Знайсці
28.06.2022 / 08:51РусŁacБел

«Можна задумацца аб аб'яднанні Беларускай вобласці з Калінінградам». Што расійская прэса піша па выніках сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі?

У суботу прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін прыняў у Канстанцінаўскім палацы Санкт-Пецярбурга Аляксандра Лукашэнку. На гэтай сустрэчы яны абмяркоўвалі сітуацыю вакол Літвы, а таксама магчымасць перадачы Беларусі комплексаў «Іскандэр-М». Вось што пісала пра гэтую сустрэчу расійская прэса.

Фота: kremlin.ru

«Известия»: Рэгулярнасць сустрэч уражвае

Расійскае выданне піша, што яшчэ да выбараў 2020 года Лукашэнка спрабаваў «уседзець на двух крэслах». Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася: Лукашэнка дэманструе сваю прыхільнасць да выбудоўвання шчыльных адносін з Расіяй. Пры гэтым Беларусь, па сутнасці, аказалася адзінай краінай на постсавецкай прасторы, якая адкрыта падтрымлівае Маскву пасля развязанай ёй агрэсіўнай вайны супраць Украіны. 

«Рэгулярнасць сустрэч паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам сёлета сапраўды ўражвае», — піша выданне. Пры гэтым медыя адзначае, што зносіны палітыкаў адбываюцца выключна на тэрыторыі Расіі. Для Лукашэнкі гэта была ўжо шостая сустрэча за апошні год. 

Каментуючы словы Пуціна пра тое, што Расія будзе перадаваць Беларусі «Іскандэры» ў ядзерным выкананні, эксперт выдання Віктар Літоўкін адзначае, што бягучае становішча пакуль нават не варта параўноўваць з Карыбскім крызісам 1962 года.

«Тады справа даходзіла да патэнцыйнага прамога абмену ракетна-ядзернымі ўдарамі. Пакуль такога напружання паміж Масквой і Вашынгтонам, паміж Расіяй і НАТА не існуе», — адзначыў ён.

«Московский комсомолец»: Расія зробіць дакладна тое самае, што зрабілі ЗША ў Еўропе

Як сказаў выданню эксперт у галіне стратэгічных узбраенняў, пастаўкі Беларусі «Іскандэраў» і пераабсталяванне самалётаў беларускіх ВПС пад ядзерныя носьбіты Расія можа арганізаваць так, што не парушыць ніякіх міжнародных дамоўленасцяў.

Эксперт лічыць, што ракетныя комплексы «Іскандэр» з ядзернымі боезарадамі пастаўляць непасрэдна беларускай арміі Расія не будзе — гэтага рабіць пакуль не патрабуецца.

«Калі мы паставім Беларусі свае «Іскандэры» з ядзерным абсталяваннем, то гэта стане непасрэдным парушэннем палажэнняў Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Звычайна ў гэтым выпадку ў якасці контраргументу можна чуць, што амерыканцы, маўляў, захоўваюць сваю ядзерную зброю ў пяці еўрапейскіх краінах на шасці авіябазах (у Італіі яна ёсць на дзвюх базах). То чаму мы не можам зрабіць тое самае? Але тут варта ўлічваць адну важную акалічнасць: гэтыя базы хоць і знаходзяцца, скажам, у Італіі ці Германіі, але юрыдычна гэта амерыканскія базы. На такой базе знаходзяцца амерыканскія вайскоўцы, і толькі яны могуць эксплуатаваць і выкарыстоўваць гэтую зброю. І гэта зусім розныя рэчы. Адна рэч, калі зброя непасрэдна перадаецца нейкай краіне, і зусім іншая, калі сваю зброю яе ўладальнік эксплуатуе на тэрыторыі іншай краіны.

Бельгійскія, італьянскія, нідэрландскія або турэцкія самалёты, вядома, могуць у крытычны крызісны момант выкарыстоўваць гэтыя ядзерныя зарады. Аднак у мірны час усе ядзерныя бомбы знаходзяцца пад кантролем амерыканцаў. Яны нікому іх не перадаюць».

«Я мяркую, што і мы не будзем перадаваць такія боезарады беларусам, — кажа эксперт. — Думаю, мы дамовімся аб тым, каб мець на тэрыторыі Беларусі сваю ўласную базу захоўвання ядзерных боезарадаў. У гэтым выпадку гэтае ўзбраенне будуць захоўваць на нашых складах і яно будзе эксплуатавацца расійскімі вайскоўцамі. Тое самае тычыцца і тактычных авіяцыйных бомбаў. Ды і беларускія самалёты можна дапрацаваць пад носьбіты, але самі бомбы будуць знаходзіцца, ахоўвацца і абслугоўвацца на нашых базах, тады гэта стане сіметрычным адказам на тое, што ў Еўропе робяць амерыканцы. Такі варыянт я цалкам магу дапусціць».

Lenta.ru: Ход рэалізацыі саюзных праграм адпавядае заяўленым планам

У гутарцы з Lenta.ru палітычны каментатар Аляксандр Канькоў даў прагноз Саюзнай дзяржаве.

«Паняцце «Саюзная дзяржава» звязана з рыторыкай, з пастаянным дэклараваннем задач, прыярытэтаў, важнасці і гэтак далей. Але што тычыцца рэальных механізмаў, то тут, на жаль, складаўся пэўны дэфіцыт здольнасці прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць у абедзвюх дзяржавах», — лічыць Канькоў.

Фота: kremlin.ru

За апошнія некалькі гадоў ужо былі запушчаныя саюзныя праграмы, якія раней называліся дарожнымі картамі, паведаміў Канькоў.

«З запускам гэтых праграм быў анансаваны скачок у інтэграцыі Расіі і Беларусі. Сённяшняя дыскусія прэзідэнтаў з'яўляецца сведчаннем таго, што ход рэалізацыі саюзных праграм адпавядае заяўленым планам», — заявіў ён.

Пры гэтым палітычны каментатар адзначыў нерашучасць Лукашэнкі і дадаў, што такія ягоныя паводзіны могуць паўтарыцца. 

«Лукашэнка ў ранейшыя гады неаднаразова сведчыў аб прыхільнасці неабходнаму тэмпу інтэграцыі, але заўсёды знаходзіліся нейкія моманты, якія-небудзь дэталі, нейкія прэцэдэнты, якія перашкаджалі больш інтэнсіўнай хадзе інтэграцыйнага працэсу. Таму я б не быў настолькі аптымістычны», — сказаў Канькоў.

«Коммерсант»: Лукашэнка просіць зрабіць ход ядром

«Лукашэнка рабіў уражанне чалавека, якому не трэба шмат для шчасця: лета, хвалі, уласны квазіпорт і абыякавасць маючай адбыцца сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. І ўсё гэта ў яго ў гэты дзень было, можна сказаць, з лішкам», — у сваёй традыцыйнай іранічнай манеры піша журналіст выдання Калеснікаў.

«Тут сустрэліся два чалавекі, якім, здаецца, ужо і ніякіх слоў адзін аднаму прамаўляць не трэба: занадта добра адзін ведае, што можа сказаць яму іншы; ды і проста што можа», — працягвае ён. 

Наконт пытання размяшчэння ў Беларусі самалётаў, здольных несці ядзерныя зарады, журналіст піша: 

«Гэты ход не рабіў яшчэ пакуль Беларусь новай ядзернай дзяржавай. Але ён рабіў яе дзяржавай з ядзернай зброяй на тэрыторыі краіны. Калі Расія яе туды паставіць. А потым нацэліць. А яна можа. Няма кайданоў, няма тармазоў…»

Фота: kremlin.ru

«Яны далі зразумець, што транзіт праз Літву будзе. Ракетны. Адказалі, так сказаць. А то ўсё казалі: няма чым, няма чым…» — завяршае Калеснікаў свой тэкст. 

«Россия сегодня»: Здавалася б, адна маленькая Літва пахуліганіла…

Выданне «Украина.ру» (якое належыць холдынгу «Россия сегодня») канстатуе: інтэграцыя Беларусі ў еўразійскія структуры становіцца незваротнай.

«Раней, нягледзячы на ўсе просьбы Лукашэнкі, Расія старалася не праводзіць дадатковай мілітарызацыі беларускага кірунку. Умацоўваліся толькі сродкі СПА, аб'яднаныя ў адзіную сістэму. Аднак гэтым разам расійскі прэзідэнт раптам заявіў, што можна падумаць над мадэрнізацыяй беларускіх самалётаў, а таксама паабяцаў размясціць на беларускай тэрыторыі комплексы «Іскандэр», — піша выданне. 

Засталося пакуль што незразумелым, перадасць Расія комплексы Беларусі ці размесціць на яе тэрыторыі свае ракеты, але фармальна Пуцін казаў менавіта пра перадачу. 

«Мадэрнізацыя беларускай авіяцыі, з адпаведным навучаннем пілотаў, а таксама размяшчэнне на беларускай тэрыторыі комплексаў «Іскандэр» дае Расіі магчымасць у выпадку далейшага абвастрэння міжнароднай абстаноўкі ў лічаныя дні даставіць да гэтых носьбітаў ядзерныя зарады. У прынцыпе, іх можна ўпотайкі завезці ў Беларусь і размясціць на адпаведных складах загадзя. Тады ператварэнне звычайных ракет у ядзерныя, а самалётаў — у носьбіты ядзернай зброі, зойме і зусім некалькі гадзін», — піша выданне. 

«Здавалася б, адна маленькая Літва пахуліганіла, а свет адразу стаў значна бліжэйшы да Армагедона», — наракаюць расійскія прапагандысты. 

«Царьград»: Можна задумацца пра аб'яднанне Беларускай вобласці з Калінінградам, уключаючы тыя самыя «дзяржавы», якія валяюцца паміж нашымі тэрыторыямі

Расійскае чарнасоценнае шавіністычнае выданне «Царьград» піша пра кантэкст сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў агрэсіўнай, нацыяналістычнай манеры.

«Вы не паверыце, але, без жартаў, Наўседа — гэта прозвішча цэлага прэзідэнта, і не чаго-небудзь там, а проста вось самай сапраўднай еўрапейскай дзяржавы. Праблема ў тым, што дзяржава гэтая з колькасцю насельніцтва адной з акругаў Масквы перакрыла транзіт руска-беларускіх тавараў да нашага Калінінграда, які па непаразуменні не далучыў да сябе ў свой час гэтую самую дзяржаву ў якасці прыгарада. Здаецца, Аляксандр Рыгоравіч вырашыў выправіць гэта становішча», — пішуць чарнасоценцы. 

«Наогул, можна задумацца пра аб'яднанне Беларускай вобласці з Калінінградам, уключаючы тыя самыя «дзяржавы», якія валяюцца паміж нашымі тэрыторыямі», — адзначае калумніст. 

«Нешта падказвае, што самае цікавае ў Еўропе толькі пачынаецца. Калі старая Еўропа канчаткова загнецца, як гэта было ў Сярэднявеччы, без рускіх энерганосьбітаў, калі стоміцца мыцца пад дажджавой вадой і тапіць вугалем і мэбляй, калі спыняцца еўрапейскія вытворчасці, якія яшчэ не паспелі перавесці ў Кітай, пачнецца кульмінацыя барацьбы добрага з выдатным і паўстанне «жоўтых камізэлек» будзе здавацца выступам хору хлопчыкаў-рукадзельнікаў», — малюе апакаліптычную карціну прапагандыст.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера