Знайсці
24.06.2022 / 17:16РусŁacБел

«Самае галоўнае — не займацца фігнёй». Музыка Сяржук Доўгушаў — пра новае жыццё ў ЗША

Сярод творчых людзей, якія вымушана пакінулі Беларусь пасля 2020 года — Сяржук Доўгушаў, вядомы музыка і папулярызатар народнай беларускай культуры. Са снежня 2021 года Сяржук жыве ў ЗША і расказаў у інтэрв'ю «СН-плюс», як там пачуваецца і што робіць.

Фота з асабістага архіва Доўгушава

— Тваё быццё ў Штатах цяпер — гэта эміграцыя, падарожжа, гастролі?..

— Я гэта ўспрымаю як american movie: усё заблытана і падобна да гульні, у якой я спрабую разабрацца. Да таго ж, дарога ў Беларусь мне пакуль закрытая, сітуацыя розніцца ад падарожжа ў 2018 годзе, калі я быў у Штатах на гастролях: тады мне ўсё не падабалася, і я чакаў, калі ўжо вярнуся дадому. Цяпер няма куды вяртацца, і статус мой больш афіцыйны тут, чым дома, — я атрымаў ПМЖ. Цяпер не страшна рабіць тыя ж ахвяраванні на карысць рэпрэсаваных ці ўкраінцаў: калі сядзіш у Беларусі, любыя фінансавыя аперацыі здзяйсняеш азіраючыся, нават грошы здымаеш з карткі з адчуваннем, што хтосьці стаіць за спінай. Але мяне турбуе тое, што адбываецца ў Беларусі. Я раблю па-ранейшаму шмат, хоць і за межамі краіны.

— Што стала штуршком? Як ты апынуўся за акіянам?

— Мая жонка атрымала грын-карту, пасля чаго я два гады чакаў афармлення папераў. Цяпер атрымаў Social Security number (нумар сацыяльнага забеспячэння, які выдаецца грамадзянам і рэзідэнтам ЗША, — СН), зрабіў правы, ПМЖ.

З жонкай Віялетай. Фота з асабістага архіва Сяргея Доўгушава

— То бок, гэта больш асабістая гісторыя.

— Так. Але з сакавіка па снежань 2021-га я жыў у Варшаве, і калі б не было магчымасці паляцець у ЗША, там бы і заставаўся. Варшава стала цэнтрам Беларусі, можна сказаць, і я ў гэтым таксама актыўна ўдзельнічаў: стварыў варшаўскі «Вольны аркестр», потым — арт-рэзідэнцыю «Дом творцаў» для культурных дзеячаў з Беларусі; разам з аднадумцамі, музыкамі Андрэем Еўдакімавым і Аляксеем Варсобай заснавалі гурт IsnaTrio.

— Ты кажаш, што нават на такой адлегласці працягваеш рабіць праекты ў Беларусі. Можаш пра гэта расказаць?

— Займаюся тым жа, чым заўжды — захаваннем і развіццём традыцыйнай беларускай культуры. Цяпер засяроджаны на стварэнні інтэрнэт-прасторы, дзе цэнтралізуем наробак, найперш — кантэнт з канала Tradycyja: абрады і фільмы пра іх, народныя танцы, відэа пра строі, спевы і так далей. Арганізоўваў выступы, але цяпер прасцей зладзіць беларускі івэнт у Варшаве, чым у Беларусі: па пальцах можна пералічыць тых, хто застаецца ў Беларусі, мае жаданне і магчымасці штосьці рабіць у такіх умовах.

— Удалося наладзіць кантакт з беларусамі Амерыкі?

— Так, я сябе адчуваю часткай беларускай супольнасці. Рыхтую гастрольны тур — Купалле ў Лос-Анджалесе, Сан-Францыска, Мінеапалісе і Чыкага. Быў добры зімовы тур — дзевяць штатаў з каляднай праграмай. У кожным штаце, у кожнай суполцы ёсць актывіст, які ўсё арганізоўвае. Але праз мясцовы лад жыцця бывае складана сабраць людзей: па буднях усе працуюць і маюць час толькі з пятніцы па нядзелю. Узяць той жа Мінск: самы актыўны дзень для канцэртаў заўжды быў чацвер, пакуль людзі не з’ехалі на лецішчы.

Канцэрт у падтрымку Украіны ў штаце Агаё

— Гэта геаграфічная разрозненасць, а ці праўдзівы стэрэатып, што беларусы ў эміграцыі трымаюцца паасобку, замкнёна?

— Хапае рознага, але трэба адрозніваць хвалі. У хвалю пасляваеннай эміграцыі ўсе ядналіся, стваралі хоры, цэрквы, адукацыйныя ўстановы. Быў штуршок пасля 2020 года: усе актывізаваліся, сталі займацца рознымі імпрэзамі, і тыя, хто быў абыякавы да Беларусі, выйшлі ў Штатах з нацыянальнымі сцягамі.

Цяпер зноў спад праз тое, што ў Беларусі спынілася жыццё, людзі пачалі расчароўвацца. Тут дапамагаюць сустрэчы з украінцамі, яны цяпер вельмі актыўныя, і беларусы далучаюцца, удзельнічаюць у мітынгах, валанцёраць…

— Як па тваіх назіраннях, ці ёсць істотная розніца паміж беларусамі ў Польшчы і ў Штатах?

— Не, гэта як параўноўваць беларусаў з Мінска і з Гродна, ці там Брэста. Кожны варыцца ў сваім, робіць што можа. Хацелася б, канечне, пабудаваць мосцік паміж беларусамі Амерыкі і Польшчы, але хапае і актыўнасцяў на месцы. Калі прыязджае сям’я з Беларусі, у чаце адразу ж пішуць: прыехала сям’я, трое дзяцей, чым можам дапамагчы?

Вельмі моцная салідарнасць: табе, напрыклад, дапамогуць знайсці кватэру, а гэта надзвычай складана — ты толькі прыехаў, у цябе няма папер і афіцыйнай працы, крэдытнай гісторыі, і табе праз гэта ніхто не здасць жытло. Вельмі цешыць і выклікае павагу, гонар за наш народ такая ўключанасць у працэсы салідарнасці, як да сваіх людзей, так да ўкраінцаў.

— Ты сутыкаўся з дыскрымінацыяй — з боку амерыканцаў у тым ліку — як грамадзянін краіны, якая аказалася ўцягнутай у ваенную агрэсію (так званае «пракляцце сіняга пашпарта»)?

— Сюды асабліва нічога не далятае, а ўкраінцы ўсё разумеюць. У мяне, напрыклад, усе апошнія канцэрты былі прысвечаныя Украіне, сабралі вялікую суму ў падтрымку. Але часам бывае такое, што размаўляеш з амерыканцам, і ён такі «о, Беларусь, агрэсар», і я тлумачу: гэта не ёсць беларускі народ, ёсць вось такі прэзідэнт…

У прынцыпе, Амерыка тым і класная, што гэта дэмакратыя, ім без розніцы, як ты выглядаеш, ці філіпінец ты, ці беларус, ці расіянін; яны глядзяць на твае асабістыя якасці, як ты сябе паводзіш. У Еўропе ў некаторых краінах адчуваеш сябе эмігрантам: ёсць свае, тутэйшыя, а ты «панаехаў». Таму і едуць у Штаты з усяго свету: тут ні рэлігійнай, ні расавай дыскрымінацыі, ні ўзроставай — у 50 адчуваеш сябе маладым.

— Ты ў такім захапленні ад гэтай краіны, што ўзнікае пытанне: ці змог бы ты пабудаваць там свой дом, сваю сям’ю і гадаваць дзяцей амерыканцамі?

— Я не кажу, што яна самая лепшая, я кажу, што ёсць пэўныя магчымасці. А жыць я хачу ў сваёй краіне і там будаваць дом. Я магу столькі мінусаў назваць… Вось нават словы «будаваць дом». Знайсці драўляны дом у Амерыцы нерэальна, тут усё зроблена са шлаку і палачак — скрыначка, на якую вецер падзьме і яна рассыплецца. А я хачу нармальны драўляны зруб, як дзе-небудзь у нас на Лепельшчыне.

Штаты — краіна для тых, хто любіць працаваць. Вось я будаўнік, кожны дзень зарабляю нармальныя грошы і ўсё маю. І таму сюды людзі едуць, заводзяць сем’і і жывуць. Мне, праўда, сумнавата жыць дзеля адной працы, нявылазна сядзець у адным месцы — а тут шмат людзей, якія па дваццаць гадоў жывуць у адным штаце і раз на паўгода выязджаюць у адпачынак.

Заробак тут іншы. Вось няма ў цябе ні дакументаў, ні досведу, нічога. Ты проста ідзеш і знаходзіш працу — хоць прадукты на паліцы раскладай, ці дапамагай падносіць скрыні — і атрымаеш на самым старце 18 даляраў за гадзіну. Хочаш больш працаваць — працуй. У Беларусі мы крыху ў паветры лётаем, не ведаем, што будзе заўтра, не ведаем, колькі заплацяць напрыканцы.

Калі я працаваў у філармоніі, там такія сюрпрызы бывалі! «О, мне далі 389 рублёў, як бы іх размеркаваць…» А тут запытай у чалавека пра заробак — ён назаве гадавую суму, бо ўпэўнены ў ёй, і мне гэтая стабільнасць падабаецца. Яшчэ класная штука — крэдыт пад маленькі адсотак, калі ты добры жыхар і ўсё спраўна сплочваеш. Можна сходу набыць дом. З іншага боку, гэта матэрыяльнае рабства, ты не можаш нікуды з’ехаць, узяўшы крэдыт. Так жыве ўся Амерыка.

На працы

— Вось дарэчы: нярэдка можна пачуць скаргі на тое, што працы няма, усё не тое і ніхто цябе не цэніць. А ты адразу пайшоў працаваць рукамі. Не было думак пра тое, што «рукі трэба берагчы для інструмента»?

— Я па ўнутраных адчуваннях просты мужычок з вёскі — у мяне нармальныя працоўныя рукі. А калі мужчына сядзіць дома на печы і марыць, што яго куды-небудзь запросяць і стануць добра плаціць…

Я разумеў: у мяне ёсць чатыры вольныя ад канцэртаў дні, трэба знайсці працу, якая будзе прыносіць грошы. Мяне багата куды запрашалі, і сярод прапаноў была праца ў прыватнай мэблевай майстэрні. Гэта цікава, я сапраўды хацеў павучыцца, уключыць мазгі…

Самае галоўнае — не займацца фігнёй. Калі ўжо няма што есці, тады разгружай вагоны, так, але ў іншых варунках губляць час на тупую працу не хочацца. Я працаваў два дні грузчыкам, называецца прыгожа — мувінг, але праца дурная: прыязджаеш у дом, дзе хтосьці памёр, і вызваляеш яго ад мэблі, рэчаў, фота — усё вывозіш на сметнік. Што гэтая справа дае, які духоўны рост?

Працу трэба любіць. Я прайшоў свой урок, калі толькі пераехаў у Мінск і працаваў грузчыкам, афіцыянтам, кухарам, кур’ерам: хочаш зарабіць грошай, а яны ўсё больш разыходзяцца; траціш на іх увесь час — а іх не хапае. Грошы пачынаюць прыходзіць, калі справа падабаецца і ты ў яе ўкладваешся.

Я сябе знайшоў як стваральнік і арганізатар культурніцкіх мерапрыемстваў. У ідэале было б класна адкрыць беларускія цэнтры. Тут свая Беларусь, сур’ёзна. Нядаўна быў у Канадзе, там таксама шмат беларусаў, эмігранты розных хваляў. Нашая краіна разрастаецца па ўсім свеце, і гэта крута. Галоўнае падтрымліваць сувязі і не губляцца.

— Цікава, што ты ўспрымаеш гэта не як распыленне народа, а як рост краіны. Такая мяккая глабальная беларусізацыя атрымліваецца…

— Яшчэ Янка Запруднік казаў: калі вы пераехалі ў іншую краіну, важна, што вы працягнеце рабіць для Беларусі. Трэба вучыцца ў той эміграцыі, якая заснавала беларускія цэнтры, гурткі і ўсё такое. Ёсць людзі, што прыехалі і як бы растварыліся, але часам спрацоўвае самасвядомасць ад зваротнага: людзі вызначаюць сябе ў процівагу ўкраінцам, рускім і г.д.

Я часта чуў на канцэртах аповеды пра тое, што людзі эмігравалі пасля 2020 года, пачалі шукаць сваіх, хадзіць на нацыянальныя мерапрыемствы, шыць народныя строі…

У Беларусі нас доўгі час настройвалі на такі лад, маўляў, ты ніхто, няважна — беларус ці расеец, хоць па-кітайску размаўляй. Ні рыба ні мяса, проста маса, якой зручна кіраваць. Калі эмігруеш, адразу паўстаюць пытанні — хто я, што я? А калі ты сам імі не задаешся, запытаюць у цябе: ты адкуль?

На пачатку 2000-х, калі замежнікі яшчэ мала ведалі пра Беларусь, я назіраў такія выпадкі, што беларусы ў адказ на пытанне «адкуль?» казалі «мы рускія», каб не пускацца ў тлумачэнні. А цяпер паспрабуй скажы… Нават аматары ўсяго расійскага задумаюцца, скажуць, што яны беларусы, таму што да беларуса будуць лепш ставіцца, чым да расіяніна — пасля вайны і ўсяго такога.

Хаця ёсць добрыя рускія, напрыклад, у мяне ў сталярцы працуе такі Васіль з Волгі, класны спецыяліст.

З украінцамі Мінесоты

— Ты выкарыстаў выраз «добры рускі». Цяпер з яго злосна іранізуюць, кажуць, усе рускія заплямленыя крывёю, усе саўдзельнікі зла. Як ты для сябе гэтае пытанне вырашаеш?

— Для мяне важныя чалавечыя якасці. Прывязі афраамерыканца ў беларускую вёску — рэакцыя будзе прадказальна недалёкая. Амерыка вучыць, што твая нацыянальнасць, можа, і мае нейкае значэнне, але ты не адказваеш за сваю краіну.

Людзі, якія гэтага не разумеюць, лічаць, што беларусы адказныя за ваенную агрэсію з боку Беларусі. І шмат беларусаў пачынаюць сябе абвінавачваць: вось, я выбачаюся… За што выбачацца? Ты гэта рабіў? Ты мо нешта падпісваў? Тыя людзі, што пратэставалі і цяпер сядзяць у турмах, або былі збітыя і вымушана з’язджалі — ім яшчэ выбачацца за тое, што маньякі твораць на тваёй зямлі? Ты не нясеш адказнасць за тое, што адбываецца ў тваёй краіне, асабліва калі ў ёй не жывеш.

Я веру ў людзей, па-шчырасці. Будзе сярод тых, хто цяпер вайну падтрымлівае, моцнае расчараванне, слёзы, будуць прасіць даравання. Прынамсі, хацелася б верыць, што ў іх расплюшчацца вочы, як некалі ў немцаў, якія пабачылі рэальныя кадры вайны.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера