Газету «Белорусы и рынок» забаранілі ў Расіі
У Расіі прызналі забароненай інфармацыю на сайтах Міжнароднага французскага радыё (RFI) і беларускай газеты «Белорусы и рынок». Адпаведнае рашэнне прыняў Кіраўскі раённы суд Санкт-Пецярбурга, піша «Еўрарадыё».
Як паведамляе аб'яднаная прэс-служба судоў Санкт-Пецярбурга, на сайце былі раскрытыя страты асабовага складу Узброеных сілаў Расіі ва ўкраінскай вайне — гэтая інфармацыя лічыцца забароненай.
Газета «Белорусы и рынок» падвяргаецца рэпрэсіям і ў Беларусі. 18 мая быў затрыманы і ўзяты пад варту дырэктар газеты Канстанцін Залатых. Наколькі вядома, яго вінавацяць па ч. 2 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, злучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).





