БелТА наракае на нізкія заробкі настаўнікаў у Польшчы. А якія яны там насамрэч?
Польскія настаўнікі сталі масава звальняцца з-за нізкіх заробкаў, што прывяло да кадравага голаду ў сферы адукацыі ў краіне, піша дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на польскае выданне Rzeczpospolita. Але БелТА не прыводзіць канкрэтныя заробкі польскіх настаўнікаў. Бо настаўнікі беларускія гэтым лічбам пазайздросцілі б.
БелТА піша, што ў польскіх школах праз нізкія заробкі не хапае каля 13 тысяч настаўнікаў. Пры гэтым звальняюцца нават педагогі з вялікім досведам працы. Дырэктары польскіх школ (многія з якіх таксама звальняюцца) скардзяцца, што маладыя спецыялісты не хочуць працаваць у сферы адукацыі. Настаўнікі, якія толькі пачынаюць працаваць па прафесіі, цяпер зарабляюць на ўзроўні некваліфікаваных работнікаў, піша БелТА.
Але колькі ж зарабляюць настаўнікі ў Польшчы?
Які і ў любой іншай краіне, заробак настаўніка залежыць ад працоўнага стажу, актыўнасці, кваліфікацыі, досведу і адпрацаваных гадоў, а таксама дадатковых надбавак.
У Польшчы ёсць чатыры катэгорыі настаўнікаў:
- настаўнік-стажор;
- настаўнік па кантракце;
- прызначаны настаўнік;
- сертыфікаваны настаўнік (самая высокакваліфікаваная і высокааплатная катэгорыя, такіх настаўнікаў у Польшчы — больш за 60%).
З 1 мая 2022 года стаўкі сярэдняй зарплаты настаўнікаў складаюць:
- настаўнік-стажор: 3693,46 злотага (2789,25 рубля);
- настаўнік па кантракце: 4099,74 злотага (3096,07 рубля);
- прызначаны настаўнік: 5318,58 злотага (4016,52 рубля);
- сертыфікаваны настаўнік: 6795,97 злотага (5132,22 рубля).
Нагадаем, большасць польскіх настаўнікаў — сертыфікаваныя.
Гэта заробак «бруднымі», да аплаты падаткаў і збораў. Нета — заробак будзе меншым амаль на 30%. У той жа час тыя, хто працуе на паўтары стаўкі ці бярэ дадатковыя нагрузкі, атрымліваюць яшчэ больш.
У адпаведнасці з польскім заканадаўствам, на пачатку сваёй педагагічнай кар'еры амаль кожны настаўнік атрымлівае званне стажора. У той жа час выкладчык, які працаваў ва ўніверсітэце, можа стаць альбо настаўнікам па кантракце, альбо прызначаным настаўнікам.
Палякі і праўда наракаюць, што заробкі настаўнікаў (асабліва маладых, без досведу) невысокія. Але іх беларускім калегам не сніліся і такія.
У Беларусі за красавік сярэдняя зарплата настаўніка «бруднымі» (да выплаты падаткаў) склала 1568 рублёў. «Чыстымі» сярэдні заробак склаў каля 1350 рублёў.
Пры гэтым цэны на прадукты і адзенне ў Беларусі і Польшчы супастаўныя.





