Знайсці
24.06.2022 / 14:21РусŁacБел

За месца ў чарзе — 850 рублёў. Як беларусы цяпер адкрываюць візы

Атрымаць турыстычную або гасцявую візу цяпер — той яшчэ квэст. Тым не менш некаторыя кемлівыя беларусы ўмудраюцца запісацца на падачу даволі хутка і атрымаць жаданы штамп у сціслыя тэрміны. А іншыя, наадварот, праходзяць шэраг выпрабаванняў ці чакаюць свае дакументы з пасольстваў месяцамі. Свае гісторыі расказалі чытачы Onliner.

3 месяцы марных спроб, а потым «націснуў на жаль»

Беларус Андрэй жыве ў Польшчы, яго маці збіралася прыехаць да яго ў госці, але ёй было нялёгка: тры месяцы жанчына не магла зарэгістравацца на падачу дакументаў. Але 8 чэрвеня гэта атрымалася зрабіць.

— Больш за тры месяцы мая мама беспаспяхова спрабавала зарэгістравацца праз візавы цэнтр — наколькі ведаю, праз сайт консульства цяпер не запісваюць. У выніку я адправіў некалькі электронных лістоў у візавы цэнтр і ва ўсе консульствы з просьбай запісаць яе, злёгку ціснуў на жаль: маўляў, даўно не бачыліся, а сам прыехаць не магу. На нейкі вынік не асабліва разлічваў, але ўсё ж паспрабаваў, — кажа Андрэй.

У выніку яго маці патэлефанавалі з візавага цэнтра ў Гомелі, хаця жанчына жыве ў Гродне, і сказалі, што яна запісаная на 8 чэрвеня.

— Бліжэй, відаць, нічога не знайшлося. Тым не менш, калі так доўга спрабуеш запісацца, можна і ў Гомель з'ездзіць. Дакументы пададзеныя, цяпер чакаем візу, — адзначае мужчына.

У чарзе на падачу быў 578-м

Мінчанін Аляксандр наогул не маніторыў падачу на турыстычны шэнген анлайн, а проста прыйшоў да візавага цэнтра Італіі. Гэта было прыкладна на пачатку красавіка.

— Прыйшоў удакладніць, як наогул патрапіць у візавы цэнтр, бо ніколі праз яго не падаваў: усе мінулыя візы афармляў праз візавы цэнтр Літвы, — тлумачыць мужчына.

Аказалася, што на падачу дакументаў у візавы цэнтр ёсць жывая чарга, у якую мінчанін і запісаўся — стаў 578-м.

— Першапачаткова мне сказалі, што трэба адсочваць сваю чаргу ў вайбер-групе, куды мяне адразу і дадалі валанцёры, і што прыкладна праз два тыдні я ўжо змагу падацца. Але на працягу некалькіх дзён я зразумеў, што поспеху чакаць не варта, бо з жывой чаргой былі вялікія цяжкасці. І я пачаў маніторыць сайт візавага цэнтра, — успамінае ён.

13 красавіка Аляксандру пашчасціла ўбачыць падсветленыя акенцы на 14 чэрвеня, і ён адразу ж зарэгістраваўся.

— Атрымліваецца, што працэдура і чаканне занялі два месяцы. Хаця на пачатку красавіка я таксама тэлефанаваў у візавы цэнтр — дзяўчына з кол-цэнтра сказала, што запіс у найлепшым выпадку будзе толькі на сярэдзіну ліпеня і што трэба проста маніторыць іх сайт на гэтыя даты. Чыста выпадкова забраніраваў на 14 чэрвеня дваіх чалавек, — кажа мужчына.

Лайфхакам запісу на італьянскую візу падзялілася і Ксенія.

— Без праблем запісалася і атрымала візу ў пасольстве Італіі — не блытайце з візавым цэнтрам. Запіс у пасольства праз сайт, і ёсць даступныя даты, — адзначыла яна.

За месца ў чарзе — 850 рублёў

Яўген абураецца касмічнымі цэнамі толькі за месца ў чарзе на падачу дакументаў у Польшчу.

— Цяпер, каб займець месца, напрыклад, у чарзе на візу ў Польшчу, перакупы прапануюць прадаць яго за 850 рублёў. Мая суседка звязвалася з адной з такіх кампаній: гэта толькі кошт чаргі на падачу дакументаў у візавы цэнтр. Яна хацела працягнуць дзіцяці навучальную візу, ‒ адзначае ён.

Чытач Зміцер распавядае пра ніжэйшыя кошты ў чарзе на польскі шэнген. Ён кажа, што нехта захоплівае месцы і потым прадае іх па 500 рублёў. З-за гэтага Зміцер ніяк не можа злавіць свабодныя акенцы і зарэгістравацца.

З падобнай праблемай днямі сутыкнуўся і чытач Андрэй. Ён спрабаваў падацца праз кампанію, заплаціўшы за месца ў чарзе.

— Бяруць шалёныя грошы, не гавораць пра рызыкі, прымаюць любыя дакументы на падставе таго, што ўсё падыходзіць, і адпраўляюць у пасольствы тых краін, дзе няма чэргаў. А калі прыходзіць адмова, кажуць, што папярэджвалі кліентаў, хаця яны гэтага не рабілі», — наракае малады чалавек.

Фота: pixabay.com

Амаль чатыры месяцы чакае пашпарты з візавага цэнтра

Таццяна падала дакумент на брытанскую візу ў мінскі візавы цэнтр яшчэ ў лютым. Да гэтага часу візу жанчыне не выдалі, як і не паведамілі тэрміны вяртання пашпарта.

— Мы падаліся 22 лютага. Віза турыстычная, стандартная, на шэсць месяцаў. Афіцыйныя тэрміны разгляду былі да шасці тыдняў. Сёння ўжо амаль чатыры месяцы, як у нас няма адказу ад візавага цэнтра. Адзіны спосаб звязацца з ВЦ — праз complaints-форму, — адзначае жанчына.

Першы раз яна запоўніла форму і звярнуліся ў цэнтр па адказ у красавіку.

— Паступіў стандартны адказ, што тэрміны разгляду ад іх ніяк не залежаць і пашпарт на разглядзе ў пасольстве. Другі запыт адправілі днямі — пакуль адказу няма. У фэйсбук-групе шмат іншых беларусаў пішуць, што падаліся ў лютым і не атрымалі адказу да гэтага часу. На сайце gov.co.uk інфармацыя пра тэрміны разгляду дакументаў не змянілася. З амбасадай можна звязацца толькі праз брытанскі нумар па вельмі дарагой платнай тэлефоннай лініі», — кажа Таццяна і не ведае, калі яна верне свой пашпарт.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера