Знайсці
28.06.2022 / 08:01РусŁacБел

Макрон Пуціну за чатыры дні да вайны: Я вельмі разлічваю на цябе. Не паддавайся на правакацыі, якія б яны ні былі

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон — адзін з галоўных заходніх перамоўцаў з Уладзімірам Пуціным (паводле свайго прызнання, з пачатку года размаўляў з ім па тэлефоне больш за сто гадзін). Адну з тэлефонных гутарак паміж імі, якая адбылася раніцай 20 лютага 2022 года, за чатыры дні да пачатку расійскага ўварвання, здабылі і апублікавалі журналісты швейцарскага выдання Le Temps разам з агенцтвам France-Presse.

Эмануэль Макрон: З нашай апошняй размовы напружанасць працягвае расці. Ты ведаеш маю прыхільнасць да дыялогу і рашучасць яго працягваць. Спачатку я б хацеў даведацца тваё бачанне сітуацыі, а пасля скажы мне наўпрост, як мы абодва робім гэта, якія твае намеры. Потым я хачу зразумець, ці ёсць яшчэ нейкія разумныя дзеянні, якія можна зрабіць, і што я магу табе яшчэ прапанаваць.

Уладзімір Пуцін: Што я яшчэ магу сказаць? Ты сам бачыш, што адбываецца. Ты і канцлер Шольц сказалі мне, што Зяленскі быў гатовы зрабіць жэст, што ён падрыхтаваў праект закона для імплементацыі Мінскіх пагадненняў. [ … ] Па факце наш дарагі калега спадар Зяленскі нічога не робіць. Ён хлусіць вам. [ … ] Я не ведаю, ці чуў ты яго ўчарашнюю заяву, што Украіна павінна мець доступ да ядзернай зброі.

Я таксама чуў твае каментарыі на прэс-канферэнцыі ў Кіеве 8 лютага. Ты сказаў, што Мінскія пагадненні павінны быць перагледжаныя, цытую, «каб іх можна было выкарыстаць».

Макрон: Уладзімір, па-першае, я ніколі не казаў, што Мінскія пагадненні павінны быць перагледжаныя. Я гэтага не казаў ні ў Берліне, ні ў Кіеве, ні ў Парыжы. Я сказаў, што яны павінны быць прынятыя, а іх палажэнні павінны выконвацца. У мяне зусім іншае ўяўленне пра падзеі апошніх дзён.

Пуцін: Паслухай, Эмануэль, я не разумею, у чым ваша праблема з сепаратыстамі. Ва ўсякім разе, яны зрабілі ўсё неабходнае, па нашым патрабаванні, каб пачаць канструктыўны дыялог з украінскімі ўладамі.

Макрон: Датычна таго, што ты сказаў, Уладзімір, некалькі заўваг. Па-першае, Мінскія пагадненні з'яўляюцца дыялогам з вамі, у гэтым ты абсалютна маеш рацыю. У гэтым кантэксце не чакалася, што асновай для абмеркавання стане дакумент, прадстаўлены сепаратыстамі. Дык вось, калі твой перамоўшчык спрабуе прымусіць украінцаў абмяркоўваць сепаратысцкую «дарожную карту», ён праяўляе непавагу да Мінскіх пагадненняў. Сепаратысты — не тыя, хто будзе ўносіць прапановы па [змене] ўкраінскіх законаў.

Пуцін: Вядома, у нас вельмі рознае бачанне сітуацыі. Падчас нашай мінулай размовы я нагадаў табе і нават прачытаў артыкулы 9, 11 і 12 Мінскіх пагадненняў.

Макрон: Яны ў мяне перад вачыма! Там выразна напісана, што прапанова Украіны павінна быць узгодненая з прадстаўнікамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей у рамках трохбаковай сустрэчы. Гэта менавіта тое, што мы прапануем зрабіць. Так што я не ведаю, дзе твой юрыст вывучаў права. Я проста гляджу на гэтыя тэксты і стараюся іх прымяніць! І я не ведаю, які юрыст мог табе сказаць, што ў суверэннай дзяржаве тэксты законаў складаюць сепаратысцкія групы, а не дэмакратычна абраныя ўлады.

Пуцін(раздражнёным тонам): Гэта не дэмакратычна абраны ўрад. Яны прыйшлі да ўлады ў выніку перавароту, там людзі гарэлі жыўцом, гэта была крывавая лазня, і Зяленскі — адзін з тых, хто нясе за гэта адказнасць.

Паслухай мяне ўважліва: прынцып дыялогу заключаецца ў тым, каб улічваць інтарэсы іншага боку. Прапанова існуе, сепаратысты, як ты іх называеш, накіравалі яе ўкраінцам, але не атрымалі адказу. Дзе тут дыялог?

Макрон: Але гэта таму, як я табе казаў, што нас не цікавяць прапановы сепаратыстаў. Мы просім, каб яны адказвалі на прапановы ўкраінцаў — і ўсё павінна быць зроблена менавіта такім чынам, бо гэта закон! Тое, што ты толькі што сказаў, выклікае сумневы ў тым, наколькі ты сам гатовы прытрымлівацца Мінскіх пагадненняў, калі, на тваю думку, табе даводзіцца мець справу з нелегітымнай уладай тэрарыстаў.

Пуцін (усё яшчэ вельмі раздражнёна): Паслухай мяне ўважліва. Ты мяне чуеш? Я паўтару яшчэ раз. Сепаратысты, як ты іх называеш, адрэагавалі на прапановы ўкраінскіх уладаў. Яны адказалі, але гэтыя ж улады не пайшлі за іх прыкладам.

Макрон: Так, добра. На падставе іх адказу на прапановы Украіны я прапаную табе, каб мы запатрабавалі ад усіх бакоў правесці сустрэчу ў рамках працоўнай групы — і працягнуць рухацца наперад. Ужо заўтра можна папрасіць, каб гэтая праца была праведзеная, і запатрабаваць ва усіх зацікаўленых бакоў адмовіцца ад палітыкі «пустога крэсла». Аднак апошнія пару дзён сепаратысты не выказвалі жадання ўступаць у гэтую дыскусію. Я неадкладна запатрабую гэтага ад Зяленскага. Мы дамовіліся? Калі так, то я пачну і заўтра запатрабую зладзіць сустрэчу.

Пуцін: Давай дамовімся — як толькі мы скончым нашу размову, я вывучу гэтыя прапановы. Але з самага пачатку трэба было ціснуць на ўкраінцаў, толькі ніхто не хацеў гэтага рабіць.

Макрон: Ну не, я раблю ўсё магчымае, каб падштурхнуць іх, ты добра гэта ведаеш.

Пуцін: Ведаю, але, на жаль, гэта неэфектыўна.

Макрон: Мне трэба, каб ты мне трошкі дапамог. Сітуацыя на лініі судакранання [бакоў канфлікту ў Данбасе] вельмі напружаная. Я сапраўды ўчора тэлефанаваў Зяленскаму і заклікаў яго да спакою. Я зноў яму скажу, што ўсім трэба супакоіцца: супакоіць [людзей] у сацыяльных сетках, супакоіць войска Украіны. Але што я яшчэ бачу — ты можаш заклікаць супакоіцца свае войскі, якія амаль занялі пазіцыі. Учора было шмат абстрэлаў. Што ты скажаш — як будуць развівацца [расійскія] вайсковыя вучэнні?

Пуцін: Вучэнні ідуць паводле плана.

Макрон: Гэта значыць, сёння ўвечары яны скончацца, так?

Пуцін: Так, верагодна сёння, але мы дакладна пакінем войскі на мяжы, пакуль сітуацыя ў Данбасе не вырашыцца. Рашэнне будзе прынятае пасля абмеркавання з міністэрствамі абароны і замежных спраў.

Макрон: Добра. Уладзімір, я скажу табе вельмі шчыра, для мяне першарадная задача — вярнуць абмеркаванне ў правільнае рэчышча і знізіць узровень напружанасці. І мне важна — і я сапраўды прашу цябе пра гэта — каб мы ўтрымалі сітуацыю пад кантролем. Цяпер гэта самае галоўнае. І я вельмі разлічваю на цябе. Не паддавайся на правакацыі, якія б яны ні былі ў наступныя гадзіны і дні.

Я хацеў зрабіць табе дзве вельмі канкрэтныя прапановы. Першае — у найбліжэйшыя некалькі дзён арганізаваць сустрэчу ў Жэневе паміж табой і прэзідэнтам Байдэнам. Я гаварыў з ім у пятніцу ўвечары і спытаў, ці магу зрабіць табе гэтую прапанову. Ён папрасіў табе перадаць, што ён гатовы. Прэзідэнт Байдэн таксама абдумваў прыдатныя спосабы дээскалацыі сітуацыі, каб пры гэтым улічыць твае патрабаванні і выразна падысці да пытання НАТА і Украіны. Назаві дату, якая табе падыходзіць.

Пуцін: Дзякуй вялікі, Эмануэль. Для мяне заўсёды вялікае задавальненне і вялікі гонар гаварыць з тваімі еўрапейскімі калегамі, як і са Злучанымі Штатамі. І мне заўсёды вельмі прыемна гаварыць з табой, паколькі ў нас даверлівыя адносіны. Так што, Эмануэль, я прапаную ўсё перайграць. Перш за ўсё, трэба загадзя падрыхтаваць гэтую сустрэчу. Толькі пасля гэтага мы зможам казаць — інакш, калі мы прыйдзем вось так, каб пагаварыць пра ўсё і ні пра што, нас усе проста асудзяць.

Макрон: Але ці можна сёння сказаць, па выніку гэтых абмеркаванняў, што мы ў цэлым дамовіліся? Я б хацеў атрымаць ад цябе ясны адказ. Я разумею тваё нежаданне называць дату, але ці гатовы ты забегчы наперад і сказаць: «Я хачу правесці двухбаковую сустрэчу з амерыканцамі, а пасля — пашыраную з еўрапейцамі»? Ці не?

Пуцін: Гэта прапанова, якая заслугоўвае ўвагі, і калі ты хочаш, каб мы яе добра сфармулявалі, то я прапаную даручыць нашым дарадцам стэлефанавацца, каб дамовіцца [ … ] але ў цэлым я згодны.

Макрон: Вельмі добра, ты пацвердзіў, што агулам згодны. Я прапаную нашым супрацоўнікам [ … ] паспрабаваць падрыхтаваць сумесную заяву, нешта накшталт прэс-рэлізу па выніках гэтай размовы.

Пуцін: Шчыра кажучы, я збіраўся пагуляць у хакей. Гавару з табой са спартзалы перад трэніроўкай. Але спачатку я патэлефаную сваім дарадцам.

Макрон: У любым выпадку, дзякуй табе, Уладзімір. Будзем на сувязі. Як што-небудзь праясніцца — тэлефануй мне.

Пуцін (па-французску): Дзякуй вам, спадар прэзідэнт.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
107
Ха-ха
13
Ого
13
Сумна
2
Абуральна
35
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930