Знайсці
25.06.2022 / 09:27РусŁacБел

Беларускі рэжысёр два гады пераўвасабляецца ў персанажаў з карцін — вы не паверыце, што гэта зроблена без фоташопа

Беларускі рэжысёр Уладзімір Шчэрбань яшчэ два гады таму, сумуючы падчас лакдаўну, пачаў пераўвасабляцца ў персанажаў з карцін, ствараючы так званыя арт-рэплікі. Справа настолькі зацягнула, што ён займаецца ёй і па сёння — лік «копій» набліжаецца да сотні.

«Нарцыс» Караваджа — у шэрагу адной з першых самых складаных прац для Уладзіміра: доўга не давалася адлюстраванне ў люстэрку і патрэбнае святло, цені (дапамагла чорная тканіна і кава). Але і сабрала праца ў выніку больш за 17 тысяч лайкаў.

Распыталі рэжысёра, колькі часу сыходзіць на адну такую працу, а таксама даведаліся, чаго чакаць ад праекта HUNCHtheatre, якім Уладзімір заняўся пасля сыходу са Свабоднага тэатра.

«Раблю сотні проб у пошуках дакладнага кадра, шмат якія рэплікі сканчваю досвіткам»

«Мой сёмы жаночы вобраз», — прэзентуе Уладзімір Шчэрбань арт-рэпліку на карціну «Свежы хлеб» нарвежскага жывапісца Крысціяна Крога на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Яна 97-я па ліку. Адной з апошніх прац павінна стаць цытаванне няскончанай карціны Эжэна Дэлакруа «Партрэт Фрыдэрыка Шапэна і Жорж Санд». Яе ў 1865 годзе разрэзалі, каб зарабіць на частках палатна ўдвая больш грошай. І па сёння палоўкі карціны знаходзяцца ў розных музеях Даніі і Францыі. Так і рэжысёр — хоча, каб адну яе частку скапіявала спявачка Руся Shuma ў Грузіі, а ён, у сваю чаргу, у Лондане.

 «Кухар» савецкага жывапісца Роберта Фалька

«Апошні фурман» італьянскага мастака Антоніа Сікурэца

Хоакін Саролья, «Партрэт фатографа Крысціяна Францэна»

Рэпліка на працу японскага мастака Кабаясі Кокэй

«Альберт Эйнштэйн з Тыграм» нямецкага ілюстратара Міхаэля Прэхтля

Данііл Хармс аўтарства Алісы Парэт

А пачыналася ўсё з жорсткага лакдаўну з прыходам пандэміі, падчас якога Уладзімір апынуўся ізаляваным у сваёй кватэры ў Лондане. 

«У фэйсбуку тады з’явілася суполка Izoizolyacia, яна недзе за месяц набрала паўмільённую аўдыторыю. Там людзі выкладвалі свае арт-рэплікі. А ў мяне дома на сцяне вісеў «Арлекіна» Пікаса. Я падумаў: дай-ка пародыю зраблю, сумна ж. Абматаў шыю туалетнай паперай, размаляваў сябе і адправіў у суполку. Крок за крокам я адкрыў для сябе ў гэтым запал. Тэатр — гэта ж вытворчасць, і калі ўсё вакол зачынілася, такі занятак кампенсаваў мне ў нейкай ступені адсутнасць выступаў. Плюс ажыло дзіцячае захапленне жывапісам. Паўплывала, думаю, і колішняя мара стаць цыркачом», — згадвае Уладзімір.

 

Першая арт-рэпліка

Рэжысёр адзначае, што, дзякуючы свайму захапленню, пачаў адкрываць для сябе новыя імёны мастакоў і пераадкрываць ужо вядомыя карціны, заўважаць у іх цікавыя дэталі, пагружацца ў гісторыю жывапісу.

«Я згадваю у гэтым сэнсе лакдаўн як нейкі асаблівы час. Так, мы не маглі перасоўвацца і знаходзіліся, па сутнасці, пад хатнім арыштам, але ўсе адкрываліся адно аднаму наноў. Дзякуючы тым жа арт-рэплікам у анлайне, я пазнаёміўся са многімі мастакамі асабіста: вядучым французскім ілюстратарам Жэрарам Дзюбуа, Косцям Лупанавым, Сяргеем Рымашэўскім і Ленай Равенка з Беларусі. Карціна апошняй «Мая сям’я» з ляніўцамі на дрэвах трапілася мне выпадкова і вельмі спадабалася — якім жа сюрпрызам было даведацца, што яе аўтарка — родам з Мінска».

«Мая сям’я» Лены Равенка

На падрыхтоўку адной арт-рэплікі ва Уладзіміра сыходзіць каля двух сутак, калі не ўлічваць штодзённы маніторынг твораў, якія б зачапілі візуальна, кінулі выклік: «хачу паўтарыць!»

«Я для сябе адразу вызначыў, што мне нецікава рабіць нейкія папулярныя рэчы — напрыклад, «Дзяўчыну з жамчужнай завушніцай». Навошта паўтарацца, калі яе рабілі ўжо многія?» — задаецца пытаннем суразмоўца.

«Увесь хлуд, што ў мяне быў дома, ператварыў у мастацтва»

Падчас лакдаўну Уладзімір абыходзіўся рэчамі, якія знаходзіў дома пад рукой.

Рэпліка на Пітара Брэйгеля Старэйшага

«І гэта было добра: увесь хлуд, што ў мяне быў, я ператварыў у мастацтва, — адзначае суразмоўца. — Сёння я ўжо ўсё з перфекцыянізмам раблю. Магу купіць сабе патрэбны касцюм для здымка, а потым здаць яго ў краму назад. Я за 45 год ніколі не рабіў сабе мэйкап — я ж рэжысёр, а не акцёр. А тут грым пачаў засвойваць. Прычым я ж лянівы: не глянуў ніводнага курса пра гэта — проста раблю, як адчуваю. Усё гэта нялёгка, праўда. Тут жа ніякага фоташопа — выключна вынаходлівасць!

Але мне вельмі падабаецца ўвесь гэты творчы працэс, які не выходзіць за межы майго пакоя. Працэс паглынае мяне цалкам: я ў прамым сэнсе забываю пра час, раблю сотні проб у пошуках дакладнага кадра, таму шмат якія рэплікі сканчваю досвіткам, як гэта было з партрэтам Марка Шагала мастачкі Мар'і Марэўны».

Адна з самых складаных у плане грыму рэплік — «Партрэт Марка Шагала» мастачкі Мар’і Марэўны

«Можна будзе аформіць мае веды ў фармат відэа»

На сотні арт-рэплік Уладзімір плануе спыніцца, але пасля думае дзяліцца ведамі, назапашанымі больш чым за два гады, з акцёрамі і іншымі тэатраламі.

«Мне ўжо даўно прапануюць завесці ютуб-канал і нават прадаць свае рэплікі на NFT. Я думаю, у сітуацыі, калі многія незалежныя тэатры выжываюць у тэхнічным плане — тыя ж «Купалаўцы» вучацца рабіць спектаклі з нічога, — мае ўменні могуць быць карыснымі. Можна будзе зладзіць ворк-шоп для акцёраў у Лондане, а пасля аформіць мае парады ў фармат відэа. Артысты павінны ўмець зрабіць мастацтва з падручных сродкаў».


Часам карціны самі знаходзяць Уладзіміра. Так здарылася з гэтай нядаўняй працай «Галава блазна», французскага мастака Бернарда Буфэ: «Пачалася вайна ва Украіне і, як шмат каму, мне зусім было не зразумела, як можна займацца мастацтвам у такой сітуацыі. І раптам на вочы трапілася цэлая серыя клоўнаў гэтага мастака. Яны ўсе прайшлі праз Другую сусветную вайну, у грыме, не ўсміхаюцца. Але кожны дзень накладаюць грым і працягваюць радаваць іншых. Для мяне гэта і стала лепшым адказам».

У працы як рэжысёра — спектакль пра Міхаіла Пішчэўскага і новыя праекты

У красавіку Уладзімір Шчэрбань з камандай прэзентаваў у Германіі спектакль «P for Pischevsky» (гісторыю беларуса Міхаіла Пішчэўскага, які ў 2014 годзе стаў ахвярай гамафобнай атакі і ў выніку памёр ад наступстваў траўмы), які яны рыхтавалі з мінскім філіялам тэатра HUNCHtheatre цягам апошніх двух год. Нягледзячы на крытыку (маўляў, вайна ў свеце, а вы паказваеце спектакль пра гея), каманда працягвае акцэнтаваць увагу, чаму гэта важная тэма, незалежна ад абставін: беспакараны гвалт у дачыненні да аднаго чалавека ў дыктатурах лёгка распаўсюджваецца на ўвесь народ.

Уся каманда мінскага філіяла пакінула Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Берліне. Уладзімір кажа, што тэатру трэба прайсці рэструктурызацыю. Але яны плануюць прэзентаваць анлайн-версію спектакля «P for Pischevsky» для гледачоў з Расіі і Беларусі. А таксама паказаць яго ў Мексіцы і на іншых фестывалях, з якімі зараз вядуцца перамовы.

«Плюс у нас ёсць старыя працы, якія былі паказаныя раней ў Беларусі, я хачу іх рэаніміраваць. Гаворка пра «Левыя дысідэнты» і дарагі майму сэрцу спектакль «Крумкачы рассейвання», які мы паказалі толькі аднойчы ў анлайн-фармаце — пра беларуска-габрэйскага паэта Мойшу Кульбака і трагічныя падзеі канца 1930-х гадоў, па п’есе Волі Прусак. Мне здаецца, зараз гэты твор будзе гучаць яшчэ больш актуальна», — дадае Уладзімір. «На стадыі распрацоўкі знаходзіцца дакументальны спектакль, прысвечаны старэнню і старасці, які мы запланавалі зрабіць з Русяй».

«Складанасці, пошукі — у выніку ўзбагацяць творцаў»

Рэжысёр упэўнены, што сёння ў Беларусі хоць і супернекамфортны ў плане умоў час для незалежных тэатралаў, але ў перспектыве ўсе гэтыя падзеі спрацуюць на агульнае ўзбагачэнне.

«Тое, што зрабілі тэатралы, «Купалаўцы» тыя ж у 2020-м — гэта моцна. Такога грамадзянскага артыстычнага жэста не было ў нашай гісторыі. Тэатры павялі сябе годна і па-еўрапейску, я б сказаў. Сышло ў мінулае вось гэта: мы — тэатралы, нас не тычыцца «паліціканства». І гэта добры знак — адбылася змена пакаленняў.

Гэта бачна ў тым ліку па інтэрв’ю з тымі, хто ў Купалаўскім застаўся. Генадзь Аўсянікаў і ў маім спектаклі «Крывадушша і каханне» па Шылеру граў, калі я яшчэ працаваў у Купалаўскім, ён цудоўны артыст, бліскучы. Але ты чытаеш інтэрв’ю з ім і калегамі адтуль і разумееш: іх час сышоў. Той факт, што тэатралы робяць спектаклі, не зважаючы на ўсе абставіны, дарагога каштуе. Вось мы калі ставілі пастаноўку пра Пішчэўскага, там амаль усе былі на антыдэпрэсантах. Ты ў бяспецы, здаецца, у Берліне, а твайго сваяка ў Беларусі пасадзілі — і як рэпетаваць?

Але ўсе мы жывыя і не ў турме, і давайце сыходзіць з гэтага. Давайце аб’ядноўвацца, рабіць агульныя праекты — гэта тое, чаго беларускім тэатрам не хапала. Давайце вучыцца быць менеджарамі самі сабе, падаваць заяўкі на гранты, каб не быць залежнымі ад «мастсаветаў». Я ўпэўнены, што моцныя творцы выжывуць сёння. І ўсе гэтыя складанасці, пошукі — у выніку ўзбагацяць творчае асяроддзе».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
37
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930