Знайсці
28.06.2022 / 09:49

«Вельмі хацеў бы працаваць у Беларусі»: доктар Мартаў пра помсту за кнігу, жыццё пасля арышту і выезд з краіны

Доктар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, былы загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, расказаў, што стала сапраўднай прычынай яго арышту 23 лютага 2022 года і як у турме, слухаючы дзяржаўнае радыё, ён не ведаў, што пачалася вайна. Цяпер доктар у бяспецы, ён выправіўся ў падарожжа па розных краінах, дзе спыняецца ў сяброў і чытае лекцыі. Што адбываецца з медыцынай у Беларусі, ён расказаў у інтэрв'ю Радыё Свабода.

«23 лютага адбыўся суд, на якім я атрымаў 7 сутак, фармальна за бел-чырвона-белыя колеры»

— Давайце вернемся ў люты 2022 году, калі вас арыштавалі на 7 сутак за бел-чырвона-белы сьцяжок на аватарцы ў Фэйсбуку. Раскажыце, што адбывалася? Арышт супаў з завяршэньнем першага сэзону вашага падкасту «На вайне з COVID-19».

— 21 лютага выйшаў апошні, сёмы эпізод першай часткі падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» (падкаст быў зроблены на падставе першай часткі кнігі доктара Мартава «Віцебск — Бэргама», прысьвечанай першай хвалі пандэміі каранавірусу. — РС). У гэты дзень, як мне патлумачылі, адбыўся званок у Віцебскую і ў Лепельскую пракуратуру і РУУС. 22 лютага ў мяне быў вобшук, і мяне арыштавалі. 23 лютага адбыўся суд, на якім я атрымаў 7 сутак. Фармальна за бел-чырвона-белыя колеры.

Мне ўдалося пераканаць судзьдзю, што гэта ня сьцяг, а колеры. Хоць сьцяг у нас не забаронены, і я казаў, што абсалютна мірным чынам ён быў зьменены на чырвона-зялёны, і такім жа чынам можа быць зьменены назад на бел-чырвона-белы, і ў гэтым няма нічога незаконнага. На гэтым мы і пагадзіліся, але 7 сутак я атрымаў, таму што мая аватарка ў Фэйсбуку не была ўзгодненая зь лепельскім райвыканкамам (такая фармулёўка) і, адпаведна, была расцэненая як незаконнае пікетаваньне.

Я не супраціўляўся, па вялікім рахунку. Не наймаў адваката. Гэта цяпер бессэнсоўна. Адседзеў 7 сутак і пасьля гэтага падумаў, што мне рабіць далей. 5 сутак я быў у адзіночцы, потым зьявіліся сукамэрнікі, яны ўсе цікавіліся, што робіць доктар у турме. Я ня мог нармальна сфармуляваць, пакуль сам не пачаў аналізаваць. Я сеў за сваю кнігу пра COVID-19, за яе першую частку я атрымаў 7 сутак.

— Я патлумачу, як на Свабодзе зьявіўся падкаст «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19». Гэта кніга доктара Мартава, ён яшчэ працуе над ёю. Зь першай часткі кнігі мы зрабілі падкаст, у якім да аповеду доктара Мартава дадалося шмат кантэксту і галасоў самых розных людзей. Гэта, сярод іншага, і заявы Аляксандра Лукашэнкі і высокіх мэдычных чыноўнікаў пра каранавірус. Праца над першым сэзонам падкаста заняла пэўны час, і калі ён быў гатовы, Свабоду і ўсе яе сацсеткі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Нягледзячы на рэальную небясьпеку, доктар Мартаў прыняў рашэньне, што падкаст павінен выйсьці, бо гэта вельмі важна для грамадзтва.

— Гэтая кніга павінна мець свайго чытача, аўдыёкніга ці падкаст — свайго слухача. Мне падаецца, гэта вельмі важны матэрыял, таму яна выйшла. І таму я быў пакараны. Так бывае.

«З турмы я выйшаў у іншую рэальнасьць, бо пачалася вайна, і мы ў ёй удзельнічаем»

— Вам вынесьлі прысуд за дзень да таго, як пачалася вайна Расеі супраць Украіны з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі. Як вы даведаліся пра вайну ў турме? Што адчулі?

— За кратамі круглыя суткі працавала радыё, уначы любілі ўключаць струнныя канцэрты, асабліва Вівальдзі. Гэта зрабіла на мяне моцнае ўражаньне. Але зь першага каналу беларускага радыё нельга было зразумець, што пачалася вайна. Былі нейкія словы, выступаў Лукашэнка, і я не зразумеў, што пачалася вайна, да таго моманту, як да мне ня трапілі першыя сукамэрнікі на шостыя суткі. Тады я даведаўся, што пачалася вайна, што на Ўкраіну напалі, у тым ліку з тэрыторыі маёй роднай Беларусі. Я гэтым быў шакаваны больш, чым тым, што я сеў у турму. З турмы я выйшаў у іншую рэальнасьць, бо пачалася вайна, і мы ў ёй удзельнічаем. І закрываць вочы на гэта нельга. Гэта, канечне, катастрофа.

— Пасьля жніўня 2020-га мы чулі тысячы расказаў беларусаў пра тое, як яны былі за кратамі. Тым ня менш да гэтага немагчыма быць падрыхтаваным. Вы — аўтарытэтны доктар, выратавалі тысячы жыцьцяў людзей — і трапілі за краты. Што там было для вас найбольш абуральна, непрымальна?

— Для мяне як для доктара ўмовы за кратамі былі дзіўныя. Гэта не турма, не калёнія, гэта каменны мяшок. Прагулак няма. Вывад у туалет двойчы на суткі. Два дні зь сямі, што я сядзеў, быў вывад у туалет раз за суткі. Паняцьця гігіены няма як клясу. Пакуль мне не перадалі на другія суткі зубную шчотку, пасту і ручнік, пра гэта размовы не было. Шчыра кажучы, гэта не падобна да 21 стагодзьдзя, і нават да 20 стагодзьдзя. Гэта ж грамадзкае месца, грамадзка значнае месца, дзе можа быць куча людзей, і там увогуле адсутнічае такі панятак, як гігіена, як сацыяльная гігіена.

На шосты дзень да мяне ў камэру трапіў хлопец, які ўсім сказаў, у тым ліку міліцыянтам, што ён хворы на ковід. У яго былі 6-я ці 7-я суткі. Нікога гэта ня ўразіла. Чалавек у камэры з ковідам. Ну і што? Мне не перадавалі бялізну і цёплыя рэчы. Таблеткі не перадавалі да суду. Калі мае родныя абурыліся, праз двое сутак перадалі мае лекі ад ціску і сардэчныя лекі. Стала лягчэй.

Быў яшчэ цікавы момант. Вядома, што ў пятую хвалю Лукашэнка фактычна абвясьціў забарону на масачны рэжым. У многіх установах, крамах, грамадзкім транспарце былі забароненыя таблічкі «Насіце маскі». І адзіная ўстанова, якая слушна выконвала масачны рэжым, — гэта міліцыя, гэта Міністэрства ўнутраных спраў. Калі мяне прывялі ў РУУС, там усе былі ў пальчатках, у масках, быў санітайзэр. Абавязкова трэба было апрацаваць рукі і надзець маску. Допыт толькі ў масцы. Усе сочаць, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў не хварэлі.

— Але ня вязьні, якія потым трапляюць у камэру…

— Там ужо ня важна. Галоўнае, каб служывыя былі на пасту і не хварэлі.

«Асноўная задача была — мне крыху заткнуць рот, напалохаць, а самае галоўнае — атрымаць доступ да маіх гаджэтаў»

— Чым вы тлумачыце, што атрымалі адносна невялікі тэрмін для 2022 году — 7 сутак?

— Я думаю, што я паставіў два рэкорды. Першы — абгрунтаваньне прысуду «аватарка ў Фэйсбуку без узгадненьня з райвыканкамам», а другі — тэрмін меншы за меншы, 7 сутак. Грэх скардзіцца. Як я разумею, асноўная задача была — мне крыху заткнуць рот, напалохаць, а самае галоўнае — атрымаць доступ да маіх гаджэтаў. Мой тэлефон, пляншэт і ноўтбук маёй жонкі па-ранейшаму не вярнулі. Іх можна вывучаць, можна шукаць мне тэрміны. Думаю, што гэта было асноўнае. Хоць я не разумею, што там хочуць знайсьці.

На допытах пасьля выхаду з турмы вельмі цікавіліся маім удзелам у нейкіх апазыцыйных структурах і гэтак далей. Іх вельмі цікавіў сайт «Карнікі Беларусі», каб тыя, хто мяне асуджаў, ня трапілі ў гэтыя «карнікі». Гэта цікавы псыхалягічны момант. Я люблю назіраць і аналізаваць. З гэтага атрымліваюцца добрыя кнігі, напэўна.

— Ці запытваліся наўпрост пра падкаст, пра вашу кнігу пра каранавірус?

— Не. Мне проста назвалі дзень і час, калі пазванілі зь Віцебску і сказалі, што ў вас тут на раёне сядзіць доктар Мартаў, глядзіце за ім, зьвярніце ўвагу на ягоны фэйсбук. Я ня думаю, што лепельскае РУУС было заклапочанае маім фэйсбукам і якая ў мяне там аватарка.

«Я выправіўся падарожнічаць»

— Калі было прынятае рашэньне часова выехаць зь Беларусі? Наколькі гэта было для вас складана?

— Я да гэтага паставіўся крыху інакш. Пасьля звальненьня я амаль год «адбыў» у вёсцы. Мне вельмі падабалася. Але гэта гульня на паніжэньне. Вельмі добра пісаць кнігі, пра нешта думаць. Старыя ўражаньні добра асэнсоўваюцца, а новых уражаньняў вельмі мала. Турма прымушае падумаць, чым я ўсё ж займаюся і што рабіць далей. Улічваючы, што я вольны ад працы, я выправіўся падарожнічаць. Я не лічу, што я пакінуў Беларусь, я зьяўляюся ў Беларусі.

Я ежджу па сваіх сябрах і калегах. Усе мяне рады бачыць. Усе даюць магчымасьць пажыць у іх некаторы час. У нейкім горадзе я нават чытаў свае мэдычныя лекцыі. Я гэта ўмею, я ў гэтым запатрабаваны. У Менск прыяжджаў. Мне вельмі цікава сустракаць калегаў, размаўляць зь імі пра мэдыцыну, беларускую і расейскую. З тымі, хто зьехаў, кантактую пераважна ў сацыяльных сетках. Я магу свабодна вярнуцца, прыехаць, зьехаць. Я свабодны чалавек, я не асуджаны. Я не лічу сябе злачынцам.

«Я нармальны доктар анэстэзіёляг-рэаніматоляг, і я мог бы дапамагаць людзям»

— Больш за год доктар вашай кваліфікацыі, вашага досьведу — бяз працы, не запатрабаваны ў Беларусі. Як вы расцэньваеце гэтае рашэньне мэдычнага начальства? Выглядае, што вашы патэнцыйныя пацыенты падчас апошніх хваляў пандэміі не атрымалі той дапамогі, якую вы маглі аказаць…

— Нічога добрага тут няма. Ёсьць дэфіцыт мэдыкаў. Ёсьць дэфіцыт анэстэзіёлягаў. Ва ўсім сьвеце дэфіцыт. Пра гэта гавораць нашы начальнікі, пішуць у мэдычных газэтах. Я ня думаю, што гэта слушнае рашэньне. Зьняць мяне з загадчыка аддзяленьня — гэта нармальна. Загадчыкі могуць ня быць даспадобы, але чалавек, які мае дыплём, павінен проста працаваць і аказваць дапамогу ў меру сваіх магчымасьцяў. Я нармальны доктар анэстэзіёляг-рэаніматоляг, і я мог бы дапамагаць людзям. Гэта першае.

Другое. Акрамя мяне, вельмі шмат людзей звольнілася з палітычных і не з палітычных матываў і зьехала ў Расею, Польшчу, Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Я ў жаху ад колькасьці і ад якасьці тых, хто зьехаў. З майго шпіталя два чалавекі зьехалі ў Нямеччыну. Вельмі дрэнна сябе адчувае моладзь. У мяне была цікавая праца, я любіў пэдагагічную працу. Ніколі не забараняў людзям асвойваць новыя мэтады, наадварот, стымуляваў іх да гэтага. Для моладзі гэта вельмі важна. Моладзь прыходзіць у аддзяленьне, якое інтэлектуальна апускаецца. Гэта тое, чаго мы найбольш баімся — пераліваньня маладога віна ў старыя мяхі, бо гэтае віно вельмі хутка скісае. І мы можам проста не атрымаць спэцыялістаў, якіх маглі б атрымаць, калі б яны мелі добрую школу, падрыхтоўку.

«У другую хвалю каранавірусу я мог кантактаваць на ўсіх узроўнях — ад міністра да санітарачкі»

— Пасьля звальненьня вясной 2021 году вы пачалі пісаць кнігу з рабочай назвай «Віцебск — Бэргама» пра каранавірусную пандэмію ў Віцебску. Гэта ўнікальныя сьведчаньні спэцыяліста, які знаходзіўся ў самым пекле — ратаваў людзей у рэанімацыі. І тыя, хто слухаў першы сэзон, ведаюць, наколькі гэта было складана і як шмат ахвяраў забраў каранавірус. Пра што другі сэзон?

— У мяне была ўнікальная пазыцыя. У другую хвалю каранавірусу я мог кантактаваць на ўсіх узроўнях — ад міністра да санітарачкі. Я бачыў, на якіх узроўнях якія рашэньні прымалі.

Тады ж адбылося маё канчатковае расчараваньне ў сфармаванай сыстэме мэдычнай дапамогі ў Беларусі, якая плюнула на ўсё і казала, што само неяк пройдзе. Гэта дзікасьць, гэта няслушна. Усе мае выступы таго часу трапілі ў падкаст, у тым ліку мой выступ на Tut.by пра тое, што да другой хвалі не рыхтаваліся, таму што важнейшыя былі аўтазакі. Гэта стала відавочна на нейкім этапе.

Для мяне другая хваля аказалася маральна нашмат цяжэйшаю, чым першая. У першую хвалю ніхто нічога ня ведаў — ні мы, ні кіраўніцтва. Гэта крыху нагадвала цяжкую хвалю, якая нас накрыла. Хто застаўся жывы, узьняліся з каленяў. Агледзеліся, палічылі страты і сталі аналізаваць, што рабіць далей, як з гэтым змагацца, бо мы чакалі другой хвалі.

А ў другую хвалю проста ня сталі рыхтавацца, бо сыстэма вырашала іншыя задачы. З мэдычнага пункту гледжаньня гэта няслушна, гэта катастрофа. І ўрэшце ўся гэтая сыстэма, канечне, рухнула. Кожны быў пакінуты на самога сябе. Кожны доктар на сваім пасту рабіў тое, што ўмеў. Ніякай дапамогі яму, канечне, не аказвалі. А ўся дапамога — прыгожыя лёзунгі. Што тычыцца лёзунгаў, то чым далей, тым болей.

Цяпер лёзунгі працягваюцца. Прасьцей абвясьціць, як мы ўсё і ўсіх перамаглі. А што трэба зрабіць, каб сказаць, што мы перамаглі? Трэба закрыць статыстыку, звольніць нязгодных. А згодныя скажуць: так, напэўна, перамаглі.

— Цяпер лета, не сэзон для каранавірусу, людзі атрымалі перадышку, каранавірусная інфэкцыя паступова сыходзіць альбо трансфармавалася ў менш небясьпечныя формы. Што б вы сказалі людзям, якія пачнуць слухаць гэты падкаст? Чаму ваш аповед пра лета-восень 2020 году важны цяпер?

— Па-першае, гэта мы. Можна вярнуцца ў 2020 год, у другую хвалю, і паглядзець, што мы тады сабой уяўлялі, на што разьлічвалі. Гэта гісторыя. У падкасьце, акрамя майго расповеду, ёсьць аўдыёфрагмэнты падзей таго часу. Мне гэта вельмі спадабалася, бо сам тэкст сухаваты, а калі ён разбаўлены важнымі тэматычнымі ўстаўкамі, гэта робіць большае ўражаньне.

Па-другое, там шмат інфармацыі пра канкрэтную працу з пацыентамі. Шмат нюансаў і цікавых момантаў, у тым ліку — якія прэпараты тады зьяўляліся і чаму. Яшчэ цікавая тэма, як да нас у якасьці пацыентаў восеньню 2020 году траплялі сілавікі. Я доўга над гэтым разважаў, і, думаю, пра гэта будзе цікава пачуць.

І трэцяе. У нас у шпіталі зьмянілі галоўнага лекара. У першую хвалю зьнялі галоўнага лекара, прыстойнага чалавека, а ў другую хвалю прызначылі новага. Можна паглядзець, як абсалютна новы чалавек, які прыехаў да нас з Пскова, які ня ведае, што такое карона (ён прызнаўся ў гэтым), адаптаваўся да нашых рэалій. А яму выпала восень 2020 году. Было складана. І цікава паглядзець, як элемэнты мэдычнай дапамогі адаптуюцца да найцяжэйшай сытуацыі.

«Са жніўня 2020 году ва ўсіх установах, і ня толькі мэдычных, але і адукацыйных, мянялі прафэсійных людзей на больш ляяльных»

— Не хачу спойлерыць, але тыя праблемы, якія вы агучваеце ў другім сэзоне, — ці працягваюцца яны? Што ў вашым шпіталі ў Віцебску цяпер адбываецца?

— Дык гэта ня толькі ў маім шпіталі. Са жніўня 2020 году ва ўсіх установах, і ня толькі мэдычных, але і адукацыйных, і мэдычна-адукацыйных, мянялі рэктараў, дэканаў, мянялі прафэсійных людзей на больш ляяльных. І раней былі ляяльныя, якія існавалі ў гэтай сыстэме шмат гадоў, але і іх мянялі і рабілі сыстэму ўсё больш кіраванай. І гэтыя людзі атрымлівалі проста іншыя заданьні, яны выконвалі іншыя функцыі.

Калі гаварыць пра галоўных лекараў, то ў іх станавілася ўсё меней і меней функцый аказаньня мэдычнай дапамогі, а ўсё больш іншых функцый. Тыя, хто праслухаў першую сэрыю другой часткі маёй кнігі, пачулі, наколькі важныя аказаліся мэдыкі ва ўсіх падзеях, якую яны ўяўлялі не пагрозу, а, напэўна, усё ж сілу. Людзі адчулі салідарнасьць і сталі выказваць свае меркаваньні, і ўлада адчула пагрозу ў мэдыках, і былі прыкладзеныя вялікія намаганьні для таго, каб гэтых мэдыкаў уціхамірыць.

Колькі было маршаў салідарнасьці, існавалі мэдычныя тэлеграм-каналы. Гэта важна ўспомніць і падумаць, якой цаной было дасягнутае ўціхамірваньне мэдыкаў, каб яны замаўчалі, забылі пра сваю думку, забылі пра салідарнасьць, каб яны зноў сталі кіраванымі. У асноўным гэта было дасягнута, а колькі людзей пры гэтым было страчана, колькі зьехала, колькі сядзіць! Гэта трэба ўспомніць, бо гэта важна.​

«Аптымісты выжываюць лепей, а ў аптымістаў-мэдыкаў пацыенты выжываюць лепей»

— Як вы ацэньваеце тое, што цяпер адбываецца з мэдыцынай у Беларусі?

— Настрой ня надта ў тых, каго я ведаю, хто застаўся працаваць у Беларусі. Пануе пэсымізм. Гэта вельмі дрэнна, бо аптымісты выжываюць лепей, а ў аптымістаў-мэдыкаў пацыенты выжываюць лепей. Людзі ня бачаць нармальных пэрспэктываў. Пры тым, што сьвет не стаіць на месцы, мэдыцына разьвіваецца. І калі ў нас на мэдыцыну часам выдзяляюцца грошы, яны часам знаходзяцца і іх могуць нават не шкадаваць, то гэта ўсё тычыцца нейкіх тэхнічных пытаньняў.

Купяць новы апарат МРТ, новы апарат КТ і іншыя розныя высокатэхналягічныя рэчы, але гэта мае ня самае прамое дачыненьне да мэдыцыны, бо жалеза — гэта жалеза. Лечаць усё ж мазгі, лечаць рукі.

Калі гаварыць пра апошні эпізод у гісторыі беларускай мэдыцыны, — гэта арышт маіх калегаў дактароў-артапэдаў. Трыццаць пяць, а потым яшчэ некалькі арыштавалі. Нехта выйшаў ужо, мае знаёмыя сядзяць, бо яны не прызналі сябе вінаватымі. Іх проста ўзялі ў закладнікі і чакаюць, калі яны заплацяць. Гэта ўсё выглядае проста жахліва.

Анэстэзіёлягаў ня так многа, артапэдаў яшчэ меней, асабліва тых, што яшчэ ўмеюць хадзіць у апэрацыйныя, а не сядзяць у паліклініках (гэта розны ўзровень у прафэсіі, хоць і тыя, і тыя важныя). І калі арыштоўваюць 35 дактароў адной прафэсіі, тых, хто яшчэ ўмее хадзіць у апэрацыйныя, то я ня ведаю, хто ўвогуле застаецца хадзіць у апэрацыйныя, наколькі ўвогуле можна аказаць мэдычную дапамогу. Гэта ня мае дачыненьня да аказаньня мэдычнай дапамогі. І гэта катастрофа.

«Я вельмі хацеў бы працаваць у Беларусі»

— Зь вясны 2021 году ў рэанімацыю вы ня ходзіце, ня маеце магчымасьці працаваць паводле спэцыяльнасьці ў Беларусі. Цяпер, як я зразумела, вы езьдзіце па розных мясьцінах, лекцыі чытаеце, трэцюю частку кнігі дапісваеце. Ці будзе ў вас магчымасьць працаваць паводле спэцыяльнасьці? Магчыма, у іншай краіне?

— Я вельмі хацеў бы працаваць у Беларусі, і я на гэта разьлічваю. Я адпрацаваў практыкуючым лекарам 30 гадоў. Мне падаецца, гэтага дастаткова. Мне зараз даспадобы пэдагагічная, асьветніцкая дзейнасьць. Мы нядаўна скончылі адзін важны праект, у якім я быў рэдактарам перакладу мэдычнай кнігі па штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Шукаем яшчэ новыя праекты. Гэтым можна займацца, вучыць калегаў, перадаваць ім свой досьвед. А досьвед у мяне вялікі. І я хацеў бы гэтым займацца. Я спадзяюся, што гэта будзе запатрабавана ўсё ж у Беларусі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
44
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
17
Абуральна
16
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31