, так і тых, хто, можа, не так на слыху. Удакладнялі, каму цікава, каму належаць правы (непасрэдна чалавеку альбо выдавецтву), з кім узгадняць юрыдычныя нюансы і гэтак далей. Пакрысе ўсё стала сістэматызавацца, і справа пайшла.

«НН»: Якім чынам абіраеце кніжкі, што ўваходзяць у праект? Ці ёсць нейкая мастацкая рада?

МБ: Калі з'явілася ідэя, зразумелі: трэба загадзя рабіць спіс кніг, па якім пойдзем далей размаўляць з аўтарамі. Мы звярнуліся па параду да адной добрай літаратурнай аглядальніцы — і атрымалі кірунак, па якім рухаліся на пачатку дзейнасці. Калі зразумелі, што будзем развівацца далей, яшчэ пагрукаліся да некалькіх дасведчаных асоб, каб ужо больш шырокі спектр твораў ахапіць. І дадалі да пачатковых крыніц ужо лонг-ліст.

Фота: фэйсбук

«НН»: Каго прыцягваеце да агучвання тэкстаў — і каго б марылі пачуць? Магчыма гэтыя людзі прачытаюць размову ды да вашага праекта далучацца.

МБ: Шчыра кажучы, у мяне няма персанальных прыхільнасцей: першапачаткова цікава пачуць менавіта змест кнігі, а не голас нейкай знакамітасці. Таму, хутчэй, хацеў бы мець выбар тэкстаў, якія б пайшлі на агучку без будзь-якіх абмежаванняў. Напрыклад, мы дасюль не запісалі ніводнай кнігі Марціновіча. Цікава было б гэта зрабіць, але ён ужо цягам года адмаўляецца. Можа, калі прачытае гэтае інтэрв'ю, зменіць пазіцыю альбо вы яго да гэтага падштурхнеце (смяецца).

Што да сённяшніх нашых «выканаўцаў», то гэта прафесійныя акцёры, да якіх няма аніякіх прэтэнзій. Нам падабаецца тое, якім чынам яны надаюць кнігам душу ды голас. Тое ж кажуць і карыстальнікі праекта.

«НН»: Распавядзі крышку пра сябе. Якім чынам чалавек з Беларусі дамогся працы ў «Гугл»?

МБ: Шлях, з большага, стандартны. Пачаў праграмаваць яшчэ ў школе на факультатыве. Пасля браў удзел у алімпіядах, прайшоў праз Ліцэй БДУ ды ФПМ. Напрыканцы вучобы ва ўніверсітэце атрымалася патрапіць на суразмоўе ў «Гугл», якое прывяло да запрашэння на вакансію. Першы год працаваў у Лондане, бо не атрымаў амерыканскую візу, а надалей ужо асеў у Каліфорніі. Цікава, што на этапах суразмоўя сустракаліся па сутнасці задачы, блізкія па падыходзе ды метадах да тых, што мы вырашалі на алімпіядах. Таму ўвесь беларускі вопыт нават школьных гадоў прыйшоўся да месца.

«НН»: Калі казаць пра беларускую культуру ды беларушчыну ўвогуле, адкуль у цябе з'явілася разуменне іх каштоўнасці?

МБ: Цікавае пытанне, бо, ведаеш, жыву ў Штатах ужо восем гадоў.

І да 2020-га ад месяца ў месяц ўсё мацней было адчуванне, што я і не амерыканец яшчэ, і ўжо не беларус. Ты не разумееш, хто ёсць насамрэч. Пазіцыя кшталту «грамадзянін свету» — маўляў, мне не патрэбныя ні вашыя межы, ні пашпарты — канешне, у гэтым выпадку зручная. Але ў мяне так жыць не атрымлівалася: адчуваў, што ні з таго, ні з гэтага боку чагосьці не хапае.

Тым не менш набываў айчынныя аўдыякнігі, насіў беларускія цішоткі, штогод у верасні прыязжаў у Мінск. У 2020 годзе зрабіў тое ж — і шчаслівы, што здолеў паўдзельнічаць ды зрабіць нейкі ўнёсак у грамадскія працэсы на радзіме. Бо гэтыя падзеі сталі сапраўдным трыгерам да разумення таго, што ёсць «сваё».

Дапамаглі і шматлікія знешнія фактары. Напрыклад, канал «Жыццё-маліна». Як зараз памятаю тамтэйшае інтэрв'ю з Віктарам Марціновічам і яго словы: «На Беларусі няма ніводнага прафесійнага пісьменніка». У тым сэнсе, што творцы абавязкова дзесьці працуюць, каб зарабляць грошы, а творчасць застаецца бы хобі. Мяне гэта не толькі здзівіла, але і падштурхнула да дзеянняў. Можа, калі гэта для людзей выключна хобі, глядзіш, і да аўдыякніг яны паставяцца спрыяльна, без бюракратыі ды ўмоўнасцей.

«НН»: Як твае блізкія ставяцца да праекта audiobooks.by?

МБ: Пачну з таго, што аўдыякнігі ў Беларусі, як падаецца, увогуле не асабліва слухаюць — у адрозненне ад Захаду. Але веру, што іх папулярнасць узрасце. Трэба толькі ствараць кантэнт, каб людзі зразумелі асалоду, якія нясуць гукавыя тэксты. І калі колькасць карыстальнікаў павялічыцца, мы мусім быць гатовыя прапанаваць ім шырокі выбар твораў. Сёння хапае класічных твораў, якія канвертавалі ў галасы, а вось пласт сучасных правісае. Калі гэта выправім, не сумняваюся, што ў хуткім часе і на Беларусі аўдыякнігі займуць сваю нішу.

Таму і родныя са знаёмымі зараз таксама стрыманыя ў ацэнках. Ніхто не кажа, што гэта бязглуздзіца нейкая. Але і не сказаць, што яны актыўна слухаюць творы. Маці, напрыклад, кажа: так-так, далучуся да вашай ініцыятывы. А пасля такая: ну-у-у, гэта набываць трэба, не так ужо і хочацца… Пры гэтым цэны праекта прыземленыя: доступ да кнігі каштуе два даляры. Для параўнання, у Штатах такі ж прадукт пацягне даляраў на 10-15. Але, бачыш, у нас людзі яшчэ не гатовыя выдаткаваць грошы на аўдыякнігі. Таму бачым перад сабой задачу і гэты хіб выправіць.

Перакладаць айчынныя раманы на англійскую? Не, пра такое не думаем. Зараз сфакусаваны на тым, каб прывучыць беларусаў пачаць слухаць саміх сябе. Нам да сябе бракуе цікавасці, таму зараз не той час, каб думаць пра іншых.

«НН»: Якія беларускія кнігі ўразілі цябе апошнім часам? І якія тры ты б раіў людзям абавязкова?

МБ: У 2020 годзе прачытаў «Радзіва Прудок» — і яна мяне натхніла, хай сабе людзі назавуць выбар «папсовым». Часткова праз яе пачаў пераходзіць на ўжыванне беларускай мовы ў жыцці больш актыўна. Таксама назаву «Кэмэл Трэвэл» Вольгі Гапеевай. Гэта твор, які варта паслухаць першым, калі вы ніколі раней з аўдыякнігамі не сутыкаліся. Чымсьці нагадвае «Прудок» па стылі, лёгка і хутка слухаецца — за 2,5 гадзіны. Вясёлая, смешная, але ў той жа час рэфлексіўная. І, нарэшце, параю «Апошнюю кнігу пана А.» Альгерда Бахарэвіча — гэткі збор казак для дарослых. Дваццаць ці трыццаць тэкстаў у сучасным аздабленні, але з небанальным наратывам.

«НН»: Як лічыш, ці можна нешта змяніць у Беларусі праз культурную адукацыю людзей?

МБ: Ведаеш, раблю гэты праект, бо веру. Веру, што ўсё гэта не дарма — і хутка мы зафіксуем уздым цікавасці да айчыннай культуры ды мовы. Веру, што стануць папулярнымі беларускія кнігі і аўдыякнігі. І ўвогуле веру, што ў нас усё будзе добра. Не праз вечнасць ці дзесяцігоддзі, а ўжо ў найбліжэйшы час.

Чытайце таксама:

Беларускі рэжысёр два гады пераўвасабляецца ў персанажаў з карцін — вы не паверыце, што гэта зроблена без фоташопа

Беларускі праграміст з Google ахвяруе Украіне месячны заробак — $20 тысяч: «Я раней не верыў, што Расія ненавідзіць усё нерасійскае»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера