Знайсці
23.06.2022 / 08:33

«У адчаі вяртацца на радзіму?» Беларуска-праваабаронца жыла ва Украіне дзевяць гадоў, а цяпер не можа там легалізавацца

«Для мяне гэта сітуацыя была поўным шокам», — дзеліцца беларуска, якая з 2013 года жыла ва Украіне. Там яна займалася праваабрончай дзейнасцю — працавала па антыкарупцыйных накірунках, збірала звесткі пра выпадкі парушэння правоў людзей ў акупаваным Крыме. Цяпер яна адна з тых, каму міграцыйная служба Украіны адмовіла працягнуць від на жыхарства.

Святлана (імя зменена) кажа, што ў беларусаў часта не бяруць дакументы на падаўжэнне віду на жыхарства і раяць чакаць канца вайны. 

«Некалькі тыдняў таму кіраўніца міграцыйнай службы публічна заявіла, што беларусам будуць аднаўляць прыём дакументаў. Але па факце не так.

Людзям кажуць, што то не працуе электронная сістэма, то камп’ютар завісае. Абсалютна дурныя адмазкі. Такім чынам усё зацягваюць, тэрміны сканчаюцца і міграцыйная служба кажа выязджаць з краіны і пасля вяртацца. Да вайны гэта сапраўды працавала. Але цяпер людзі выязджаюць, а назад іх не пускаюць», — расказвае яна.

Жанчына выехала ў Польшчу. Але ўкраінскі від на жыхарства ёй патрэбны, каб ездзіць па працы.

«Для мяне гэта сітуацыя была поўным шокам, бо я шмат гадоў аддала на карысць Украіне. І калі мы кажам пра валанцёраў тут, то выходзіць, што людзі нават не могуць прэтэндэвать на тое, каб з імі нармальна абыходзіліся», — сумна дадае суразмоўца. 

Святлана раіць беларусам, якія апынуліся ў такой сітуацыі, пісаць скаргі, фіксаваць адмовы і выходзіць на ўзровень судоў. Пакуль працэс будзе ісці, выправіць з краіны чалавека па законе не могуць.

«Іншая сітуацыя, што няма ніякага дакумента, і калі вас спыніць патруль, то будзе дастаткова складана патлумачыць, на якіх падставах вы знаходзіцеся ў краіне. Канешне, незразумела, колькі такое можа трываць. Украінскі суд можа ісці месяцамі. А пасля адмовы міграцыйнай службы ў працягу тэрмінаў чалавеку даецца тыдзень, каб з’ехаць. 

Я пыталася, ці можа міграцыйная служба выдаць мне пісьмовую адмову — сказалі, што нічога не дадуць. Таму бярыце з сабой сведку, які потым у пісьмовым выглядзе пацвердзіць, што сапраўды вас, як беларуса, не хочуць легалізоўваць. 

Мы з іншымі праваабаронцамі ведаем, што сітуацыя масавая, але дакументальна пацвердзіць (напрыклад, паказаць 10 скаргаў ад людзей) не можам. З юрыдычнага пункту гледжання патрэбны факты. 

Другі спосаб, той, які буду выкарыстоўваць я, — палітычны шлях. Людзі, з якімі я працавала ва Украіне, маюць высокія пасады. І яны па сваіх каналах асабіста па маім выпадку будуць дамагацца прабіць справу, апіраючыся на тое, што я праваабронца і працую менавіта па Украіне», — тлумачыць яна. 

Апроч праблем з легалізацыяй у беларусаў не вырашана праблема з банскаўскімі карткамі, якія заблакавалі пасля пачатку вайны. 

«Уявіце сітуацыю, калі чалавек выехаў з Украіны, назад яго не пускаюць, заблакаваныя рахункі. Ехаць у тую ж Малдову можа быць не вельмі бяспечна, асабліва калі мы гаворым пра актывістаў, апазіцыйных дзеячоў», — расказвае яна.

Фота: AP

Актывісты, якія з’ехалі з Беларусі з-за пераследу, у адчаі могуць вярнуцца на радзіму і трапіць за краты. 

«Тэарытычна кагосьці гэта можа паставіць пад пагрозу катаванняў у Беларусі. 

Увогуле, каб вырашыць такую праблему, патрэбна вялікая грамадская кампанія на ўзроўні ўсёй краіны, — лічыць суразмоўца. — Інфармацыйная — рабіць серыю інтэрв’ю з беларусамі, якія дапамагаюць украінскаму грамадству ва ўмовах вайны, юрыдычная — падаваць скаргі, адвакацыйная — сустрэчы ў Офісе прэзідэнта, міграцыйнай службе. Пытанне ў тым, хто гэтым можа заняцца. Ва ўкраінскіх арганізацый тысячы спраў па выкраданні ўкраінцаў, ім цяпер не да гэтага».

«Афіцыйнай падставы не існуе, але па факце прычынай адмовы становіцца беларускі пашпарт»

Людзям, якія з’ехалі з Беларусі па палітычных прычынах, дапамагае ўладкавацца ва Украіне Free Belarus Center. Цяпер яны сумесна з Адукацыйным домам правоў чалавека ў Чарнігаве збіраюць факты парушэння правоў грамадзян Беларусі. Пра тэндэнцыю, якая склалася, расказала каардынатарка цэнтра Паліна Бродзік.

Людзі праходзяць навучанне па абыходжанні са зброяй на ўскрайку Львова, 7 сакавіка 2022 г. Фота: АР, Бернат Арманге

«Доўгі час пасля пачатку вайны міграцыйная служба Украіны знаходзілася ў гібернацыйным стане. І не прымала ўвогуле ніякіх дакументаў у іншаземцаў. У маі праца была адноўлена. Нягледзячы на заявы кіраўніцы міграцыйнай службы Наталлі Навуменка аб тым, што для беларусаў ніякіх забарон на прыём дакументаў няма, усё роўна мы назіраем даволі частыя выпадкі адмовы.

Афіцыйнай падставы не існуе, але па факце людзі чуюць, што прычынай становіцца іх беларускі пашпарт. 

Гэта датычыцца не толькі міграцыйных службаў, але і натарыяльных кантор. Для таго, каб атрымаць дакументы, трэба заверыць пераклад беларускага пашпарту на ўкраінскую мову. Натарыусы на падставе нацыяльнасці часам проста адмаўляюцца браць дакументы ў беларускіх грамадзян.

Ёсць выпадкі, калі ў людзей прымалі дакументы — гэта тычылася тых, хто атрымліваў від на жыхарства на падставе працаўладкавання. Але ў тых, хто спрабуе гэта зрабіць на падставе валанцёрскай дзейнасці, узнікаюць праблемы», — кажа яна. 

Маштаб праблемы пакуль складана ацаніць дакладна — Free Belarus Center збірае інфармацыю для аналізу.

Па словах Паліны Бродзік, у вялікай долі выпадкаў людзі павінны даказаць, што яны не збіраюцца прыносіць шкоду Украіне.

«Дзесьці дастаткова паказаць ліст падзякі ад украінска-беларускай валанцёрскай арганізацыі, але бываюць сітуацыі, што чалавек падае цэлы пакет дакументаў, якія даказваюць і такую дзейнасць, і ахвяраванні, і наяўнасць жытла, а гэта ўсё не з’яўляецца дастатковым, — тлумачыць каардынатарка. —

На сёння няма нейкай сістэмы. Але агулам бачна даволі адмоўнае стаўленне да беларускіх грамадзян, і яно мяжуе са стаўленнем да расіян. Прэзумпцыя невінаватасці для беларусаў адсутнічае».

Бродзік дадае: часам у міграцыйнай службе наўпрост кажуць —ёсць негалоснае распараджэнне ў грамадзян Беларусі не прымаць дакументы. 

У беларускіх байцоў, якія зараз ваююць на баку Украіны, ёсць кантракт з ЗСУ, а таксама ваенны білет, які дае права ім на афіцыйнае знаходжанне ва Украіне. Як толькі тэрмін дзеяння іх дамовы скончыцца, яны аўтаматычна пазбавяцца гэтага статусу.

«Будуць вымушаны з’яджаць. Мы ведаем, што зараз ідзе гутарка пра наданне беларускім байцам украінскага грамадзянства, але гэта пытанне хутка не вырашыцца. І, на жаль, гэта ставіць іх у вялікую небяспеку, таму што ў выпадку, калі яны трапяць у расійскі палон, ёсць верагоднасць, што яны будуць выдвараны на тэрыторыю Беларусі. А далей мы ўсе памятаем пра наяўнасць смяротнага пакарання ў Беларусі, якое ў дачыненні да іх можа быць выкарыстана», — падсумоўвае каардынатарка.

Чытайце таксама:

«Гэта не праблема Украіны». Што кажа ўкраінская міграцыйная служба наконт складанасцяў з дакументамі ў беларусаў падчас вайны

«Ніякіх праблем няма, калі ты прыехаў ва Украіну паміраць». БЧБ-нявесце Іне Зайцавай пагражае дэпартацыя з Украіны

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
34
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31