Знайсці
21.06.2022 / 18:03РусŁacБел

Бельгія перадала ўладам Конга залаты зуб Патрыса Лумумбы. Іншых парэшткаў няма, цела растварылі ў кіслаце

20 чэрвеня ўлады Бельгіі перадалі Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга зуб з залатой каронкай, што, як мяркуецца, належаў першаму прэм'ер-міністру незалежнага Конга Патрысу Лумумбе. Іншых парэшткаў Лумумбы, забітага ў 1961 годзе, няма, піша meduza.io.

Рэліквію перадалі пасля таго, як кароль Бельгіі Філіп выказаў «глыбокае шкадаванне» з нагоды злоўжыванняў, учыненых яго краінай у былой афрыканскай калоніі Конга.

Падчас цырымоніі ў Бруселі прэм'ер-міністр Бельгіі Аляксандр дэ Крог сказаў сваякам Лумумбы, што перадача парэшткаў прайшла занадта позна. «Гэта ненармальна, што Бельгія захоўвала астанкі аднаго з бацькоў-заснавальнікаў кангалезскай нацыі на працягу шасці дзесяцігоддзяў», — заявіў кіраўнік урада, прынёсшы прабачэнні за ролю, якую Бельгія адыграла ў забойстве Лумумбы.

Дачка Лумумбы Джуліяна, адзін з галоўных ініцыятараў кампаніі па вяртанні зуба на радзіму, пагадзілася з прэм'ер-міністрам Бельгіі, што гэты працэс заняў занадта шмат часу. «Бацька, нашы сэрцы крывавілі 61 год. Мы, вашы дзеці, унукі і праўнукі, а таксама Конга, Афрыка і ўвесь свет — мы аплаквалі вашу смерць без надмагільнай прамовы», — сказала яна, выступаючы на цырымоніі.

Прэм'ер-міністр Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жан-Мішэль Cама Лукондэ лічыць, што вяртанне парэшткаў будзе мець сур'ёзнае значэнне для нацыянальнай памяці краіны. Зуб Лумумбы правязуць па ўсёй тэрыторыі Конга, пасля чаго пахаваюць у маўзалеі ў сталіцы Кіншасе.

«Пасля доўгіх гадоў мы нарэшце адчуваем пачуццё задавальнення. Не магу сказаць, што я перапоўнены шчасцем, але для нас гэта пазітыўны момант, яго душа цяпер можа супакоіцца з мірам, і гэта вельмі важна», — сказаў напярэдадні цырымоніі Роланд Лумумба, адзін з сыноў Патрыса Лумумбы.

Патрыс Лумумба стаў першым кіраўніком урада незалежнага Конга. І заставаўся ва ўладзе крыху больш за паўгода.

У 1960 годзе ва ўзросце 34 гадоў Патрыс Лумумба стаў прэм'ер-міністрам Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Ён узначаліў урад у апошнія дні каланіяльнага праўлення Бельгіі.

У чэрвені 1960-га на цырымоніі з нагоды святкавання незалежнасці краіны ад Бельгіі Лумумба выступіў з незапланаванай прамовай.

Прэм'ер-міністр сказаў пра гвалт над кангалезцамі і «зневажальнае рабства, якое навязалі сілай». Бельгійскі гісторык Люда дэ Вітэ, які напісаў кнігу «Забойства Лумумбы» («Тhe assassination of Lumumba»), мяркуе, што бельгійцаў ашаламіла прамова кіраўніка ўрада Конга. Да яго ніводны афрыканец не мог так прамаўляць перад еўрапейцамі.

Некаторыя лічаць, што гэтай прамовай Патрыс Лумумба падпісаў сабе смяротны прысуд. СМІ паказваюць, што незадаволенасць у Бельгіі і ЗША выклікала таксама тое, што новы прэм'ер Конга ў разгар Халоднай вайны пачаў праводзіць палітыку на збліжэнне з СССР. Забойства Лумумбы планавалі ў тым ліку ЗША, акрамя таго, Вялікабрытанія таксама мела ўскосную сувязь з забойствам кангалезскага палітыка.

Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Конга паўднёва-ўсходняя правінцыя Катанга, багатая на карысныя выкапні, абвясціла пра аддзяленне. Пасля гэтага Бельгія ўвяла свае войскі, каб падтрымаць бельгійцаў у Конга і адміністрацыю Катангі. Тады Лумумба звярнуўся да Савецкага Саюза па дапамогу ў падаўленні сепаратысцкага паўстання.

Патрыса Лумумбу скінулі з пасады прэм'ер-міністра ў выніку дзяржаўнага перавароту, ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але збег і ў снежні 1960-га зноў быў затрыманы. У студзені 1961 года яго вырашылі перавезці з захаду Конга ў Катангу. 16 студзеня, падчас пералёту і па прыбыцці ў правінцыю, Лумумбу збілі. На наступны дзень, 17 студзеня, яго і двух яго саюзнікаў Жазэфа Акіта і Марыса Мпала расстралялі.

Залаты зуб Лумумбы захаваў камісар бельгійскай паліцыі, які кантраляваў знішчэнне парэшткаў прэм'ер-міністра Конга.

Пасля пакарання смерцю ўдзельнікі расстрэльнай каманды вырашылі пазбавіцца ад целаў Патрыса Лумумбы і яго паплечнікаў. Працэс знішчэння парэшткаў кантраляваў камісар бельгійскай паліцыі Жэрар Саэтэ. Па яго словах, было вырашана, што целы павінны знікнуць «раз і назаўсёды». «Не павінна застацца ніякіх слядоў», — прыводзяцца словы Саэте ў кнізе «Забойства Лумумбы» гісторыка дэ Вітэ. Лічыцца, што на такі крок вырашылі пайсці, каб магіла Лумумбы не стала месцам паломніцтва.

Першапачаткова Лумумбу пахавалі ў неглыбокай магіле, затым цела выкапалі і перавезлі ў новае месца, размешчанае за 200 кіламетраў, зноў пахавалі, пасля чаго зноў эксгумавалі. Затым яго раздзялілі і растварылі з дапамогай кіслаты. Камісар Саэте распавядаў, што ўдзельнікі ўзброіліся піламі, сернай кіслатой, маскамі і віскі, а ўвесь працэс, паводле яго слоў, нагадваў падарожжа «ў глыбіні пекла».

У 1999 годзе ў Бельгіі пачалося парламенцкае расследаванне забойства Лумумбы. Знайсці загад аб забойстве не ўдалося, але расследаванне паказала, што некаторыя члены ўрада «неслі маральную адказнасць» за тое, што здарылася. Тагачасны міністр замежных спраў Бельгіі Луі Мішэль папрасіў прабачэння ў сям'і Лумумбы і кангалезскага народа. Бельгійская пракуратура расцаніла забойства Лумумбы як ваеннае злачынства, расследаванне працягваецца да гэтага часу, але з 12 выяўленых падазраваных у жывых засталіся толькі два чалавекі.

Жэрар Саэтэ заявіў у дакументальным фільме 1999 года, што ўзяў залаты зуб Лумумбы, а таксама яшчэ адзін зуб і два пальцы (іх так і не знайшлі) — у якасці «паляўнічых трафеяў». Невядома, што адбывалася з зубам, пакуль ён заставаўся ў Саэте, але, мяркуючы па ўсім, усе гэтыя гады яго захоўвалі ў сям'і бельгійскага камісара.

У чарговы раз пра залаты зуб Лумумбы загаварылі ў 2016 годзе, калі дачка Жэрара Саэтэ дала інтэрв'ю бельгійскаму часопісу Humo напярэдадні 55-й гадавіны з дня забойства палітыка. Яна казала пра свайго «беднага тату», які пакутаваў ад усведамлення зробленага, і патрабавала, каб улады Бельгіі папрасілі прабачэння за загад, аддадзены яе бацьку. Жанчына распавяла, што пасля смерці яе бацькі ў 2000 годзе многае з яго архіва выкінулі, але частка «цікавых рэчаў» захавалася. У прыватнасці, яна паказала журналістам залаты зуб у мяккай скрынцы.

У 2016 годзе гісторык Люда дэ Вітэ падаў судовы іск супраць дачкі Саэте, пасля чаго паліцыя канфіскавала зуб як рэчавы доказ. Судовая цяжба з нагоды зуба цягнулася чатыры гады, пакуль суд не пастанавіў вярнуць рэліквію сям'і Лумумбы. Пракуратура пры гэтым заявіла, што з-за немагчымасці правесці ДНК-тэставанне нельга дакладна сцвярджаць, што зуб належыць Лумумбе.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера