Знайсці
05.07.2022 / 08:57РусŁacБел

Ад 20 да 100 адсоткаў у плюс. Як змяніліся цэны на тэхніку ў параўнанні з лютым 

Паглядзелі, як ад пачатку вайны змяніліся цэны на бытавую тэхніку і некаторыя іншыя тавары. І знайшлі пазіцыю, якая стала таннейшай.

Тэлевізары

Па стане на 4 ліпеня, самая танная прапанова на OLED тэлевізар LG, дыяганаллю 55 цаляў, складае 3999 рублёў (1540$). У студзені яго мінімальны кошт быў 3344 рублі, ці 1286 даляраў. Такім чынам, тэлевізар за гэты перяд падаражэў прыблізна на 20%, як у рублевым, так і ў валютным выражэнні. (Бягучы курс рубля адносна даляра амаль такі самы, як і ў лютым. Разлік вядзецца па курсе 2,6 рубля за даляр). 

Фота тут і далей: скрыншот з сайта onliner.by

Аднак плюс 20 адсоткаў да цаны — гэта яшчэ дробязі. Так, напрыклад, тэлевізар Samsung дыяганаллю 32 цалі, які ў лютым прадавалі па цэнах ад 824 рублёў (каля 315$), цяпер каштуе мінімум 1197 рублёў (460$). Прырост склаў 45% ад даваеннай цаны. 

Падобная сітуацыя з тэлевізарам Xiaomi, які дадаў у цане больш за 40 адсоткаў у параўнанні з лютым. Да пачатку вайны яго прадавалі за 1512 рублёў, ці 580$, цяпер яго можна набыць мінімум за 2139 рублёў (каля 790$).

Пральныя машыны

Адзначым, што значнаму падаражэнню падверглася не толькі бытавая тэхніка замежнай вытворчасці, але і рэчы з пазнакай «зроблена ў Беларусі».

Так, пральная машына ATLANT, якую ўзімку можна было набыць за 768 рублёў (каля 295$), зараз каштуе 1029 рублёў (каля 395$). Такім чынам, айчынная пралка падаражэла прыблізна на 34%.

Таксама на 34 адсоткі падаражэў і халадзільнік ATLANT, які зараз прадаецца па цэнах ад 870 рублёў супраць 650 пяццю месяцамі раней.

Крыху лепш выглядае сітуацыя з прадукцыяй беларускага брэнда GЕFEST. Напрыклад, варачная панэль, якая ў лютым каштавала 366 рублёў (каля 140$), цяпер выстаўлена за 438 рублёў, ці амаль 170 даляраў. Падаражанне ў параўнанні з лютаўскай цаной склала каля 20 адсоткаў.

Мабільныя тэлефоны

«Народны» iPhone 11 на 128 GB зараз можна набыць па цане ад 1900 рублёў (730$), у той час як у лютым гэты смартфон прадаваўся за 1695 рублёў (каля 650$). Прырост усяго 12,3%. 

Амаль не змянілася цана на iPhone 12 на 64 GB. У параўнанні з лютым прырост склаў усяго 50 рублёў. Цяпер гэты смартфон каштуе 2050 рублёў (каля 790$) замест 2000 пяццю месяцамі раней. 

У той жа час флагман ад Apple — iPhone 13 Pro на 128GB — увогуле патаннеў і цяпер дасяжны па цэнах ад 3180 рублёў (1223$). Узімку ён каштаваў на 14,5 рубля даражэй. 

Ноўтбукі

Ноўтбук Lenovo, які зараз каштуе 2297 рублёў (каля 880$), у лютым можна было купіць за 1920 рублёў (каля 740$). Такім чынам, прырост склаў амаль 20%.

Адна з мадэляў ноўтбука фірмы HP, якая зараз дасяжна па цане ад 3918 рублёў (каля 1500$), у лютым была выстаўлена за 2832 рублі (1100 даляраў). Прырост склаў каля 38 адсоткаў.

Маторныя алеі

Яшчэ адна група тавараў, на якую мы вырашылі звярнуць увагу, апроч тэхнікі, — маторныя алеі, якія ўжо некалькі месяцаў у дэфіцыце. 

Так, напрыклад, чатыры літры сінтэтычнага алею Shell Helix HX8 5W-40 цяпер прадаюцца па цэнах ад 150 рублёў (каля 58$), у той час як у лютым такі самы тавар прадавалі па 79 рублёў (каля 30$) за 4 літры. Амаль стоадсоткавае падаражанне.

Крыху менш вырасла цэна на расійскі «Лукойл». Чатыры літры Genesis Universal 5W-40 дадалі ў цане 75%: 39 рублёў (15$) у лютым супраць 68 (каля 26$) у ліпені.

Маторны алей Total 10W-40 да вайны прадавалі па 55 рублёў (21$) за 4 літры, цяпер мінімальны кошт у каталозе — 100 рублёў (38$).

Чытайце таксама: 

Ад унітазаў да аўтазапчастак. Якія тавары завозяцца ў Беларусь па шэрых схемах і колькі на гэтым зарабляюць пасярэднікі

Да канца ліпеня супраць Расіі і Беларусі могуць прыняць сёмы пакет санкцый

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031