Знайсці
21.06.2022 / 21:07РусŁacБел

Трагедыя ў Асіповічах: маці двух дзяцей павесілася пасля затрымання дырэктара хлебазавода 

Асіповічы абмяркоўваюць цьмяную гісторыю суіцыду намесніцы дырэктара мясцовага хлебазавода Наталлі П., якая, маючы сям'ю, дваіх дзяцей і ўласны дом, засілілася ў ноч перад сваім прызначэннем на месца арыштаванага дырэктара. Многія лічаць, што на нябожцыцу аказваўся ціск і цяпер на яе павесяць чужыя грахі.

Мы не ведаем усіх дэталяў гэтай гісторыі, бо тыя людзі, якія дакладна ў курсе здарэння, асцерагаюцца за сваё жыццё і пазбягаюць адказаў на пытанні. 

Але мы ведаем партрэты двух асноўных герояў трагедыі. 

Загінулай Наталлі П. было 44 гады. Большую палову жыцця — 25 год — яна адпрацавала на Асіповіцкім хлебазаводзе, дайшоўшы з самых нізоў да намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях. 

Наталля на фоне будынка любімай працы

У яе былі свой дом, муж, машына, дзве непаўналетнія дачкі, старэйшая — 2004 года нараджэння. 

«Святы чалавек, які ўсяго баяўся і ні разу не вынес з прадпрыемства торта», — апісваюць яе калегі. 

Калі на завод прыйшла праверка з АБЭЗ (аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі) і вывела дырэктара — Аляксандра Краўчанку — у кайданках, Наталля П. разглядалася як асноўны пераемнік папярэдніка. 

«За дзень да суіцыду яе выклікалі ў райвыканкам і прадставілі да пасады, уручылі грамату, яна пагадзілася, — кажа яе калега. — А раніцай яе знайшлі нежывой». 

Што здарылася? Тут трэба раскрыць асобу іншага фігуранта гісторыі: Аляксандра Краўчанкі. 

У яго біяграфіі ёсць крымінальныя павароты, якія, на дзіва, не толькі не сканчаліся судом, але і не станавіліся перашкодай для працягу працы ў дзяржсектары на кіраўнічых пасадах, звязаных з грашыма.

Так, з тым жа хлебам — будучы дырэктарам асіповіцкага «Хлебапрадуктгандлю» (паралельна — дэпутатам Асіповіцкага раённага савета дэпутатаў) Краўчанка займаўся тым, што амаль увесь 2010 год фіктыўна адпускаў прадукцыю ў адрас фермерскай гаспадаркі «Гаспадар», якой кіраваў ягоны бацька, па факце ж збываў усё прыватнікам за наяўныя, а грошы траціў на ўласныя патрэбы.

І так — як вынікае з матэрыялаў крымінальнай справы — накраў на 1 мільярд і 290 мільёнаў тагачасных рублёў ($426 тысяч). 

Ці сеў ён за гэта? Не. Мы не ведаем чаму, таксама не вядома, ці быў у выніку суд. Жыхары раёна схільныя бачыць разгадку ў шырокіх плячах чырвонага дырэктара. 

Бацька Краўчанкі ў 2004-м быў судзімы за махінацыі ў тым жа «Гаспадары», а для Аляксандра гэтая кампанія стала прычалам на часы жыццёвых няўдач — у розныя гады ён працаваў там як мінімум тройчы. 

Аляксандр зарабіў на дом у Асіповічах на 247 «квадратаў», кватэру на 72 метры і ўчастак пад будаўніцтва дома там жа. Уласнікам яшчэ аднаго недабудаванага дома ў Асіповічах ён стаў згодна з дамовай дарэння ў 2020-м. 

Імаверна, усё добра складваецца для яго і на гэты раз: па інфармацыі нашых суразмоўцаў, напачатку мая Краўчанку выпусцілі з СІЗА. Пры чым тут смерць ягонай намесніцы, Наталлі П.? 

«Пасля завядзення крымінальнай справы яна таксама хадзіла на допыты, але на яе саму нічога не было — іначай бы яе не толькі не прадставілі да пасады дырэктара, але і затрымалі б разам з ім. 

Што адбывалася, далей ніхто, апроч самых блізкіх, не ведае. 

Чуткі такія, што былы дырэктар пачаў перакідаць усіх сабак на яе, у справе «апрацоўкі» адзначыўся і адвакат затрыманага (мы не ведаем яго імя. — «НН»), роля следчых органаў невядомая. У выніку, пасля перыяду падаўленасці, яна нібыта заявіла мужу, што ёй «трэба ціха сысці». Ён падумаў, што гэта пра звальненне, а раніцай знайшоў яе нежывой. Гэта адбылося ў красавіку», — паведамілі нам калегі. 

Па іх інфармацыі, раней затрыманы Краўчанка ўжо на волі. Пацвердзіць гэта з іншых крыніц цяжка — дачка Краўчанкі ўвогуле абвяргае, што ён затрымліваўся, і гаварыць пра лёс бацькі не хоча.

Нумары самога Краўчанкі недаступныя.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера